Абноўлены корпус чакае гасцей

230

p5290118ПРЫГАДВАЮ чэрвень 2006 года. Пасля рэканструкцыі ў санаторыі «Нарачанскі бераг» адкрываўся спальны корпус №2. З гэтай нагоды на Мядзельшчыну завіталі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Л. П. Козік і іншыя адказныя асобы. Тады Леанід Пятровіч зазначыў, што гэта толькі пачатак вялікай работы, якая будзе праведзена па мадэрнізацыі спальных корпусаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы здраўніцы. І словы прафсаюзнага лідара не разышліся са справай. Санаторый  развіваецца толькі дзякуючы інвестыцыям уласніка, якім з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.За апошнія два з паловай гады было інвеставана шмат грашовых сродкаў. Толькі на мадэрнізацыю корпуса №3 выдзелена больш за чатыры мільярды рублёў. Дарэчы, ён уве­дзены ў эксплуатацыю ў пачатку чэрвеня мінулага года. І вось у гісторыі здраўніцы чарговая падзея: 29 мая 2012 года пасля рэканструкцыі ўводзіцца ў эксплуатацыю спальны корпус №1.

На тэрыторыі санаторыя з раніцы гучыць музыка. На «біс» успрымаюцца ўдзячнымі гледачамі, а гэта ў пераважнай большасці адпачываючыя і работнікі здраўніцы, якія не заняты непасрэдна на сваіх працоўных месцах, выступленні знакамітай на Мядзельшчыне Таццяны Хрол. Многія не ўстрымліваюцца і пад заўзятыя мелодыі кідаюцца ў скокі. Па- радаваў прысутных сваім выступленнем і народны ансамбль «Паазер’е» з Пастаў…

Да мікрафона падыходзіць вядучая ўрачыстасці, загадчыца аддзела культурна-масавай і вучэбна-выхаваўчай работы Н. А. Купрэвіч. Наталля Аркадзьеўна шчыра ўсіх вітае са знамянальнай падзеяй, адкрыццём корпуса №1, ці як яна заўважыла — уваходзінамі, і прадстаўляе гасцей свята. Гэта старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Пятровіч Козік, генеральны дырэктар санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Бел­прафсаюзкурорт» Анатолій Юр’евіч Васкевіч, старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Даніленка, дырэктар будаўнічай арганізацыі «Гарант якасці» Максім Уладзіміравіч Падабед, генеральны дырэктар прадпрыемства «Белпрафбуд» Іван Рыгоравіч Шчэрба, старшыні галіновых рэспубліканскіх камітэтаў прафсаюза, начальнікі ўпраўленняў і службаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, галоўныя ўрачы санаторыяў сістэмы «Белпрафсаюзкурорт». Духмяным караваем сустрэлі гасцей гаспадары.

Першаму слова прадастаўляецца Л. П. Козіку. Ён прывітаў прысутных і падкрэсліў:

— Сёння важная падзея: закончылі рэканструкцыю яшчэ аднаго жылога корпуса санаторыя «Нарачанскі бераг». Наперадзе яш­чэ рамонт галоўнага корпуса. Упэўнены, што ў хуткім часе і гэ­ту работу выканаем. А ў цэлым толькі шэсць гадоў таму ўзяліся за рэканструкцыю здраўніцы. І сёння бачны вынікі гэтай работы…

Шчырыя словы падзякі выказаў Л. П. Козік мясцовай выканаўчай уладзе і асабіста старшыні райвыканкама А. І. Даніленку за падтрымку і дапамогу ў вырашэнні многіх задач.

— Хачу запэўніць, што ўсё прадугледжанае Дзяржаўнай праграмай развіцця Нарачанскага рэгіёну па нашых аб’ектах будзе выканана своечасова і ў поўным аб’ёме. Тут, на Мядзельшчыне, у нас некалькі аб’ектаў. Гэта санаторый «Нарач», турыстычны комплекс «Нарач» з яго філіяламі «Швакшты» і «Нарачанка», — падкрэсліў Леанід Пятровіч. — Дарэчы, на туркомплексе «Нарач» заканчваецца рэканструкцыя корпуса, які прастаяў пятнаццаць гадоў. Там будзе цудоўны санаторый на 500 месцаў з добрай медыцынскай базай, спартыўнай залай, басейнам. Тры паверхі новага будынка аддадзены пад лячэбныя кабінеты, у якіх устаноўлена сучаснае медыцынскае абсталяванне. Пэўны аб’ём работы належыць выканаць у санаторыі «Нарач»…

Словы падзякі накіраваў прафсаюзны лідар будаўнікам, якія займаліся рэканструкцыяй корпуса, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Асабліва членам будаўнічай аргані­зацыі «Гарант якасці». Шчырую падзяку і добрыя пажаданні  адрасаваў прамоўца працоўнаму калектыву санаторыя, адпачываючым.

