Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка: Ад нябёсаў да глыбінь азёр (частка другая)

131

Частку першую чытайце тут

Прыбавілася жыццёвых турбот у паэта з намерам разам з вядомымі літаратарамі Беларусі Міхасём Лыньковым і Аркадзем Куляшовым займець на беразе Нарачы дачы. Участак пад іх пісьменнікі, дарэчы, усе яны з часам сталі народнымі, выбралі ў 1954 годзе. Месца цудоўнае: проста на беразе Нарачы, з аднаго боку санаторый, з другога — рэстаран. Не будзем забываць, што да Купы тады пралягала чыгунка, вузлавая станцыя знаходзілася ў Лынтупах. Цягнічок адсюль ішоў праз Кабыльнік, Канстанцінава, Альшэва. Вузкакалейка дазваляла проста адсюль без праблем дабірацца ў Вільню… Да­мы вырашылі ўзводзіць з часанага бярвення, а сцены звонку абшыць шалёўкай і пафарбаваць у розны колер. У Лынькова дача атрымалася чырвоная, у Танка — сіняя, у Куляшова — зялёная, які пазней у адным са сваіх вершаў напісаў:
Прывітанне, Купа!
Купа дарагая!
Звонкая “кукушка”-
паравоз!..

Дом Яўгену Іванавічу ўзвяла арцель Віктара Лапціка, ён жа з часам пры неабходнасці праводзіў і рамонтныя работы. Пасля завяршэння будаўніцтва слынным літаратарам прыемна было пасядзець і пагутарыць у садзе каля вогнішча ці проста на беразе Нарачы пад спеў блакітных хваль. Нярэдка ўлетку тут адбываліся цёплыя сустрэчы з вучнямі альбо пісьменнікі самі накіроўваліся ў той жа піянерлагер “Зубраня” ці розныя школы. Ёсць у тым садзе і дрэўцы са знакамітага калгаса “Світанак” з-пад Бабруйска, якім пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў шмат год талкова кіраваў на сваёй радзіме ў вёсцы Мышкавічы Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы Кірыл Арлоўскі. У дзённіках Мак­сіма Танка ёсць з гэтай нагоды такія радкі: “Памёр Кірыл Арлоўскі. Недзе на Нарачы ў нас і ў Лыньковых растуць чатыры яго яблынькі, якія ён падарыў позняй восенню 1966 года. Усю зіму яны праляжалі ў нас у гаражы, а вясною мы іх пасадзілі. Не думаў, што яны прыжывуцца…”

Калі не ўтойваць, то здараліся і прыкрыя непрыемнасці. Позняй восенню, зімой, ранняй вясной дачы пуставалі. А ў наваколлі хадзілі чуткі, што ўсялякага дабра там нямерана! Даходзіла такая пагалоска і да вушэй падлеткаў. Пра ўсіх не скажу, бо дакладна не ведаю, але аднойчы на дачы Максіма Танка “пагаспадарылі” два вучні сярэдняй школы з вёскі Нарач. Перапалох пасля ўзняўся вялікі. Тагачасных загадчыка рана і дырэктара школы выклікалі для тлумачэнняў нават у Міністэрства адукацыі. Маўляў, вы што, пісьменнікаў не шануеце?! Мяне ж больш цікавіла рэакцыя на гэту падзею самога Максіма Танка. Наколькі чуў, да яго са школы наведваліся два педагогі, прасілі прабачэння за сваіх выхаванцаў. І зусім нязмушана паміж настаў­ніцамі і творцам завязалася цікавая гутарка. Не столькі пра нядобры ўчынак падлеткаў (на гэта Максім Танк на дзіва адрэагаваў спакойна), колькі пра агульных знаёмых, цудоўныя края­віды, на якія вельмі багатая Мядзельшчына. Канечне ж, у душы Яўген Іванавіч быў не ў захапленні ад таго, што падлеткі залезлі на яго дачу. Аднак на справе ўсё павярнулася мірным сыходам. У школу настаўніцы вярталіся прасветленыя і суспакоеныя. Вось што значыць сустрэцца з геніяльным чалавекам, які добра ведае і ацэньвае жыццё! Пазней мяне адна з педагогаў у нязмушанай гутарцы запэўнівала, што нічога з рэчаў падлеткі тады з дачы не ўзялі, толькі адзін прыхапіў з веранды кніжку “Казкі народаў Поўначы”. Яна не выключала, што пад маркай школьнікаў на дачы мог пабываць хтосьці з дарослых. Ускосным пацвярджэннем гэтага можа быць і тое, што блізка да таго часу з дачы Аркадзя Куляшова прапала бурка, якую народнаму паэту падарыў Расул Гамзатаў, нейкія рэчы…

