“Арт-парад у Віцебску”: для ўдзелу запрашаюць выканаўцаў і творчыя калектывы з дзяцей і моладзі

320

МІЖНАРОДНЫ фестываль-конкурс пад такой назвай будзе другім па ліку і пройдзе з 8 па 10 студзеня.

Мерапрыемства накіравана на самарэалізацыю таленавітых дзяцей і моладзі, арганізацыю змястоўнага баўлення імі вольнага часу, а таксама на папулярызацыю сучаснага культурнага брэнда Беларусі — Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, пабудовы адзінай творчай прасторы і ўмацавання міжнародных сувязей.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры “Віцебск”, Дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пры патрымцы Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта. А прысвячацца ён будзе гэтым разам 30-годдзю вядомага не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце фестывалю мастацтваў.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца выканаўцы і творчыя калектывы з ліку дзяцей і моладзі. Конкурсы пройдуць у розных узроставых катэгорыях ад 6-ці год і старэйшыя ў намінацыях “Вакал”, “Харэаграфія”, “Інструментальная музыка”, “Выяўленчае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы”.

У праграме — урачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, правядзенне конкурсаў, майстар-класаў, экскурсій.

Па выніках выступленняў адбудзецца ўручэнне ўзнагарод і прэмій. Уладальнікі Гран-пры ва ўсіх намінацыях атрымаюць таксама дыпломы і аўтарскія кубкі. Лаўрэаты 1-й, 2-й, 3-й ступеняў і дыпламанты 1-й, 2-й ступеняў будуць адзначаны дыпломамі і сувенірамі.

Больш падрабязна даведацца пра фестываль можна на афіцыйным сайце ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск” па ссылцы gck.by/2020/09/16769.

Фота БЕЛТА.