Юныя спявачкі з райцэнтра сталі лаўрэатамі II Міжнароднага Гранд-конкурсу “Талент года”

635

У Мінску прайшоў II Міжнародны Гранд-конкурс “Талент года”. На працягу двух дзён хлопчыкі і дзяўчынкі з Беларусі, Расіі, Украіны ас­прэчвалі званне лепшых у творчай сферы. Свае праграмы прадставілі прафесійнаму міжнароднаму журы харэаграфічныя, вакальныя, тэатральныя, інструментальныя і цыркавыя калектывы, а таксама салісты.

Выступалі на гэтым прэстыжным конкурсе і дзве юныя спявачкі з райцэнтра — Марыя Валюк і Лізавета Томкавіч. Яны — выхаванкі настаў­ніцы Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярыны Мікалаеўны Цурганавай.

Дзяўчынкі выступілі паспяхова. У намінацыі “Эстрадны вакал. Сола” абедзве заваявалі дыпломы пераможцаў. Лізавета Томкавіч стала лаўрэатам I ступені, а Марыя Валюк — лаўрэатам II ступені. Адзначаны юныя мядзяльчанкі і спецыяльнымі дыпломамі журы за выкананне песень беларускіх аўтараў.

А. КАСАРЭЎСКАЯ.
Дырэктар Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.