Хачу зазначыць, што ўсе госці, якія прыехалі на свята, прывезлі падарункі. Іх можна было ўбачыць у фае корпуса. А вось старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі асабліва парадаваў гаспадароў. Ён падараваў уборачную машыну  «МУ-320», якая зманціравана на базе трактара «Беларус».

Затым слова было прадастаўлена старшыні раённага выканаўчага камітэта А. І. Даніленку, які шчыра павіншаваў калектыў з такой знамянальнай падзеяй у іх жыцці — адкрыццём пасля рэканструкцыі спальнага корпуса. Выказаў Аляксандр Іванавіч шчырыя словы па­дзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і асабіста Леаніду Пятровічу Козіку за падтрымку, фінансаванне для далейшага развіцця здраў­ніц. Звяртаючыся да прысутных,
А. І. Даніленка падкрэсліў:

— Калі ў вас з’явяцца дзелавыя прапановы і вы жадаеце рэалізаваць інвестыцыйны праект на Нарачанскай зямлі, калі ласка. У зручны для вас час мы заўсёды гатовы разгледзець вашы прапановы.

Аляксандр Іванавіч таксама запрасіў прысутных часцей наведвацца ў наш край, каб адпачыць, умацаваць здароўе, падзяліцца сваім вопытам, штосьці пераняць у нас. Калектыву санаторыя ён пажадаў поспехаў і квітнення.

Цёплыя словы падзякі ў адрас старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Л. П. Козіка адрасаваў у сваім выступленні галоўны ўрач здраўніцы Л. У. Кісель.

— Сёння адкрываем не проста спальны корпус, а абноўлены санаторый, — зазначыў Леанід Уладзіміравіч. — Бо паралельна з развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы здраўніцы развівалася і ўмацоўвалася яе медыцынская частка, за што шчырая падзяка генеральнаму дырэктару рэспубліканскага санаторна-курортнага аб’яднання «Белпрафсаюзкурорт» Анатолію Юр’евічу Васкевічу. Мы заўсёды знаходзім разуменне і падтрымку раённай выканаўчай улады на чале з Аляксандрам Іванавічам Даніленкам.

Цікавымі былі выступленні генеральнага дырэктара санаторна-курортнага ўнітарнага прадпры­емства «Белпрафсаюзкурорт» А. Ю. Васкевіча, дырэктара будаўнічай арганізацыі «Гарант якасці» М. У. Падабеда і іншых прамоўцаў.

Наступае самы адказны момант. Неабходна перарэзаць чырвоную стужку. Выканаць гэту ганаровую місію даручаецца старшыням Федэра­-
цыі прафсаюзаў Беларусі Л. П. Ко­-
зіку, райвыканкама А. І. Даніленку і генеральнаму дырэктару санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт» А. Ю. Васкевічу.

Ёсць такое народнае паданне, каб у доме была весялосць, узаемапавага, парадак, пяшчота, першым патрэбна пусціць ката ці кінуць клубок нітак. Вось і вядучая, перш чым запрасіць гасцей у корпус, кінула клубок нітак, каб каціўся ў «чырвоны» куток, каб сюды спяшаліся людзі з усёй нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа.

Госці з задавальненнем агле­дзелі нумары. Уразілі іх сучасная мэбля, утульнасць і прастора. Тут створаны добрыя ўмовы для адпачынку. Далёка не кожная здраўніца можа пахваліцца падобнымі нумарамі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Пераразаюць чырвоную стужку старшыні Фе­дэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Л. П. Ко­зік, райвыканкама А. І. Даніленка і генеральны дырэктар санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Белпрафсаюзкурорт» А. Ю. Васкевіч; 2. Госці ўрачыстасці.

Фота Таццяны Несцярэнка.