Тэрмін прыёму заявак на ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019 — 2020 гадах падоўжаны да 16 красавіка.

Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва – гэта своеасаблівы сродак выяўлення найбольш важкіх дасягненняў у галіне выяўленчага мастацтва за апошнія два гады. Як вызначыць значнасць і актуальнасць мастацтва, калi мінула ўжо амаль чвэрць стагоддзя? Якія крытэрыі з’яўляюцца істотнымі для ўстанаўлення сапраўднага рэйтынгу мастацкіх твораў, а таксама культурных падзей і з’яў? Падрыхтоўка і правядзенне конкурсу з’яўляецца адначасова пераглядам падыходаў да ацэнкі твораў мастацтва і выклікам да адборачнай камісіі і журы. Конкурс знаходзіцца на стадыі станаўлення, праводзіцца ў другі раз і таму вельмі важны ваш удзел і падтрымка.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да гэтай знакавай падзеі і паказаць тое, чым можа ганарыцца Беларусь у выяўленчым мастацтве. Галоўнае ў конкурсе – пазбегнуць выпадковасці ў адказе на пытанне: «Хто ў Беларусі зараз самы цікавы мастак?».

Правіламі конкурсу таксама прадугледжаны матэрыяльныя формы заахвочвання: лаўрэаты атрымаюць грашовую прэмію ў памеры 100 базавых велічынь і адмысловую ўзнагароду. Аўтарскія творы будуць рэкамендаваны да закупак ў калекцыі дзяржаўных музеяў, а па выніках конкурсу адбудзецца мастацкая выстава ў Палацы мастацтваў і плануецца выданне каталога. Абмежаванняў па ўзросце няма і прадстаўнікі творчай моладзі, якія будуць адзначаны ў намінацыях, змогуць прэтэндаваць на заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. У адборачную камісію і журы запрошаны вядомыя эксперты і спецыялісты, мастацтвазнаўцы, мастакі, крытыкі з рознымі пазіцыямі і стаўленнем да сучаснага мастацтва.

Конкурс праводзіцца па намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дызайн”, “Актуальнае мастацтва” (арт–аб’ект, інсталяцыя), “Мастацкая фатаграфія”, “Манументальнае і манументальна–дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна–прыкладное мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і крытыка”, “Творчы дэбют”.

Заяўкі прымаюцца дырэкцыяй конкурсу – Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12, тэл.: 226–09–22, 226–05–32, эл.адрас: info@histmuseum.by).

На сайце музея можна азнаёміцца з Інструкцыяй аб парадку арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019 – 2020 гадах і іншымі матэрыяламі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь