Нарацкая пасялковая бібліятэка працуе ў рэжыме пошуку новага фармату мерапрыемстваў

91

БІБЛІЯТЭКА з’яўляецца своеасаблівым астраўком культуры. Туды цягнуцца людзі, каб узяць кнігу, пачытаць перыядычнае выданне, наведаць аб’яднанне па інтарэсах, цікавае мерапрыемства, а значыць, змястоўна, цікава і з карысцю правесці вольны час. Гэтаму прызначэнню поўнасцю адпавядае Нарацкая пасялковая бібліятэка.

Па словах загадчыцы Валянціны Заваліхінай, установа, каб ісці ў нагу з часам, працуе ў рэжыме пошуку не толькі інфармацыі для чытачоў, але і новага фармату мерапрыемстваў. Цесна супрацоўнічае з Нарацкай СШ №2, Дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці к. п. Нарач, Цэнтрам творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна, Нацпаркам “Нарачанскі” і Нарацкім Цэнтрам культуры і вольнага часу.
— У нас сёлета рэалізоўваюцца тры праекты, — кажа Валянціна Мар’янаўна. — “Выхаваць кнігалюба” — па прапагандзе чытання сярод дашкольнікаў, “З памяццю ў сэрцы” — у Год гістарычнай памяці” і “Госць у бібліятэцы” — сустрэчы са знакамітымі, цікавымі людзьмі. Напрыклад, на мерапрыемствы патрыятычнага зместу запрашаем сваякоў ветэранаў. Заўсёды актыўна адгукаецца на прапанову расказаць пра сваіх бацькоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — жыхарка курортнага пасёлка Святлана Роўда. Прыносіць асабістыя рэчы матулі і таты, узнагароды, пісьмы з фронту. Рэліквіі вельмі кранаюць дзяцей, прымушаюць задумацца аб каштоўнасці жыцця, міру на зямлі. Ахвотна сустракаецца з падлеткамі і Алег Сало — былы прадзюсар кінастудыі “Беларусфільм”, які зараз жыве ў курортным пасёлку. Яго аповеды пра здымкі дакументальных стужак, асабліва ваеннай тэматыкі, заўсёды ўражваюць. Часта ў летні час заходзяць да нас унучка і праўнучка пісьменніка Аркадзя Куляшова Вольга і Алеся Іса.

Бібліятэка сапраўды жыве цікавым, насычаным жыццём. І мерапрыемствы, якія праводзяцца часта сумесна з Цэнтрам культуры і вольнага часу, збіраюць шматлікія аўдыторыі прыхільнікаў мастацтва. Узяць хаця б незабыўныя сустрэчы ў літаратурна-музычнай гасцёўні з народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці і Мя­дзельскага раёна Марыяй Захарэвіч, з вядомай паэткай, публіцыстам, лаўрэатам міжнародных прэмій Валян­цінай Паліканінай і складальнікам кніг, былым дырэктарам “Акадэмкнігі” Соф’яй Жыбулеўскай, а таксама з дзіцячай пісьменніцай Тамарай Бунта. Прайшлі яны практычна на адным дыханні і нікога не пакінулі абыякавымі.

З восені 2017 года бібліятэка размяшчаецца ў прасторных памяшканнях былой школы. Умовы спрыяльныя і для работы з чытачамі, і для правядзення мерапрыемстваў. Гэта і пастаяннадзеючыя выставы, і выставы-экспазіцыі, артпрасторы, літаратурныя імпрэзы, прысвечаныя юбілейным датам паэтаў і пісьменнікаў, знакавым па­дзеям з жыцця краіны і роднай Мядзельшчыны, знака­мітым землякам, дыялогавыя пляцоўкі на розныя актуальныя тэмы…

У Год гістарычнай памяці шырока выкарыстоўваюцца магчымасці мастацкай галерэі народнага мастака Беларусі, ураджэнца Мядзельшчыны Васіля Шаранговіча, якая месціцца ў гэтым будынку. Далучаецца бібліятэка і да выстаў, якія некалі ініцыявала супрацоўніца галерэі Наталля Смятаніна. І пасля яе смерці выставы арганізоў­ваюцца ў спецыяльна адве­дзенай для гэтага зале ў Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу. Дзякуючы сумесным намаганням бібліятэкараў і работнікаў Цэнтра культуры і вольнага часу шмат прыемных хвілін даставілі наведвальнікам персанальныя выставы: лялек жыхаркі Маладзечна Святланы Кузьмічовай, скарбаў марскіх глыбінь Наталлі Смятанінай, значкоў з калекцыі былога работніка Цэнтра Сяргея Чапурко, работ актыўных удзель­нікаў аб’яднання юных скульптараў пад кіраўніцтвам Віталя Зубка і многія іншыя.

