Дзень беларускага пісьменства: не застануцца ўбаку ад свята бібліятэкі нашага раёна

91

Дзень беларускага пісьменства. Гэта падзея аб’ядноўвае ўсіх, хто з вялікай павагай адносіцца да роднага слова, да духоўных здабыткаў народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры.

Звычайна сталіцай Дня беларускага пісьменства бывае горад, які пакінуў значны след у гісторыі нашай зямлі, вядомы як цэнтр кнігадрукавання, асветы, культуры, з якім непарыўна звязана жыццё і дзейнасць выдатных лю­дзей розных часоў. Свята распачало свой шлях у далёкім 1994 годзе ў старажытным Полацку і прайшло праз усю Беларусь.

XXIX Дзень беларускага пісьменства прымае горад Добруш, што на Гомель­шчыне, які вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца адзін з класікаў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Іван Шамякін.
У цэнтры ўвагі на ўрачыстасці такія тэмы, як Год гістарычнай памяці, беларуская пісьменнасць, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушчыны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. У рамках святкавання — знаёмства з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэчы з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Адбудуцца таксама ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Па традыцыі Дзень беларускага пісьменства пачне рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў”, якая стартавала 31 жніўня і завершыцца заўтра ў Добрушы Боскай літургіяй.

Мяркую, выкліча цікавасць міжнародны круглы стол “Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. Мяркую, запомніцца і работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленая тэматычнымі павільёнамі, “Добрушскія чытанні”, прэзентацыя Саюзам пісьменнікаў Беларусі літаратурна-патрыятычнага праекта “Бачу Беларусь такой”. Запланавана і адкрыццё помніка вядомаму беларускаму пісь­менніку Івану Шамякіну. Важным момантам закрыцця свята стане, безумоўна, перадача эстафеты наступнай сталіцы Дня беларускага пісьменства, а ёй у 2023 годзе будзе горад Гарадок Віцебскай вобласці.

Не застануцца ўбаку ад дзяржаўнага свята і бібліятэкі нашага раёна, якія па праву з’яўляюцца захавальніцамі багатай спадчыны продкаў.

Разнастайныя і цікавыя мерапрыемствы рознага фармату адбудуцца ва ўсіх установах. Напрыклад, Крывіцкая пасялковая бібліятэка арганізуе для чытачоў літаратурна-гістарычную гадзіну “Падарожжа да крыніц кнігадрукавання”. Пазнавальнай для наведвальнікаў Занарацкай сельскай бібліятэкі стане літаратурная гадзіна “Мова маіх продкаў згаснуць не павінна”. Мерапрыемства “Вітаем кніжку беларускую” рыхтуе Будслаўская сель­ская інтэграваная бібліятэка. У Буйкаўскай сельскай бібліятэцы адбудзецца крок-урок “Таямніцы пісь­мовых крыніц”, а Нарацкая сельская бібліятэка запрашае ўсіх ахвотных наведаць прэзентацыю кніжнай выставы “Свята слова і кнігі”.

Многія стагоддзі друкаванае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя ідэалы прыгажосці, дабра і справядлівасці, з’яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў, надзейным спадарожнікам чалавека на яго жыццёвым шляху. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка і Уладзіміра Караткевіча і іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Літаратура заўсёды была для нашага народа асаблівай каштоўнасцю, сродкам гістарычнай памяці, надзейнай апорай у выхаванні патрыятызму i фарміраванні светапогляду. Нягледзячы на імклівае развіццё новых інфармацыйных тэхналогій, бібліятэкі Мядзельшчыны, выкарыстоўваючы ўсе свае рэсурсы, будуць і надалей спрыяць таму, каб кніга і шчырае мастацкае слова па-ранейшаму заставаліся запатрабаванымі ў сучасным грамадстве.

Анастасія КАРЗЯЁНАК, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка.