Камфартабельная гасцініца «Нарач» чакае кліентаў

236

d0b3d0ba_d0bdd0b0d180d0bed187d18c-1У КАНЦЫ жніўня мінулага года ў курортным пасёлку Нарач пасля капітальнага рамонту прыняла наведвальнікаў пяціпавярховая камфартабельная гасцініца. Яе абнаўленне зроблена ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады. Сёння прапануем гутарку з начальнікам гасцінічнага комплексу «Нарач» У. У. БАРАВЫМ.

— Уладзімір Уладзіміравіч, ці многа людзей ужо скарысталася паслугамі гасцініцы?

— З адкрыццём крыху спазніліся, бо заканчваўся сезон адпачынку. І тым не менш, на­ша папулярнасць узрастае. За студзень, напрыклад, засяленне гасцініцы складала 60 працэнтаў. А гэта добры паказчык для аб’ектаў такога тыпу. Што датычыць летніх месяцаў, упэўнены, жадаючых пасяліц­ца будзе больш, чым мы зможам прыняць.

— Рэканструкцыя была грандыёзная. Што канкрэтна тут змянілася? Дабудавалі адзін паверх?..

Сённяшняя гасцініца ні ў якое параў­нанне не ідзе з той, якая была раней. 60 працэнтаў нумарнога фонду — гэта нумары катэгорыі «Lux», «Lux superior», «Lux pre­mium». Астатнія 40 працэнтаў — гэта нумары эканомкласа: аднапакаёвыя ад­намесныя «Singl» і аднапакаёвыя двухмесныя «Studio». У кожным нумары сучасная мэбля, тэлевізар, халадзільнік, сейф, санвузел з душам, Wi-Fi, сістэма клімат-кантролю. img_2724Спакойнае знаходжанне пражываючых забяспечвае ўласная служба бяспекі, сістэма відэаназірання, электронныя замкі, дэтэктары дыму і пажарная сігналізацыя. На будучае плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю, абсталяваць аўтастаянку. Някепска мець сваю лазню ці spa-цэнтр.

— Ведаю, што на навагоднія святы вы прымалі гасцей. Адкуль яны і ці многа іх было?

— Што датычыць колькасці, то нам не хапіла дзевяці ложкаў, давялося тэрмінова іх дастаўляць. Загрузка гасцініцы была звыш ста працэнтаў.

— Прабачце, а на колькі месцаў яна разлічана?

— На 83 месцы. З улікам таго, што дастаўляем ложкі, можам пасяліць 136 чалавек. З 31 снежня мінулага года да 9 сту­дзеня ў нас пражывалі расіяне, 92 чалавекі. Толькі адзін нумар з 48 наяўных быў заселены беларусамі.

— Што вы змаглі ім прапанаваць апроч пражывання?

— Многія з іх жылі і забаўляліся па сваім жаданні. Асобныя праходзілі курс лячэння ў санаторыі «Нарач». Там яны і сталаваліся, бо тады мы не маглі забяспечыць лю­дзей харчаваннем. Многія з задавальненнем удзельнічалі ў экскур­сійных паездках. Мы прапанавалі
восем экскурсійных маршрутаў: ездзілі ў Мінск, Полацк, па славутых мясцінах Мядзельшчыны.

Нядаўна прымалі дванаццаць чалавек з Расіі на паляў­нічы тур. Жылі яны ў гасцініцы. Ім прадастаўляліся паслугі егера, транспартныя.

— Ці адчуваеце праблему падбору кадраў?

— Пакуль не. Калектыў гасцініцы невялікі — 26 чалавек. Многія работнікі працавалі яшчэ да  рэканструкцыі. А што датычыць навічкоў — то ўсе яны мясцовыя жыхары.

— Людзі з якіх краін скарысталіся паслугамі вашай гасцініцы?

— Першымі, а гэта было ў пачатку верасня, пасяліліся англічане — 45 чалавек. Потым — невялікая група немцаў. Прыемна тое, што ў той групе былі тры азербайджанцы. Ім вельмі спадабалася і цяпер, калі зноў прыехалі на Мя­дзельшчыну, пасяліліся менавіта ў нас.

— Каб працаваць з замежнікамі, неабходна ведаць іх мову. Як вырашаецца гэта пытанне?

— У рэгістратуры пра­цуюць адміністратары, якія ў агульным валодаюць чатырма замежнымі мовамі. Ёсць такое патрабаванне, каб у трохзоркавай гасцініцы адмініст­ратары валодалі як мі­німум двума мовамі. У нас адзін — валодае трыма замежнымі мовамі, яшчэ адзін — у дасканаласці ведае нямецкую мову. Калі пасяліліся да нас англічане, то яны былі прыемна здзіўлены тым, што да іх адміністратар звяртаецца на іх роднай мове.

d0b8d0b7d0bed0b1d180d0b0d0b6d0b5d0bdd0b8d0b5-123— Як людзі даведваюцца пра вас?

— Мы рэкламуем свае паслугі праз турыстычныя фірмы. Але многія чэрпаюць цікавячыя іх звесткі ў інтэрнэце. На будучае ёсць задума арганізаваць online браніраванне нумароў, праз інтэрнэт праводзіць разлікі за гасцініцу і іншыя паслугі.

— Калі ласка, кораценька пра цэны. Ці па кішэні яны людзям?

— Калі ўлічваць тое, што гасцініца трохзоркавая, цэны памяркоўныя. Кошт нумароў эканомкласа ад 105 да 130 тысяч рублёў на чалавека. Многія фірмы, якія накіроўваюць у камандзіроўкі людзей, дазваляюць сабе аплачваць іх пражыванне ў нас. Зразумела, ёсць і такія нумары, пражыванне ў якіх абыходзіцца ў суткі больш чым па 300 тысяч. Дарэчы, на зімовы час у нас устаноўлены сезонныя скідкі, якія будуць дзейнічаць да 1 красавіка.

— Дзякую за размову.

— Калі ласка. Прыязджайце да нас, бу­дзем заўсёды рады.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: гасцініца «Нарач»; тут можна не толькі камфортна пражываць, але і заняцца ў вольны час спортам; куток для адпачынку.

Фота Таццяны Несцярэнка.