Свята кнігі, мовы і паэзіі (да Дня беларускага пісьменства)

477

6 верасня дваццаць сёмы раз будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства.
Свята стартавала ў 1994 годзе на радзіме вядомага беларускага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка Францыска Скарыны — у Полацку.
Гістарычны шлях гэтых урачыстасцей пачынаўся з мясцін, якія сталі калыскамі духоўнасці, ведаў, асяродкамі беларускай культуры. Сталіцамі свята ў мінулыя гады былі і нашы блізкія суседзі — Паставы, Смаргонь, Глыбокае. Сёлетнія ўрачыстасці
пройдуць у Бялынічах, што на Магілёўшчыне.

Жыватворнае слова роднай мовы дай­шло да нас з глыбокай старажытнасці. Еўфра­сіння Полацкая, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іван
Фёдараў, Пётр Мсціславец, Сімяон Полацкі — гэтыя вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай, выдатныя асветнікі і творцы данеслі яго нашчадкам праз стагоддзі і цяжкія выпрабаванні. Яны вучылі размаўляць, спяваць песні, складаць вершы на роднай мове.

Дзень беларускага пісьменства не застаецца па-за ўвагай навучэнцаў і настаўнікаў і нашай навучальнай установы. Штогод экспануюцца кніжныя выставы, ла­дзяцца літаратурныя вечарыны, праводзяцца cустрэчы з вядомымі айчыннымі аўтарамі. Гімназісты мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-землякоў: Міколы Шабовіча, Ігара Пракаповіча, Аляксандра Быкава, Рагнеда Малахоўскага. Падрыхтаваны і выда­дзены невялікі буклет “Зямля, што нара­джае таленты”. На яго старонках можна пазнаё­міцца са знакамітымі ўраджэнцамі Мя­дзельшчыны.

Дзякуючы мэтанакіраванай працы вопытных настаўнікаў-філолагаў Вольгі Іванаўны Нагорнавай і Вікторыі Вячаславаўны Сяклюцкай навучэнцы нашай гімназіі неаднаразова вызначаліся ў шматлікіх конкурсах. Так сёлета пераможцам раённага і абласнога этапаў рэспубліканскага творчага конкурсу “Жывая класіка” стала вучаніца 10 класа Алеся Драгун. Дзевяцікласнік Віталій Мінкоўскі — лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Зямля пад белымі крыламі”. Дыпломы ўдзельнікаў рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячай журналістыкі атрымалі Дар’я Жыхар, Дзяніс Барыеў і Віталій Мінкоўскі. Ксенія Рогач прызнана лепшым юнкарам раённай газеты “Нарачанская зара” ў мінулым го­дзе. Дарэчы, яна стала пераможцай і ў рэспубліканскім конкурсе “БрамаМар” як самы малады аўтар з трохсот удзель­нікаў.

Не першы год працуе ў нашай гімназіі гурток “Спробы пяра” пад кіраўніцтвам Вікторыі Вячаславаўны Сяклюцкай. Ён аб’яднаў звыш двух дзясяткаў юных аўтараў з пятага па сёмы і з восьмага па адзінаццаты клас. Пачынаючыя паэты і празаікі друкуюць свае творы на старонках гімназічнага альманаха “Спробы пяра”. Не так даўно пабачылі свет два выпускі альманаха: проза і паэзія. Раз у квартал выпускаецца газета “Кур’ер гімназіі”, на старонках якой вучні маюць магчымасць папрактыкавацца ў жанры публіцыстыкі. У пералічаных выданнях друкуюцца не толькі гурткоўцы, але і іх сябры.

Па словах Вікторыі Вячаславаўны, кожны трэці гімназіст спрабуе свае сілы ў тым ці іншым жанры: верш, казка, апавяданне, эсэ. У гэтым можна пераканацца, гартаючы зборнік “Юныя таленты Мядзельшчыны”, выдадзены ў 2018 годзе ў Мінску ў выдавецтве Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Зборнік склалі вершаваныя, празаічныя і літаратурна-мастацкія творы сарака васьмі аўтараў — вучняў гімназіі. Некаторыя надрукаваны і ў часопісе “Бярозка”.
Чацвёрты год у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” працуе суполка “Літаратурная творчасць юных”. Адна з апошніх прац гурткоўцаў — пераклад з беларускай на рускую мову вядомай паэмы Уладзіміра Дубоўкі “Браніслава”. Юныя літаратары вельмі спадзяюцца, што гэты твор будзе выдадзены і стане своеасаблівым турыстычным брэндам Мядзельшчыны.

Класік нашай літаратуры Янка Купала аднойчы напісаў:
Паплыло паводкаю,
Загуло, як вецер,
Слова беларускае
Па вялікім свеце.

Хочацца спадзявацца, што свята пісьменства і надалей будзе спрыяць папулярызацыі роднай мовы. А яшчэ — перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія здабыткі, любоў да багатай гістарычнай і культурнай спадчыны і да сваёй роднай матчынай мовы.

Людміла НЕСЦЯРОВІЧ,
бібліятэкар дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія-інтэрнат
г. Мядзела”.