Моц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменства

42

МАЛЕНЬКАЯ Венецыя, як многія на Гомельшчыне называюць прыгранічны Добруш, выхаднымі прымала XXIX па ліку Дзень беларускага пісьменства. Пэўнае падабенства з італьянскім горадам яму надаюць шматлікія рукавы прытока Сожа Іпуці і 13 розных мастоў, што загадкава вылучае яго ў асяродку невялікіх раённых цэнтраў краіны.

Гасцей фестывалю слова і кнігі старажытны Добруш сустракаў бадзёрымі песнямі і музыкай, паўсюль панаваў святочны настрой. Прыехаўшы туды ў нядзелю, прыпыніліся якраз насупраць храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, дзе праходзіла служба і запальванне Святога Агню ад Гроба Гасподняга. Яго даставілі сюдыўдзельнікі экспедыцыі “Дарога да Святыняў”, якія стартавалі ў апошні дзень лета, пераадолелі да гэтага тэрыторыю сямі раёнаў і ў кожным высадзілі алею духоўнасці.

Справа і злева ўздоўж вуліцы князя Паскевіча шчыльнымі радамі стаялі палаткі, павільёны, тэматычныя пляцоўкі, у тым ліку і для дзяцей. Чаго там толькі не было! Усё тое, што ўмеюць добра вырабляць у вобласці, пачынаючы ад каўбас і заканчваючы прысмакамі ад кандытарскай фабрыкі “Спартак”. Складвалася ўражанне, што лік іх ідзе на сотні! Праспект Міру, якія прымыкае да гэтай вуліцы, аздобілі майстры народных рамёстваў. Людзі віравалі каля выставы “Ад спадчыны да сучаснасці”. Непадалёку працаваў літаратурны салон княгіні Ірыны Паскевіч, праводзіліся салонныя гульні, віктарыны, конкурсы з гледачамі, тэатралізаваныя дзеі… Бадай, кожны ўдзельнік свята пры жаданні мог акунуцца ў атмасферу пазамінулага ці ў пачатак мінулага стагоддзяў. Ва ўсялякім выпадку, асяроддзе і дзейныя асобы ў старадаўніх строях гэтаму спрыялі.

Моц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменстваМоц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменства

Аднак найбольш гараджан і гасцей пабывала тут жа на алеі, дзе днём раней адкрылі бронзавы помнік ураджэнцу тутэйшых мясцін Івану Шамякіну, народнаму пісьменніку Беларусі, Герою Сацыялістычнай Працы. Многія паэты чыталі каля яго вершы, сюды збіраліся пераможцы розных творчых конкурсаў. Так, пяць пісьменнікаў сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі Гомельскага аблвыканкама імя Кірылы Тураўскага. У тым ліку і наша зямлячка Тамара Кручэнка, былая супрацоўніца абласной газеты “Гомельская праўда”, якая перамагла ў намінацыі “Публіцыстыка і літаратурная крытыка”. Былі на фестывалі і спартыўныя спаборніцтвы, і ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Добруш партызанскі”…

Моц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменства

Безумоўна, самыя важныя падзеі свята адбываліся на галоўнай сцэне на цэнтральнай плошчы горада. Тут урачыста адкрылі XXIX Дзень беларускага пісьменства, уручылі пераможцам Нацыянальныя літаратурныя прэміі. Гасцей фестывалю вітаў намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар Петрышэнка, ён жа зачытаў і віншаванне са святам ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пра важнасць слова на фестывалі казалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі…

Адметнай старонкай фестывалю стала прэзентацыя творцаў Міншчыны ў павільёне “Слова пісьменніка”. Адкрыў яе і вёў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Як толькі загучалі вершы ў выкананні яго намесніка Ірыны Карнаухавай, паэтэсы Лёлі Багдановіч, сюды сталі падыходзіць і прыпыняцца слухачы. Не былі абдзелены ўвагай і выступленні дзіцячага пісьменніка Віктара Кажуры, празаіка-гумарыста Аркадзя Жураўлёва, паэта-барда Уладзіміра Цануніна, які выканаў пад гітару некалькі песень на беларускай мове. А Галіна Нічыпаровіч і Віктар Сабалеўскі, апрача вершаў, прадставілі альманах “Сябрына”, які выдала сёлета наша абласная пярвічка Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Моц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменства Моц матчынага слова: Добруш прымаў Дзень беларускага пісьменства

Павел Жукаў

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 07.09