Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка: Ад нябёсаў да глыбінь азёр (частка першая)

151

У КАГО ні спытай у нашай азёрнай старонцы пра Максіма Танка, пачуеш шмат цікавага пра гэтага таленавітага чалавека — народнага паэта Беларусі, зорку першай велічыні на пісьменніцкім небасхіле краіны.

Яшчэ падрабязней пра жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на яго лёс, распавядуць вучні ў музеі Сваткаўскай сярэдняй школы, якая носіць імя слыннага земляка ўжо нямала год. Гэта цалкам заканамерна, бо дапытлівы хлапчук з вёскі Пількаўшчына асвойваў тут курс навук пасля першых класаў польскай пачатковай школы ў Шкленікове. І запомніўся педагогам тым, што перачытаў за час вучобы амаль усе кніжкі ў школьнай бібліятэцы. Потым былі Вілейская руская прыватная, Радашковіцкая беларуская гімназіі. Апошняя ў яго біяграфіі адметная, бо менавіта там далучыўся да палітычнай плыні: уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю. У свае сямнаццаць год юнак лічыў крайне несправядлівым, што ў наваколлі масава закрываюць школы, дзе выкладанне вялося на беларускай мове. Не толькі лічыў, але і голасна пратэставаў з аднадумцамі. За ўдзел у вучнёўскай забастоўцы польскія ўлады па галоўцы не пагладзілі — у пачатку 1929 года скандальная гісторыя завяршылася адлічэннем з гімназіі. За вальнадумства давялося неўзабаве развітацца і з беларускай гімназіяй у Вільні.

Першы значны творчы крок Максім Танк зрабіў у гэтым жа горадзе, у рускай гімназіі імя Пушкіна. Тут з аднакласнікам Янкам Гарохам, таксама пачынаючым паэтам і здольным мастаком, выпусціў рукапісны часопіс “Пралом”, дзе змясціў некалькі сваіх вершаў. За імі была і першая кніга “На этапах”, канфіскаваная польскімі ўладамі. З 1932 года Максім Танк актыўна супрацоўнічае ў нелегальным друку, тады ж за ўдзел у падпольнай камсамольскай працы яго арыштавалі і пасадзілі ў сумнавядомыя Лукішкі.
У Сватках школьнікі раскажуць вам і пра тое, што сапраўдныя імя і прозвішча Максіма Танка — Яўген Скурка, а нарадзіўся ён 17 верасня 1912 года. Як бачым, дзень не просты, у летапісе нашай краіны пазначаны чырвоным колерам. Значную частку свядомага жыцця і Яўген Іванавіч прысвяціў таму, каб ён наступіў хутчэй, а распалавіненая ў 1921 годзе Рыжскім мірным дагаворам паміж Расіяй і Польшчай рэспубліка нарэшце ўз’ядналася. Доўгачаканая падзея для ўсяго беларускага народа і для самога паэта адбылася 17 верасня 1939 года. Вось як успамінаў той дзень Максім Танк:

— Раніцай прыбеглі хлопцы з суседняй вёскі Слабады (цяпер населены пункт называецца Новікі. — Аўт.) з радаснай весткай, што яны пачулі па радыё, што Чырвоная Армія перайшла граніцу. Цэлай грамадой мы пайшлі на Мядзельскі гасцінец, які ўжо грымеў ад чырвоназоркіх танкаў, гармат, машын. Я пачаў у гэты дзень працаваць у сельскім камітэце. Тады і зарадзіўся мой першы, ужо на вольнай зямлі, верш “Здарова, таварышы”. Дарогай у Вільню дапісаў яго, а на другі дзень ужо чытаў у тэатры “Лютня”, дзе на літаратурным вечары сустрэўся з П. Броўкам, П. Глебкам, А. Кучарам. Калі ўстанавілася граніца з Літвой, пераехаў у Вілейку, дзе разам са сваёй жонкай, Любоўю Андрэеўнай Асаевіч, працаваў у рэдакцыі абласной газеты. Потым, праз год, пераехалі ў Беласток. Там яна паступіла ў педінстытут, а я заняўся сваёй літаратурнай працай.