Пра надзвычайную таварыскасць, сардэчную дабрыню, прастату ў адносінах вялікага паэта з людзьмі і пачынаючымі творцамі мне даводзілася чуць ад многіх. Найбольш запомніўся пра гэта невялічкі аповед вядомага ў краіне паэта Гена­дзя Пашкова пра выпадковую сустрэчу з Максімам Танкам. “Было гэта восенню 1974 года, — пачынае Генадзь Пятровіч. — Як­раз тады на сакратарыяце Саюза пісьмен­нікаў у Маскве разглядалася пытанне аб рабоце з маладымі літаратарамі ў Беларусі. Канечне, паехалі туды прадстаўнікі ад кіраўніцтва рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі, узялі з сабой і некалькі пачаткоўцаў ад літаратуры — паэтэсу Яўгенію Янішчыц, празаіка Алеся Жука і мяне. Пасялілі ўсіх у гатэлі «Масква», на сакратарыяце пісьменніцкая арганізацыя Беларусі атрымала высокую ацэнку. Пасля гэтага мы ўтраіх накіраваліся знаёміцца з маскоўскімі плошчамі, праспектамі, крамамі. Пры вяртанні ў вестыбюлі гасцініцы сутыкнуліся з Максімам Танкам. Ад такой неспа­дзяванкі нават разгубіліся. Яўген Іванавіч пазнаў землякоў і з прыязнай усмешкай на твары заўважыў: «Як добра, што сустрэліся! Запрашаю вас у рэстаран “Зімовы сад”, гэта пры гасцініцы, будзем ад­значаць маю ўзнагароду».

Аказваецца, Максіму Танку, які прыехаў у Маскву асобна па выкліку Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, толькі што ўручылі Залатую зорку Героя Сацыялістычнай Працы. «Мы быццам трапілі ў казку, —шчыра дзеліцца Генадзь Пашкоў. — Жылі ў адной гасцініцы з такім вялікім чалавекам, сядзелі разам за адным сталом з Максімам Танкам, частаваліся. Тое шчаслівае ўзрушэнне памятаецца і сёння. А калі з рэстарана падымаліся па лес­віцы ў нумары, а парэнчы там і на самай справе зусім невысокія, Яўген Іванавіч паказаў месца, адкуль пайшоў у вечнасць у чэрвені 1942 года Янка Купала… Дзякуй Богу, — заключыўГенадзьПятровіч, — што на беларускайзямлінараджаюццатакія сыны, якіяслужаць для нас духоўным арыенцірам!»

Што яшчэ цікава, Яўген Іванавіч і на высокіх пасадах не саромеўся сваёй прастаты. Той, хто быў добра знаёмы з ім, ведаў, як Максім Танк любіў малако. Аднойчы на базары паэт падышоў да адной кабеты і паміж імі адбыўся прыб­лізна такі дыялог:
— Хачу купіць малака, па ўсёй бачнасці, яно ў вас добрае.
— Відаць, вясковы чалавек, калі разбіраецеся. А малако ў мяне і сапраўды смачнае, з кароўкай пашанцавала. А куды вам наліць?
— Ды няма ў мяне з сабою ніякага посуду, куплю са слоікам.
— Не, сынок, у нас з банкамі кепска, яе не прадам.
— А, ну і не трэба, — з гэтымі словамі Яўген Іванавіч узяў трохлітровы слоік у абедзве рукі, выпіў і пайшоў далей…
Творца ўсё жыццё стараўся не згубіць здольнасць па-новаму глядзець на ўсё, што робіцца на свеце. Максім Танк добра ведаў, як лёгка прывыкаюць ногі да старых ботаў, вочы — да вобразаў, вушы — да песень. Тады чалавек пачынае старэць, не разумець тых змен, якія адбываюцца вакол яго. Народнаму ж паэту ўдавалася не адставаць ад часу. У прыватнасці, ён лічыў, што калі дэмакратыя ўскладняе наша жыццё, калі людзі пакутуюць ад непаладкаў у краіне, калі западае навука, культура і іх асноўная база — эканоміка, то “ніякая гэта не дэмакратыя”.

