Жыццё і песні Вікторыі Багінскай

487

Вікторыя Яцына (Багінская) — карэнная жыхарка нашага горада. Тут нарадзілася, расла. Пасля заканчэння Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі ў 2013 годзе стала навучэнкай Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага. Займалася на аддзяленні “вакал (акадэмічны)”.

Праз чатыры гады дыпламаваным спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Стала працаваць хормайстрам у Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу.

Памятаю Вікторыю на сцэне яшчэ школьніцай. Пацікавілася ў яе, калі яна стала спяваць.

— У дзіцячым садзе. Быў аб’яўлены конкурс “Мисс Дюймовочка”. Я ў ім удзельнічала, — успамінае. — Памятаю, як мама з цёткай вучылі мяне спяваць песню пра маманцяня… Па сутнасці, з таго часу і пачалася мая творчая кар’ера. Спявала на святочных мерапрыемствах у дзіцячым садзе, школе. У падлеткавы перыяд выступала і на раённай сцэне. Але то ха­дзіла ў ГДК на гурток, то не хадзіла… Сур’ёзна занялася спевамі, калі ў гарадскі Дом культуры прыехала на працу выпускніца Маладзечанскага музычнага каледжа Марына Вярэніч. Яна з Занарачы. Дзяўчына так захапіла нас, што з радасцю бегалі на заняткі, рэпетыцыі. Я спявала тады ў складзе вакальнай групы, выступала ў сольных нумарах. Лічу, што ў многім дзякуючы менавіта Марыне я і сама стала навучэнкай музычнага каледжа і звязала сваё жыццё з песняй.

Вікторыя паведаміла, што практычна з таго часу, як працуе ў Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу, там адкрылася студыя вакалу для дзяцей, якой нязменна кіруе. Яе ўдзельніцы часта выступаюць на раённай сцэне. Іх можна ўбачыць і на ўсіх мерапрыемствах у курортным пасёлку.

— Вучу дзяўчынак правільнай пастаноўцы дыхання, вакальным прыёмам, тэхніцы выканання, разам ствараем сцэнічныя вобразы, — працягвае Вікторыя Ігараўна. — Працую і над тым, каб не баяліся сцэны, упэўнена, свабодна сябе на ёй адчувалі. Лічу, што гэта дапаможа ім і ў далейшым жыцці.

— Якія ўдзельніцы студыі самыя актыўныя?

— Склад вакалістаў пастаянна абнаўляецца: нехта пакідае студыю, хтосьці далучаецца. Прыходзяць і дашкольнікі. Аднак пастаянны касцяк захаваўся. Даволі паспяхова выступаюць на канцэртах, удзельнічаюць у конкурсах. Напрыклад, дыпламантамі міжнароднага конкурсу “Гомель Сет” сталі дуэт у складзе Ганны Авецян і Соф’і Губскай, салістка Аляксандра Бабровіч. Яшчэ на адным прэстыжным конкурсе летам Ганна Авецян заняла першае месца, а Алена Бабровіч атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Жыццё і песні Вікторыі Багінскай

 

 

— Вы ж самі таксама ўдзельнічаеце ў конкурсах, канцэртах?

— Так. Цяпер больш выступаю на раённых, абласных мерапрыемствах. Даводзілася прадстаўляць культуру Міншчыны і на рэспубліканскіх святах. Спявала сёлета на галоўнай сцэне на абласных “Дажынках” у Стоў­бцах, на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне, на абласным мерапрыемстве, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нас у Мя­дзеле… Ахвотна ўдзельнічаю ў конкурсах — раённых, абласных. Была пераможцам у конкурсе патрыятычнай песні, лаўрэатам рэгіянальнага конкурсу “Адна зямля”…

— Што дае вам сцэна?

— Выступленні на канцэртах, удзел у конкурсах — гэта добры вопыт, магчымасць паказаць сябе, раскрыцца, самарэалізавацца. Дзякуючы сцэне адчуваю сябе і ў жыцці больш упэўнена. Спевы, сустрэча з гледачамі дастаўляюць радасць, задавальненне. Адчуваю, што гэта сапраўды маё. Хочацца ўкладваць у кожнае выкананне песні эмоцыі, сілу, урэшце, сваю душу. Кожнаму выхаду на сцэну ў якасці канкурсанткі, удзельніцы канцэрта садзейнічае пастаянная вялікая праца над сабой, над голасам. Каб быў вынік, трэба з адпаведнай перыядычнасцю займацца вакальнымі практыкаваннямі, рабіць спецыяльную гімнастыку, удасканальвацца. Бо толькі так можна быць запатрабаванай.

Вікторыя — маладая матуля. З мужам Віталём выхоў­вае двухгадовага Міраслава. Сыну падабаецца бываць у мамы на рабоце. Калі пачуе музыку, спрабуе танцаваць, падпявае.

— Акрамя таго, працую музычным кіраўніком у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці курортнага пасёлка Нарач, — працягвае мая суразмоўца. — Разам з малымі рыхтую ранішнікі, праводжу іншыя мерапрыемствы. І гэта мне вельмі падабаецца.

— А як муж ставіцца да вашай неспакойнай працы? Не крыўдуе, што часта затрымліваецеся, не бываеце дома па выхадных і святочных днях?

— У сям’і пытанняў няма. Муж разумее сутнасць працы культработніка. Ва ўсім падтрымлівае, дапамагае. Хаджу без праблем на рэпетыцыі, конкурсы, агляды, канцэрты, а ён з задавальненнем праводзіць час з сынам. І, вядома ж, ганарыцца, калі бачыць мяне на сцэне (як, дарэчы, і мама, і іншыя сваякі). Заўсёды віншуе з удалымі выступленнямі. А маючы такую надзейную падтрымку, хочацца ствараць, самаўдасканальвацца.

Наколькі ведаю, многія жыхары Мядзела, іншых населеных пунктаў з задавальненнем слухаюць маладую спявачку. На канцэрты прыхо­дзяць, калі ведаюць, што яна выступае. А жыхарка курортнага пасёлка Нарач Святлана Роўда, якая грае на баяне, сама добра спявае, неяк у размове параўнала прыгожы мілагучны голас салісткі з анёльскім. І пры гэтым зазначыла: “Спевы Вікторыі заўсёды кранаюць сэрца. А ўсё таму, што яна ўкладвае ў кожную песню сваю душу, талент, эмоцыі. Здаецца, слухала б і слухала яе бясконца”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота забяспечана Вікторыяй Багінскай.