Безумоўна, апрача даволі складаных жыццёвых выпрабаванняў, былі ў Максіма Танка і багатыя набыткі. Адзін з такіх — сям’я. Надзейнай яго абранніцай стала Любоў Андрэеўна, тата якой родам з суседняй з Пількаўшчынай вёскі Новікі. З часам бацькі дзяўчыны пераехалі ў Вільню. Таму цалкам заканамерна, што, уладкаваўшыся там у гімназію, Яўген Іванавіч здымаў пакойчык у землякоў. Галоўнае ж у іх адносінах, бадай, іншае. Калі ўлады кінулі Максіма Танка за краты ў Лукішкі, Любоў аказалася адной з тых, хто не адвярнуўся, а шчыра падтрымаў. Ад трывожных сакавіцкіх дзён 1932 года і бярэ пачатак узнёслае пачуццё Яўгена Іванавіча да гэтай дзяўчыны, якое ён годна пранёс праз усё жыццё. І калі значна пазней маці, Домна Іванаўна, пацікавілася ў сына, які падарунак ён думае паслаць Любові да дня нараджэння, той упэўнена адказаў: “А падарунак такі: прапаную ёй сваю руку і сэрца!” У іх сям’і з гадамі з’явілася трое дзяцей: сын Максім і блізняты Іра і Вера.

Праз усё жыццё пранёс паэт і любоў да кнігі. Каб купіць цікавае выданне, мог адправіцца з Вільні ў Пількаўшчыну пешшу, каб потым з сэканомленымі за дарогу грашыма паспяшацца ў кнігарню. Адно з такіх няблізкіх падарожжаў, уражваючую карціну няпростага сялянскага жыцця ў Заходняй Беларусі, ён таленавіта апісаў у “Песні кулікоў” у 1936 годзе. Шлях ад Вільні да роднай вёскі — не з блізкіх, за дзень, асабліва зімой, не дабярэшся, таму Максіму Танку даводзілася па дарозе прасіцца ў лю­дзей на начлег. Вось як ён апісвае хату, дзе знайшоў прытулак тым разам:
Пахне дзёгцем, потам,
рыжаю аўчынай,
Цішыня ў хаце згорбленай, старой,
Ды гарыць памалу ноч
даўгой лучынай,
Сцелючы сасновым дымам і смалой…

Стары гаспадар пасля таго, як у печы згатавалася бульба ў чыгуне, запрашае за стол разам з хатнімі і вандроўніка, заводзіць з ім такую размову:
…Сам, відаць, далёкі…
не з блізкіх аколіц,
Не з-пад нашых, пэўна,
саламяных стрэх,
Ды апранут слаба —
змерзнеш недзе ў полі;
Хоць на лаве мулка, пераспі начлег.
Бачыш: у нас голад,
жыць нялёгка, браце,
Хлеб на стол кладзецца
толькі для гасцей.
Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце
Да вясны, да першых з выраю гусей…

Ну што тут скажаш?! Радкі кранаюць да слёз. Для тых, хто не ведае, скажу, што і гусі тут узгаданы зусім не выпадкова. Вясною, калі ў многіх вяскоўцаў заканчваліся запасы хлеба і бульбы, дзеці шукалі гнёзды дзікіх гусей, качак, забіралі адтуль яйкі. Мабыць, у адносінах да прыроды і дзейнічалі жорстка, аднак кожнаму трэба было неяк выжываць…

Калі ў рэакцыйнай газеце за “польскім часам” напісалі, што “няма ніякіх беларусаў
і іх мовы”, паэт, якому не было яшчэ і 20-ці, катэгарычна запярэчыў:
Калі няма на свеце маёй мовы, Майго народа і мяне самога, — Дык для каго будуеце,
панове, Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Такія падарожжы былі для паэта звычайнай з’явай. Вось як апісвае ён завяршэнне аднаго з іх у сваіх дзённіках:

— Перад Кабыльнікам спыніўся адпачнуць у старой карчме. Думаў, можа, знайду фурманку з Мядзела. Праўда, сустрэў некалькі знаёмых вазакоў, але яны ехалі з пянькой і льном у Вільню. Ну што ж, неяк дацягнемся дадому. Не першы раз. Каб не падбіцца, стараўся ісці роўным, размераным крокам, але праз нейкі час лавіў сябе на тым, што іду подбегам. Спыняўся. Стараўся кантраляваць сваю хаду. Але хіба ніколі не навучуся спакойным павольным крокам вяртацца дамоў. Гэты раз я мог бы і не ісці пехатою з Вільні. Грошы на білет у мяне былі. Толькі дужа хацелася набыць сабе
Шолахава, Траццякова і “Брунатную кнігу” — кнігу пра падпал фашысцкага рэйхстага. За дурной галавой і нагам неспакой. Праўда, прыемна, ідучы, адчуваць, што колькі б небасхілаў ні змыкалася над дарогай, усе яны застануцца за табой. Кабыльнік, рыбацкія вёскі — Мя­дзела, Навасёлкі, Трыданы, Лук’янавічы, Беразнякі, Ліпава, Магдуліна… Нарэшце замаячылі і пількаўскія хутары, і страха нашай хаты, здалёк падобная да шалаша, бо сам зруб яшчэ хаваецца за паласой ярыны, за цёмнай зелянінай кустоў сліў. У цішыні чую скрып асвера. І неяк раптам захацелася прагнаць дарожную смагу, напіцца з дамашняга драўлянага, шчарбатага ад часу, прымацаванага да вочапа, вядра.

Як гэта ні прыкра ўсведамляць, аднак на справе пасля верасня 1939 года для сям’і Скуркаў пачынаюцца зусім невясёлыя дзянькі. Ва ўсім наваколлі яна лічылася заможнай, мела па вясковых мерках нямала зямлі, коней, кароў. Найперш дзякуючы шчырай працы на зямлі ад цямна да цямна бацькі паэта Івана Хведаравіча і маці Домны Іванаўны. Дзядзька Фадзей ездзіў на заробкі ў Амерыку з надзеяй сабраць там грошай, каб прыкупіць потым зямлі. З прыходам жа савецкай улады такія людзі былі не ў пашане, яны масава падпадалі пад катэгорыю «кулакі» з усімі адсюль наступствамі. А калі так, тоі сям’я Скуркаў магла без цырымоній патрапіць у далёкія раёны Сібіру. У сваіх дзённіках пазней Максім Танк напіша: «Ведаў я Пятра Захаравіча Калініна па Вілейцы, дзе ён працаваў сакратаром абкама і заступіўся за маіх бацькоў, якіх у 1941 годзе збіраліся вывезці ў Сібір». Дзякуючы ўмяшанню партыйных улад бацькі Танка пазбеглі долі ссыльных. Тым не менш, такую сітуацыю не назавеш спрыяльнай для творчасці Максіма Танка. Ён не мог не разумець, што любое слова можа стаць небяспечным і павернутым супраць яго як сына кулакоў, калег, сяброў і сям’і. Бадай, гэта галоўная прычына адсутнасці ў 1940 годзе дзённікавых запісаў, беднаватай палітры паэтычнай творчасці Яўгена Іванавіча.

Пасля далучэння Вільні да Літвы Максім Танк пераяз­джае ў Вілейку і працуе ў абласной газеце. Час тады і наогул выдаўся вельмі цьмяны:кляймо ворага народа беспадстаўна навешвалі нават на вядомых людзей, якія з годнасцю прайшлі праз рэвалюцыйныя выпрабаванні, заставаліся адданымі сынамі сваёй радзімы. Даносы, у якіх белае рабілася чорным, а паклёп успрымаўся за выкрыццё ворага, перайначылі лёсы многіх, а нямала для каго сталі падставай для канчатковага прысуду. Па меркаванні даследчыкаў творчасці Максіма Танка, у той перыяд і яго захапіў рухавік знішчальнай машыны НКВД, толькі вось для арышту не знайшлося прычын. Але яго сям’я хадзіла пад сур’ёзным абвінавачваннем, пра што сведчыць наступны дакумент:

«ВЫПИСКА из протокола №4 заседания исполкома Мядельского райсовета депутатов трудящихся от 20-го января 1941 г.
Слушали: Об отмене постановления РИК от 8 октября 1940 г. об отнесении хозяйства г-на Скурко И. Ф. к кулацко-зажиточным хозяйствам и утверждении рыночного дохода в сумме 1995 руб.
Решили: Отменить постановление РИК от 8.Х.1940 г. об отнесении хозяйства г-на дер. Пильковщина Калиновского с/совета Скурко И. Ф. к числу кулацко зажиточных хозяйств и утверждении рыночных доходов. Оставить облагаемый сельхоз. налогом доход только от с/хозяйства.
Зав. общим отделом Зверуго».