Так ужо распарадзіўся лёс, што з восені 1994 года адлічваліся апошнія месяцы жыцця Яўгена Іванавіча. Якраз тады землякі ініцыявалі правядзенне сустрэчы. Вось што напісаў ён у дзённіку напрыканцы верасня: «Наведалі мяне мае мядзяльчане. У кастрычніку (28-га) прасілі прыехаць на літаратурны вечар разам з Захарэвіч Марыяй Георгіеўнай і Вячаславам Пятровічам Рагойшам. Прывезлі з радзімы маёй прыгожы букет кветак і мядзельскіх яблыкаў. Відаць, калі змагу, пад’еду, хоць дактары і забаранілі ні на якія вечары, выступленні не ездзіць аднаму і не выходзіць з дому… Званілі з Мя­дзела, што 28-га прыедуць за намі — удзельнікамі літаратурна-музычнай вечарыны. Не ведаю, ці вытрымаю гэту нагрузку, бо з кожным днём адчуваю сябе горш. Толькі не гавару пра гэта нікому…» І ўсё ж памятная сустрэча адбылася ў перапоўненай канцэртнай зале тагачаснай музычнай школы, людзі стаялі ў праходах. Адчувалася: знакамітага земляка тут чакалі з нецярпеннем. У апошнія гады Максім Танк нячаста наведваўся на радзіму — не дазваляла здароўе. Яно і раней падводзіла. Аб гэтым можам меркаваць і па запісе ў дзённіку, зробленым нашмат раней, яшчэ ў 1966 годзе: «Сёння ў Кабыльніку памёр у бальніцы дзядзька Фадзей. Не стала нашага пількаўскага Калумба, працавітага аратага, цудадзейнага ветэрынара, вопытнага партызанскага разведчыка і першага старшыні калгаса. А мяне зноў зваліла хвароба, і я не змагу паехаць, каб з ім развітацца. Без яго і бацькам зараз будзе цяжэй. Як вулей, у якім нарушаны спрадвечны лад, асірацеў і наш хутар».

На літаратурна-музычнай вечарыне шматлікіх прысутных найбольш уразілі новыя вершы Яўгена Іванавіча з апошняга зборніка «Мой каўчэг», якія ён прачытаў са сцэны, а потым добразычліва адказаў на пытанні, што паступілі з залы. Удалым дапаўненнем сюды з’явілася і выступленне фальклорнага жаночага калектыву са Сватак. Цудоўная сустрэча з зямлякамі да глыбіні душы ўсхвалявала Максіма Танка: «Дзякуй Богу, — казаў ён, — што мы ўбачыліся! Мне выпала шчасце яшчэ раз пабываць на роднай Мядзельшчыне…» Творчы вечар у многім атрымаўся яшчэ і таму, што да яго грунтоўна падрыхтаваліся самадзейныя артысты азёрнага краю — з раённага Дома культуры, музычнай школы, фальклорна-этнаграфічнага гурта «Вузлянка». І толькі назі­ральныя людзі прыкмецілі, што даецца сустрэча з землякамі Максіму Танку зусім няпроста. Наконт гэтага можна было меркаваць хаця б па тым, што ўрач, які прыехаў з Яўгенам Іванавічам, не-не ды і перадаваў яму неўпрыкмет нейкія лекі. А ў дзённіку пра памятную сустрэчу вялікі паэт пакінуў такі запіс: «Позняй ноччу прыехаў з Мядзель­шчыны з т. зв. літаратурна-песеннай вечарыны, прысвечанай мне, грэшнаму. Перш заехалі ў Пількаўшчыну, дзе надзвычай гасцінна сустрэлі ўсю нашу васьміасабовую каманду Федзя і Маня, пачаставаўшы нас сваімі вясковымі прысмакамі. А потым — у Мядзела. І хоць я вельмі слаба сябе адчуваў, дзякуючы апецы Пятра Маркавіча сяк-так дацягнуў да канца. Мясцовыя кіраўнікі і работнікі культуры, трэба сказаць, наладзілі былі каралеўскі прыём і стол. Мяркуючы па стане свайго здароўя, гэта было маё развітанне з Нараччу і маімі сябрамі. Па дарозе спыніліся і на слабадскім могільніку. Пакланіўся магілам сваіх бацькоў і дзядоў, суседзям: “Да хуткай сустрэчы, дарагія!”, бо я ў апошнім завяшчанні буду прасіць пахаваць на гэтым каля вас пагорку, усеяным заімшэлымі валунамі, і мяне з Любашай, так як і яна мае “права” быць тут пахаванай, бо бацька родам з гэтай жа Слабады. Добра, што дзень выдаўся сонечны, пагожы. Толькі калі вярталіся ў Мінск, пачаў імгліць дождж.

