Якія фільмы глядзяць дзеці і моладзь у курортным пасёлку Нарач?

222

У РЭДАКЦЫЮ праз сацыяльныя сеткі звярнуўся жыхар к. п. Нарач. Ён напісаў, што на афішах у курортным пасёлку пераважаюць стужкі, дзе ў асноўным сустракаюцца словы “забіць”, “кроў ракой”, “забітых не злічыць”… І ўсё гэта круціцца моладзі, непаўналетнім. Мужчына просіць звярнуць увагу на рэпертуар кінатэатра, што размяшчаецца ў Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу.

Каб разабрацца, што ж сёння паказваюць у кінатэатры курортнага пасёлка, звярнуліся да начальніка аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Мядзельскага раёна камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінаблкінавідэапракат” Ігара БАРЫСАЎЦА. Ён паведаміў:

— Фільмы, якія прапаноўваюцца для прагляду, вызначаюцца Дзяржрэгістрам. У залежнасці ад узросту гледачоў ідуць кінафільмы наступнай градацыі: 0+, 6+,12+,16+ і 18+. У Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу за I квартал 2022 года адбылося 80 сеансаў, якія паглядзелі 390 чалавек. Найбольш запатрабаваныя кінапаказы для ўзросту 6+, гэта пераважна мультфільмы і дзіцячыя фільмы, якіх было 33.

 

 

Наведалі іх 256 чалавек, што складае 65,6% ад усёй колькасці гледачоў. За імі ідуць фільмы градацыі “12+” і “16+”, якія ўбачылі адпаведна 12,6% і 12,1% гледачоў. Сярод прадэманстраваных кінастужак ёсць беларускай і расійскай вытворчасці, у тым ліку на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

А вось кінафільмаў градацыі “18+”, так званых “боевиков” і “ужастиков”, пра якія гаворыць жыхар курортнага пасёлка, адбылося толькі 6 сеансаў, і пабачылі іх 1,5% гледачоў. Статыстыка — рэч бясспрэчная, а менавіта яна паказвае, што нашы дзеці і моладзь цікавяцца пераважна не “ужастиками”.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.