“Думалі, едзем за мяжу. А прыехалі — як на радзіму”. Якія ўражанні ў дзяцей з Данецкай вобласці ад “Зубраняці”

200

УПЕРШЫНЮ хвалявалася, едучы ў “Зубраня”. Як і пра што буду гаварыць з гэтымі дзецьмі? Пра вайну, вырашыла, — дакладна не. Занадта балючая тэма.

Хваляванні былі дарэмнымі. Тэма, якой так баялася, прамільгнула толькі аднойчы. Дзеці расказалі, што ў дарозе моцна ўразіў першы вялікі горад, які праязджалі ўжо цямном: на вуліцах — яркія агні і мноства людзей. “Гэта было так дзіўна, — падзяліліся. — У нас жа каменданцкая гадзіна, вечарам на двор выходзіць нельга”. А потым наперабой гаварылі пра “Зубраня” і ўбачанае ў Беларусі:

  • Тут шмат сасонак, а ў нас не растуць. А бярозы і ў нас ёсць, але выглядаюць па-іншаму;
  • Дарогі тут добрыя, роўныя;
  • У “Зубраняці” паветра лясное, чыстае. Не такое, як у вялікім горадзе;
  • Важатыя ўсе вельмі маладыя. Гэта вельмі добра, з імі лепш адно аднаго разумеем, чым з больш сталымі людзьмі; Адно толькі дрэнна ў “Зубраняці”: увесь час мы занятыя, ані хвілінкі вольнай. Але, з іншага боку, гэта і добра, бо няма калі лайдачыць. Цяпер і дома не буду губляць час марна. Маме скажу: “Можа, табе дапамагчы?”;
  • Кормяць смачна. Тут упершыню пакаштаваў сасіску ў цесце; Хутар Неслуч спадабаўся;
  • А мне — жывёлы; Скульптуры прыгожыя. Абавязкова сфатаграфую, як нам аддадуць тэлефоны;
  • Учора ў вялікім свяце ўдзельнічалі. Яно было прысвечана дружбе Беларусі і Расіі. Як добра, калі народы сябруюць!
  • Гурток тут цікавы ёсць. Я на ім сувенір зрабіла з пап’е-машэ;
  • А мне больш робататэхніка падабаецца.

Казалі яшчэ, што не адчулі сябе ў чужой краіне: моўнага бар’еру няма і адносіны добразычлівыя — як да сваіх. А калі нехта адзін зазначыў: “Думалі, едзем за мяжу. А прыехалі — як на радзіму”, астатнія згодна заківалі галовамі.

І было ў гэтым нешта ледзь не да слёз кранальнае.

“Думалі, едзем за мяжу. А прыехалі — як на радзіму”. Якія ўражанні ў дзяцей з Данецкай вобласці ад “Зубраняці” “Думалі, едзем за мяжу. А прыехалі — як на радзіму”. Якія ўражанні ў дзяцей з Данецкай вобласці ад “Зубраняці”

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.