Падарылі мне там керамічны кубак з мёдам, восеньскі пейзаж работы мясцовага мастака і цудоўны драўляны бачонак ад Сваткаўскай школы, ну і — прыгожыя букеты кветак з караваем. А ў брата Федзі папоўніў запасы бульбай, грыбамі, цыбуляй, буракамі. Адным словам, вярнуўся, як наш даваенны поп пасля аб’езду веруючых сваёй парахвіі…»
У першы дзень жніўня наступнага года Максім Танк напіша кранальныя радкі, якія нагадваюць развітальны погалас жураўлінага кліна, што адлятае за небакрай:
Вецер несціхаючы шалее,
каардынаты вам перадаю,
што ля мыса
Добрая Надзея
песню я апошнюю пяю.

На сёмы дзень гэтага месяца выдатнага паэта не стала. Праводзіць яго ў апошні шлях у Пількаўшчыну прыехалі віцэ-­прэм’ер рэспублікі Уладзімір Русакевіч, міністр культуры і друку Анатоль Бутэвіч, пісь­меннікі, паэты, работнікі культуры і навукі, землякі, жыхары навакольных вёсак. Перад гэтым прайшла грама­дзянская паніхіда ў сталіцы ў Доме літаратара. Апошні паклон Паэту аддалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір, міні­ст­ры, члены ўрада, Адміністрацыя Прэзідэнта, беларуская інтэлігенцыя. На жалобным мітынгу тагачасны старшыня райвыканкама Іосіф Тарасёнак зрабіў акцэнт на тым, што Максім Танк заўсёды заставаўся адным з нямногіх, чыя творчасць і асабістая энер­гія абаранялі годнасць беларускай літаратуры. Усё свядомае жыццё народны паэт прысвяціў служэнню роднай Беларусі, быў чулым да клопатаў простых людзей. Таму памяць аб Максіме Танку, любімым земляку, назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і памяці нашчадкаў. Яно і сапраўды, да гэтага чалавека заўсёды цягнуліся людзі, бо ад яго сыхо­дзіла цяпло. І кожны мог знай­сці разуменне і падтрымку.

Трапна заўважыў у развітальнай прамове на могілках у Новіках і старшыня мясцовай аграфірмы «Зара» Пётр Чарняўскі наконт таго, што цяжка і падлічыць, колькі разоў за многія гады звярталіся людзі да Яўгена Іванавіча з рознымі пытаннямі. І нікому ён не адмовіў у дапамозе, не пакінуў сам-насам у бядзе… І такая дэталь: жонка Максіма Танка Любоў Андрэеўна памерла раней, яшчэ ў сакавіку. Яе урну з прахам паэт захоўваў дома і выказаў пажаданне, каб іх пахавалі разам. Волю народнага песняра выканалі. А наша зямлячка Тамара Кручэнка на наступны дзень напісала і прынесла ў рэдакцыю газеты «Нарачанская зара» верш, дзе ёсць і такія радкі:
Прыйшла ў край наш
горкая навіна:
«Не стала Танка,
песняра Максіма…»
У Новіках, на ўзгорку…
Тры бярозы…
Дзядзькі сівыя
не хаваюць слёзы.
«Абраў сабе тут месца,
наш Максім…
Ён быў сапраўдны
Беларусі сын…»
Паэт вярнуўся
да матулі Домны.
Ён — дома…

