Пра такіх, як Аляксандр Юхневіч, кажуць: “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”

506

ЁСЦЬ тэорыя, што людзі ўсяго свету знаёмыя паміж сабой праз шэсць поціскаў рукі. Не ведаю, ці сапраўды гэта так у маштабах планеты, а што ў межах Мядзельшчыны дзякуючы раёнцы амаль ўсе мы ведаем адно аднаго — дакладна.

Вось і зараз: пішу пра інжынера-энергетыка УП “Ілаўскае” Аляксандра Юхневіча, а пра яго малодшую дачку Дар’ю — медалістку, стабальніцу і ўжо студэнтку медінстытута — расказвалі на газетных старонках летась.

На сходзе актыву па падвядзенні вынікаў работы народнай гаспадаркі за мінулы год Аляксандру Іосіфавічу аб’явілі падзяку старшыні райвыканкама. Ёй папярэднічалі больш за два дзесяцігоддзі сумленнай працы на прадпрыемстве. У падпарадкаванні інжынера-энергетыка цяпер паўтара дзясятка чалавек: слесары, качагары, электрыкі. Усе разам забяспечваюць бесперабойную працу завода — вядома, тэхнічны бок.
Тэхніка вабіла Аляксандра Юхневіча яшчэ са школы (у старэйшых класах вучыўся ў Будслаўскай — той самай, якую летась так паспяхова закончыла дачка). І цяпер мужчына з удзячнасцю прыгадвае свайго настаўніка фізікі Васіля Фёдаравіча Дземідовіча, які навучыў паяць схемы. Тады гэта быў модны накірунак, здорава было самому, напрыклад, сабраць радыёпрыёмнік. Цікавасць да тэхнікі і прывяла ўраджэнца Яцкавіч у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

Пра такіх, як Аляксандр Юхневіч, кажуць: “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”. На вялікай планеце, дзе, ёсць тэорыя, усе знаёмыя праз шэсць поціскаў рукі, месцам працы ён абраў завод непадалёку ад роднай вёскі…

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота з архіва рэдакцыі.