З возерам Нарач усё добра, або Не карміце белых лебедзяў

377

ЖЫХАРЫ вёскі Пасынкі працягваюць выказваць занепакоенасць станам возера Нарач (пра гэта газета неаднойчы пісала). Цяпер звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай высветліць, якая пазіцыя па ўзнятых пытаннях у навукоўцаў Нарачанскай біялагічнай станцыі імя Вінберга Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маўляў, як яно там на самай справе — з навуковага пункту гледжання? Таму мае сённяшнія суразмоўцы — кандыдаты біялагічных навук: начальнік біястанцыі Ганна ЖУКАВА і намеснік начальніка Юлія ВЕРАС.

— Лепш за навуковых супрацоўнікаў біястанцыі самае вялікае возера краіны наўрад ці хто ведае…

Ю. В.: — Сапраўды, маем звесткі пра яго за многія гады назірання. Нарачанская біялагічная станцыя існуе з 1947 года, а з 1978-га вядзе сістэматычныя назіранні на азёрах Нарач, Мястра і Баторына. Маніторынг праводзіцца па многіх паказчыках, але найбольш паказальныя для шырокага кола зацікаўленых — утрыманне ў вадзе хларафілу, празрыстасць і канцэнтрацыя агульнага фосфару. Паглядзім, напрыклад, першы паказчык: у нейкі момант хларафілу было вельмі шмат, потым стала мала. Аналагічная сітуацыя і па канцэнтрацыі агульнага фосфару. А вось празрыстасць, наадварот, павялічылася. Здарылася гэта на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя.

— Чаму?

Ю. В.: — Навуковы калектыў гідрабіёлагаў, пачаўшы сістэмныя назіранні, убачыў, што з возерам адбываюцца змены: у параўнанне з папярэднімі назіраннямі стала шмат хларафілу і фосфару, зменшылася празрыстасць. Высветлілі: справа ў тым, што вакол возера шмат палёў, жывёлагадоўчых ферм. Арганічныя рэчывы ў возера, відавочна, трапляюць адтуль. Каб паправіць сітуацыю, была прынята Дзяржаўная праграма аздараўлення возера Нарач. У рамках яе рэалізацыі ад берага былі аднесены палі, з водазборных тэрыторый вынесены жывёлагадоўчыя комплексы. Быў пабудаваны калектар па зборы сцёкавых вод з узбярэжжа і станцыя іх ачысткі. Гэта дало добрыя вынікі. Па-другое, дапамагла прырода: прыкладна ў гэты ж час у возеры пасяліўся і пачаў распаўсюджвацца малюск, які з’яўляецца актыўным фільтратарам вады ад арганічнага забруджвання. Ну і па-трэцяе… Вы ж памятаеце 1990-я: быў спад і ў сель­скай гаспадарцы, і ўвогуле ў эканоміцы. У выніку ўздзеянне чалавека на возера зменшылася. Зараз мы маем нізкае ўтрыманне ў вадзе хларафілу і фосфару, досыць высокую празрыстасць. Задача — утрымаць паказчыкі на такім узроўні.

 

 

— Жыхары Пасынак б’юць трывогу. Маўляў, перш на берагах возера пасвілася жывёла, людзі касілі. А зараз усё зарастае, бераг забалочваецца, квакаюць жабы. Чарот гніе, пах ад яго — не падысці… Што скажаце?

Г. Ж.: — Усё змяняецца: і жыццёвы ўклад у людзей, і само возера. Нельга сказаць, што, калі каровы хадзілі па беразе, гэта было добра. Усё, што адбываецца з возерам
зараз — нармальна. І тое, што зарастае, і тое, што жабы квакаюць. Гэта натуральныя працэсы. І — так! — яно паступова зарастае і некалі знікне. Толькі будзе гэта вельмі яшчэ няхутка, праз многія тысячагоддзі. Сёння з возерам усё добра.
Ю. В.: Яшчэ варта разабрацца, якія там жабы квакаюць. Толькі азёрныя жывуць у вадзе. Усе жабы на перыяд размнажэння шукаюць вільготную мясцовасць. Але ніякія, акрамя азёрных, не маюць непасрэднай сувязі з возерам, і па факце таго, што яны квакаюць, немагчыма меркаваць, забалочваецца яно ці не. Да таго ж, ёсць і натуральныя папуляцыйныя ўспышкі. Павялічваецца колькасць жаб — больш квакаюць. Паніжаецца — менш. Гэта натуральныя хвалі колькасці.

— А што пра непрыемныя пахі?

— Г. Ж.: — Гэта таксама натуральны працэс. Яго прычыны — адміранне не толькі чароту, але і тых жа малюскаў. Калі вада рэзка праграецца, і ўсё, што ў ёй назапасілася, пачынае раскладацца. Гэта звычайна бывае ў маі — пачатку чэрвеня. Да сярэдзіны лета берагавая лінія ўжо чыстая, пахаў няма.

— Дык, можа, правільней усё ж было б скасіць чарот?