— Працуем з усімі катэгорыямі чытачоў, — дапаўняе калегу Ірына Лісоўская. — У летні час найбольш актыўна супрацоўнічаем з наведвальнікамі аздараўленчых лагераў, якія функцыянуюць не толькі ва ўстановах нашага курортнага пасёлка, але і на базе іншых школ. Падчас прэзентацый новых выданняў імкнёмся паказваць кнігі так, каб яны зацікавілі прысутных. Для юных чытачоў, напрыклад, абгортваем яркай жоўтай паперай, якая адразу кідаецца ў вочы, кладзём у іх закладкі з раскладам работы нашай установы. Выкарыстоўваем смайлікі, рознакаляровыя шары, іншыя элементы, якія б маглі засяродзіць увагу на тым ці іншым выданні. А на прафесійнае свята плануем правесці ў бібліятэцы Дзень адчыненых дзвярэй.

Сярод актыўных чытачоў называюць работнікі бібліятэкі Валянціну Пісарэнку, Марыю Хільман, Любоў Астаф’еву, Таісу Жук, Вольгу Падгайскую, Міхаіла Рысіча і іншых. З задавальненнем таксама адзначаюць, што многія прыходзяць па кнігі
сем’ямі. А калі чытаюць бацькі, то з павагай ставяцца да гэтай важнай справы і дзеці. У ліку такіх сем’яў — Юлія і Аляксей Данільчыкі з сынам Яраславам і дачкой Веранікай, Валянціна Ярмольчык з сынамі Яўгенам і Аляксандрам, Ганна Малей з дачушкамі Сафіяй і Валерыяй і іншыя.

Некалькі слоў хочацца сказаць і пра гаспадынь кніжнага царства. Загадчыца бібліятэкі Валянціна Заваліхіна тут з 2001 года. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Некаторы час працавала ва ўстанове адна. Потым — разам з Ірынай Самко, а апошнія шэсць год — з Ірынай Лісоўскай. Усю работу будуюць разам. Працуюць дружна, зладжана, таму ўсё і атрымліваецца.

Нарацкая пасялковая бібліятэка працуе ў рэжыме пошуку новага фармату мерапрыемстваў

— З дзяцінства нам з сястрой Алай прывівала любоў да чытання кніг мая мама Людміла Яўгенаўна Клімава, — расказвае Валянціна Мар’янаўна. — Памятаю, як яна вадзіла нас у Мядзельскую раённую дзіцячую бібліятэку, як дома чыталі. Падабаліся мне і ўрокі літаратуры ў школе. Вось і стала бібліятэкарам, аб чым ніколькі не шкадую. Гады пацвердзілі, што ў выбары прафесіі не памылілася. Гэта сапраўды справа, якая падабаецца, да якой ляжыць душа. А ў тым, што адбылася як бібліятэкар, вельмі ўдзячна былому дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Людміле Несцяровіч. Менавіта Людміла Уладзіміраўна брала мяне на працу. А таксама сённяшняму дырэктару Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Таццяне Нырцовай. Таццяна Ананьеўна і параду слушную заўсёды дасць, і падтрымае. Дзякуй вялікі і супрацоўнікам аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці, якія накіроўваюць нашу работу, дзеляцца распрацоўкамі мерапрыемстваў, аказваюць метадычную дапамогу. Не навічок у бібліятэчнай справе і мая напарніца Ірына Лісоўская. За яе плячыма Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, гады працы на Пастаўшчыне. Ды і ў Нарачанскім краі яна зарэкамендавала сябе толькі са станоўчага боку. Чалавек шчыры, актыўны, неабыякавы. Ірына Чаславаўна ў бібліятэцы сапраўды на сваім месцы.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Нарацкай пасялковай бібліятэкі шчыра віншуюць калег. Зычаць ім моцнага здароўя, дабрабыту, плёну ў працы, цікавых ідэй, творчых задумак, адметных мерапрыемстваў, мірнага неба над галавой.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота забяспечаны Нарацкай пасялковай бібліятэкай.