Калі справа па душы

211

Калі справа па душыТЭАТР пачынаецца з вешалкі, а санаторый — з рэсэпшн. Псіхолагамі даўно ўстаноўлены факт, што адным з асноўных фактараў, якія фарміруюць агульную карціну пра штосьці, з’яўляецца першае ўражанне. Менавіта тое, як успрымаецца намі разглядаемы аб’ект у першыя секунды знаёмства і ўплывае на далейшыя адносіны да яго. Гэта ж правіла справядлівае і для санаторыяў. Мяркуйце самі: чалавек доўгі час дабіраўся да здраўніцы, стаміўся. Настрой не з лепшых. Адміністратар — першы чалавек, з якім ты знаёмішся пасля прыезду, гэта, можна сказаць, твар здраўніцы і ўсяго курорта. Вельмі важна, каб на гэтай пасадзе працаваў ветлівы, уважлівы, шчыры, добразычлівы чалавек. Такі, як, напрыклад, Таццяна Анатольеўна Філіпчык з санаторыя «Прыазёрны».

Пятнаццаць гадоў яна працуе на пасадзе адміністратара. Зараз цяжка, нават і немагчыма, падлічыць, колькі тысяч чалавек яна сустрэла ў здраўніцы.Працуючы адміністратарам, патрэбна быць добрым арганізатарам, псіхолагам, неабходна ўмець не дапускаць, а прадугледжваць і згладжваць магчымыя канфліктныя сітуацыі. Менавіта Т. А. Філіпчык так і робіць. Кожнаму наведвальніку здраўніцы яна аддае часцінку свайго сэрцы. Таму многія, хто сёння прыязджае ў санаторый, убачыўшы адміністратара, радасна вітаюць яе. Яны ведаюць, што гэта жанчына зробіць усё магчымае, каб першыя гадзіны прабывання на гасціннай Нарачанскай зямлі былі беспраблемнымі.

— Жыву ў Падмаскоўі. У «Прыазёрным» адпачываю пяты раз. Мне вельмі шанцуе, што ў дзень заезду адміністратарам працуе Анатольеўна. Гэта шчыры, адказны, добразычлівы чалавек. Яна заўсёды сустракае людзей з ветлівай усмешкай, тактоўна ўсё растлумачыць, дасць грунтоўныя адказы на ўзнікшыя пытанні. Дзякуй ёй за клопат, уважлівасць, чалавечнасць, — зазначае адпачываючая Марыя Іванаўна. — Больш бы нам сустракаліся на жыццёвым шляху такія людзі…

Лічу, што варта падрабязна расказаць пра Таццяну Анатольеўну. На Мядзельшчыну яна прыехала са Слоніма. Адразу ўладкавалася ў здраўніцу. А было гэта гадоў дваццаць таму. І ўвесь час жанчына працуе на пасадзе адміністратара.

— Калектыў адміністратараў у нас невялікі, тры чалавекі, дружны і зладжаны. Прыклад ва ўсім падае старшы адміністратар Людміла Пятроўна Усовіч. Гэта вельмі адказны чалавек, шчыры і добразычлівы. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу іншым, — зазначае Т. А. Філіпчык.

Шмат добрых слоў выказала Таццяна Анатольеўна і ў адрас калегі Людмілы Аляксандраўны Паўлоўскай, якая таксама вопытны і адказны адміністратар.

— Чым вас прыцягвае работа? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

— Працую з людзьмі. Кожны дзень сустракаюся з новымі адпачываючымі — гэта цікава. Праўда, клопатаў таксама шмат. Бываюць і такія людзі, якім усё не гэтак. Яны пастаянна чымсьці незадаволены. Але стараешся чалавеку растлумачыць, дапамагчы ў яго праблемах. Часта прыязджаюць пастаянныя адпачываючыя. Яны здалёку шчыра вітаюцца, цікавяцца здароўем, навінкамі санаторыя, — чую ў адказ. — Гэта радуе, натхняе на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў.

Дарэчы пра абавязкі. Іх у адміністратара шмат. Належыць прыняць адпачываючага, аформіць неабходныя дакументы, пасяліць у нумар, растлумачыць, дзе знаходзяцца ўрачы, пазнаёміць з распарадкам дня і многае іншае. Але, як расказала Т. А. Філіпчык, усё гэта яна і калегі выконваюць з задавальненнем. Інакш працаваць нельга, калі ты дбаеш пра санаторый, пра калектыў.

— Калектыў у нас добры. Клопатам пра іншых, пра абнаўленне здраўніцы, укараненне новых тэхналогій і працэдур, паляпшэнне бытавых умоў жыве дырэктар санаторыя Аляксей Аляксандравіч Шапяцько, яго намеснікі, наш непасрэдны кіраўнік — начальнік аддзела маркетынгу Сяргей Георгіевіч Нехвядовіч. З імі добра і лёгка працаваць, — кажа Таццяна Анатольеўна.

Лёгка працаваць сказана ўмоўна. Бо бываюць дні, калі за змену больш паўсотні чалавек ад’язджае і такая ж колькасць прыязджае. Але калі работа па душы, то гэтыя цяжкасці адыходзяць на другі план.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: адміністратар санаторыя «Прыазёрны» Т. А. Філіпчык.

Фота аўтара.