Так што перажыванняў хапіла. Яшчэ больш іх абрынулася, як і на ўвесь савецкі народ, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны: «Вставай страна огромная,// Вставай на смертный бой…» Тым чэрвенем сорак першага Максім Танк адправіўся ў эвакуацыю ў Саратаў, дзе ўступіў у народнае апалчэнне. А неўзабаве атрымаў накіраванне на Бранскі фронт у газету «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў Міхась Лынькоў. Патрыятычныя творы ваенных гадоў склалі не адну кнігу: «Янук Сяліба», «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл». Пасля Перамогі паэтычная дзейнасць Максіма Танка ўдала спалучаецца з вялікай журналісцкай і грамадскай. Пасля нядоўгай працы ў «Вожыку» ён амаль два дзясяцігоддзі быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», а у 1967-1990 гадах — старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Хоць вайна і закончылася, балючай стрэмкай у сэрцы засталася гібель роднай сястры Веры і двухгадовага пляменніка. Вось як пра гэта напісаў у пазнейшых успамінах сам Танк: «Пісьмо ад Федзі. Піша, што памёр наш швагер Браніслаў Лётка. Страшную трагедыю перажыў ён і ўся наша сям’я. У час вайны нейкі гмінны службіст загадаў Браніславу адвезці яго ў Куранец, а па дарозе іх абстралялі партызаны, здаецца, з атрада «Народный мститель», і захапілі ў палон гэтага службіста. “Хто цябе падвозіў?” — “З Сэрвач Лётка”. Тут жа расправіліся з ім і з сем’ямі братоў Лёткаў: забілі сястру Веру і яе двухгадовага сына, забілі швагерку з дзесяцігадовым сынам. А мужыкі іх — ацалелі. Былі ў суседняй вёсцы. Калі вярнуліся — засталі адны папялішчы. Потым браты былі мабілізаваны, прайшлі з баямі праз усю Польшчу, штурмавалі Берлін…

У гэтым забойстве, казалі мне многія, быў замешаны нявераўскі “Папок”, які, будучы партызанам, займаўся рабункам. Пасля вайны нейкі час працаваў брыгадзірам у калгасе. Але за тое, што біў людзей, яго судзілі. Сястра яго доўга распрадавала нарабаванае ім дабро. Толькі адных веласіпедаў было ў яго сямнаццаць штук, а колькі рознай адзежы, дываноў, пасцілак, шапак, ручнікоў, абутку!»

І ўсё гэта давялося неяк перажываць. Змірыцца са стратай і займацца творчасцю. Ды не абы-як! Многія пасляваенныя зборнікі класіка адзначаны высокімі ўзнагародамі. У прыватнасці, «Каб ведалі» — Дзяржаўнай прэ­міяй СССР, «След бліскавіцы» — літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы, «Мой хлеб надзённы» — Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы, «Прайсці праз вернасць» — літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Фадзеева… Першая з іх была яшчэ вясною 1948 года. З гэтай нагоды Максім Танк пакінуў у сваім дзённіку такі запіс: «Радыё перадало аб прысуджэнні мне Сталінскай прэміі за зборнік вершаў “Каб ведалі”. Хаджу пад уражаннем гэтай неспадзяванай узнагароды, бо ніхто ў нас на яе мяне не вылучаў і нават яшчэ няма гэтага зборніка ні на беларускай, ні на рускай мове. Толькі паасобныя цыклы вершаў з яго друкаваліся ў часопісе “Беларусь”. Прынеслі віншавальныя тэлеграмы ад Твардоўскага, Куляшова, Осі­на, Зарыцкага… Няспынныя тэлефонныя званкі.
Прачытаў пачатак сваёй новай паэмы і забракаваў. Паслаў пісьмо дамоў, ды, відаць, трэба будзе пад’ехаць у сваю Пількаўшчыну і ўгаварыць, каб там нашы не ўпіраліся ўступаць у калгас, бо ўжо званілі мне з абкама, што дзядзька Максіма Танка сарваў сход, на якім нашы хутаране аб’явілі аб сваёй гатоўнасці пайсці ў калгас, калі ў яго пойдуць дзядзька Фадзей і мой бацька. А сход, здаецца, праводзіў адзін з адказных работнікаў Маладзечанскага абкама Л. Г. Кляцкоў. Відаць, дома не ўяўляюць, чым усё гэта можа скончыцца».