— Г. Ж.: — Вядома, лю­дзям хочацца камфорту. Каб скасілі чарот, зрабілі пляж, пад’езд да вады… Але, па-першае, гэта не зусім добра для возера. А па-другое, калі, напрыклад, насыпаць пляж, гэта не значыць, што ён такім і захаваецца. Ну і да таго ж, калі камусьці хочацца, каб было зусім чыста і роўна — яму ў басейн, а не на возера. Калі ж казаць пра кашэнне чароту, то рабіць гэта можна. Але толькі ўзімку, калі ён сухі — па лёдзе. Да таго ж, скошаны чарот трэба сабраць, а не пакінуць у возеры.
— Ю. В.: — Касіць чарот летам, калі там гняздуюць птушкі — няправільна. Да таго ж, улетку яго роля вельмі важная. Каб вада ў возеры была чыстая, прыбярэжная зона павінна функцыянаваць. Яна выступае ў якасці буфера — затрымлівае рэчывы, якія трапляюць з вадазборнай тэрыторыі. Чарот перахоплівае сцёкі з палёў, выкарыстоўвае арганічныя рэчывы для ўласнага росту. А вось узімку яго скасіць можна. Не тое што трэба, а менавіта можна. Хаця, належыць прызнаць, кашэнне чароту з далейшым выкарыстаннем, напрыклад, у будаўніцтве, часцей праводзяць на балотах — экана­мічна гэта больш мэтазгодна.

— Жыхары Пасынак выказвалі думку, што забалочванне спрыяе цэркарыёзу, у выніку ўсе пакусаныя, а колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу не адлюстроў­вае рэальных маштабаў праблемы…

Г. Ж.: — Забалочванне — гэта калі на кавалак раней сухой глебы нейкім чынам падымаецца вада, там пачынаюць расці хвашчы і сфагнумы. Потым, магчыма, туды прыйдзе чарот, але гэта будзе не хутка — год праз 50. Пра забалочванне берагоў Нарачы сёння гаварыць няма падстаў. Да таго ж, гэты працэс у любым выпадку не мае адносін да цэркарыёзу. Хутчэй за ўсё, людзі мелі на ўвазе разрастанне чароту ў возеры — гэта не забалочванне, а зарастанне вадаёма. Маштабнага зарастання Нарачы няма: дзесьці чароту робіцца больш, дзесь­ці — менш. І — так! — зарастанне і цэркарыёз ускосна звязаны: у чароце гняздуюць птушкі, да яго могуць мацавацца малюскі. Але цэркарыі цудоўна абыходзяцца і без зараснікаў чароту.

Ю. В.: — Праблема цэркарыёзу існуе не толькі ў нашых азёрах. Падобная карціна на шэрагу азёр у Заходняй Еўропе і ў Амерыцы — калі на беразе абшырная курортная зона. Адкуль прыходзіць праблема? У возеры ёсць малюскі — і гэта нармальна. На возеры жывуць птушкі — і гэта таксама нармальна. Паміж імі цыркулююць паразіты — і ад гэтага таксама нікуды не падзецца. Пакуль папуляцыя трымаецца на пэўным узроўні, праблемы няма. Але вось ля вадаёма з’яўляецца шмат лю­дзей, яны пачынаюць прыкормліваць птушак. Тыя смялеюць, выходзяць на месца купання людзей. Налета пасля зімоўкі вяртаюцца на прыкормленае месца. Расце канцэнтрацыя птушак — з’яўляецца ачаг захворвання. І ад гэтага найперш пакутуюць птушкі і малюскі (у іх арганізмах масава развіваюцца паразіты), чалавек — у трэцюю чаргу. Птушкі і малюскі хварэюць, ім дрэнна — проста яны не плачуць.

Г. Ж.: — Калі ж лічынка трапіць у скуру чалавека, яна там гіне, і пачынаецца запаленчы працэс, які суправаджаецца свербам, у некага можа падняцца тэмпература. Найбольш церпяць схільныя да алергічных рэакцый, але і ў іх звычайна ўсё праходзіць без наступстваў. Непрыемна, вядома. Але варта прызнаць, што чалавек церпіць ад цэркарыёзу менш за ўсіх астатніх.

З возерам Нарач усё добра, або Не карміце белых лебедзяў

— Якое ж выйсце?

Г. Ж.: — Рэкамендацыі агульнавядомыя: купацца ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, заходзіць у ваду адразу на глыбіню — для гэтага на пляжах ёсць пантоны. Праўда, апошняя рэкамендацыя не падыходзіць дзецям: ім на глыбіні небяспечна. Пасля купання трэба прыняць душ і расцерціся ручніком. Ёсць і рэкамендацыя перад купаннем абмазваць сябе, напрыклад, вазелінам. Так, лічынка не пераадолее такі бар’ер, але ж хіба прыемна купацца, абмазаўшыся тлустым крэмам? Ёсць сутачныя цыклы выдзялення ў ваду цэркарыяў — у ранішнія і дзённыя гадзіны шанцаў сустрэцца з лічынкай больш. Вечарам рызыка змяншаецца. І ўсё ж трэба прызнаць: калі дзіця будзе доўга ў вадзе, яго, хутчэй за ўсё, пакусаюць. Так што кожны вызначае сам, купацца ў возеры ці лепш пайсці ў басейн. Можна правесці паралель: чалавек, які ідзе ў грыбы, разумее, што яго пакусаюць камары. Але ж усё роўна ідзе.
Ну а каб праблема хутчэй страціла вастрыню, трэба перастаць прыкормліваць пту­-
шак — іншага выйсця няма. Трэба разумець, што ў стварэнні ачага цэркарыёзу вінаваты людзі, якія кормяць лебедзяў. А не чарот, не птушкі, не малюскі. І тым больш не возера.

— Няўжо няма спосабаў вырашыць праблему хутка і радыкальна?

Ю. В.: — Калі ачаг цэркарыёзу з’явіўся, ад яго складана пазбавіцца. Да нас прыязджалі спецыялісты па гэтым пытанні, расказвалі. На адным еўрапейскім возеры аб’явілі каранцін — закрылі турыстычную зону, здаецца, на 10 год (наўрад ці мы можам сабе такое дазволіць). Пасля гэтага стала крыху лепш…

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота з архіва рэдакцыі.