Нямала год мы заставаліся ў даўгу перад вялікім Песняром, які надзвычай шчыра прастаўляў на ўвесь белы свет Мядзельшчыну, цудоўнае возера Нарач. Праслаўляў пераканаўча і таленавіта. Работа па ўвекавечванні яго памяці выйшла на годны ўзровень толькі ў 2014 годзе з адкрыццём каля Дома культуры ў Мядзеле першага ў краіне помніка Максіму Танку. Побач з бронзавай фігурай устаноўлены буйны валун з выявай разгорнутай кнігі. А на яе старонках выбіты радкі з верша паэта: «Ёсць адна песня песняў — Пра Радзіму», над якімі застыла ў палёце нарачанская чайка.

Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка: Ад нябёсаў да глыбінь азёр (частка другая)

Па маім меркаванні, каб лепш усвядоміць, якую багатую скарбонку шэдэўраў пакінуў нам Максім Танк, трэба больш чытаць яго твораў, часцей звяртацца да іх у што­дзённым жыцці. І тады перад намі ва ўсёй велічы і прыгажосці паўстане Волат паэтычнага свету міжнароднага маштабу. Ды яшчэ, апрача стварэння яму сапраўднага музея, някепска было б паклапаціцца, каб усе вуліцы, у тым ліку і ў аграгарадку Сваткі, якія носяць імя народнага паэта, вабілі дагледжанасцю і прыгажосцю. «Бо мы, мядзельцы, — адзначыў пры адкрыцці помніка Максіму Танку народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, — павінны ганарыцца нашай зямлёй, якая нарадзіла такога паэтычнага волата! Геніяльны зямляк мне заўсёды ўяўляўся многавяковай велічнай нарачанскай сасной, сапраўдным чалавекам: працавітым, шчырым, добрым, які любіў не столькі сябе, колькі іншых людзей. Трэба не толькі памятаць пра волата беларускай літаратуры, але і самім старацца ўздымацца да вышынь той чалавечнасці, якую меў Максім Танк». Сказана ад душы, трапна, і па сутнасці справы раскрывае сакрэт велічнасці гэтага нашага земляка, нашага Народнага Паэта, творчасць якога яшчэ пры жыцці стала класікай. І ў многім таму, што самыя светлыя, самыя лепшыя вершы Яўген Іванавіч знаходзіў на роднай зямлі…

 

 

***

З нагоды 110-годдзя з дня нараджэння нашага земляка, народнага паэта Беларусі Максіма Танка праводзім апытанне:

«Максім Танк — мой зямляк. Узгадваючы Максіма Танка, узгадваю…»

Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка: Ад нябёсаў да глыбінь азёр (частка другая)

Выбярыце адзін ці некалькі варыянтаў (максімум — чатыры) ці дабаўце свой.

Хочаце адказаць творча? Свой варыянт адказу з фота ці відэа можаце дасылаць на адрас narazara111@gmail.com ці пакідаць у каментарыях пад гэтай інфармацыяй у сацсетках і тэлеграм-канале «Нарачанскай зары».

 

 

Максім Танк - мой зямляк. Узгадваючы Максіма Танка, узгадваю...
  • Пількаўшчыну* 31%, 10 голосов
    10 голосов 31%
    10 голосов - 31% из всех голосов
  • Помнік 25%, 8 голосов
    8 голосов 25%
    8 голосов - 25% из всех голосов
  • Твор 25%, 8 голосов
    8 голосов 25%
    8 голосов - 25% из всех голосов
  • Фотапартрэт 19%, 6 голосов
    6 голосов 19%
    6 голосов - 19% из всех голосов
  • Падручнік 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
  • Назву вуліцы 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
  • Музей 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
Всего голосов: 32
Голосовало: 14
13 сентября, 2022 - 19 сентября, 2022
Опрос закрыт