Што і казаць, калектывізацыя ў тыя часы многім далася ў знакі. У сваткаўскіх ваколіцах яе праводзіў Леанід Кляцкоў, сакратар Маладзечанскага абкама камсамола, франтавік. Ён застаўся ва ўспамінах людзей чалавекам прыстойным і справядлівым. Пазней Леанід Герасімавіч цудоўна сябе праявіў і на высокай пасадзе першага сакратара Гродзенскага абкама партыі. Вяскоўцы тады збольшага не хацелі ісці ў калгасы, ды і апасаліся розных банд, якія яшчэ туляліся шмат дзе па лясных аколіцах. Было нават і такое, што заявы аб уступленні ў калгас падпісвалі адначасова, быццам па камандзе. І ўсё дзеля таго, каб ніхто не быў першы, бо з першымі як актывістамі маглі жорстка распра­віцца бандыты.

Здараліся і кур’ёзныя выпадкі. Адзін з іх апісаў ва ўспамінах Максім Танк, пра што яму распавёў адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў азёрным краі Фёдар Маркаў, Герой Савецкага Саюза: «На маторнай лодцы пераплылі на Гатаўскі бераг, а потым заваліліся да Барыса Чарняўскага — аднаго са старэйшых нарачанскіх рыбакоў. <…> Маркаў расказаў цікавую гісторыю. У адной вёсцы падчас калектывізацыі падбухтораныя кулакамі жанчыны вывелі старэнькую бабулю і перад трактарам усе леглі на зямлю. Што рабіць? Ён тады выклікаў некалькі трактараў і пачалі пахаць поле з розных канцоў. Стаміліся жанчыны бегаць ад трактара да трактара і разышліся па хатах. А ён узяў старую бабулю і адвёз на сваёй машыне ў бальніцу». Дадам, што ў чымсьці падоб­ныя гісторыі адбываліся ў тыя далёкія гады і на Мядзельшчыне…

Павел Жукаў.

Працяг будзе.

 

***

Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка: Ад нябёсаў да глыбінь азёр (частка першая)

 

З нагоды 110-годдзя з дня нараджэння нашага земляка, народнага паэта Беларусі Максіма Танка рэдакцыя газеты «Нарачанская зара» праводзіць апытанне:

«Максім Танк — мой зямляк. Узгадваючы Максіма Танка, узгадваю…»

Выбярыце адзін ці некалькі варыянтаў (максімум — чатыры) ці дабаўце свой.

Хочаце адказаць творча? Свой варыянт адказу з фота ці відэа можаце дасылаць на адрас narazara111@gmail.com ці пакідаць у каментарыях пад гэтай інфармацыяй у сацсетках і тэлеграм-канале «Нарачанскай зары».

 

Максім Танк - мой зямляк. Узгадваючы Максіма Танка, узгадваю...
  • Пількаўшчыну* 31%, 10 голосов
    10 голосов 31%
    10 голосов - 31% из всех голосов
  • Помнік 25%, 8 голосов
    8 голосов 25%
    8 голосов - 25% из всех голосов
  • Твор 25%, 8 голосов
    8 голосов 25%
    8 голосов - 25% из всех голосов
  • Фотапартрэт 19%, 6 голосов
    6 голосов 19%
    6 голосов - 19% из всех голосов
  • Падручнік 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
  • Назву вуліцы 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
  • Музей 0%, 0 голосов
    0 голосов
    0 голосов - 0% из всех голосов
Всего голосов: 32
Голосовало: 14
13 сентября, 2022 - 19 сентября, 2022
Опрос закрыт