Якія актуальныя пытанні развіцця сферы культуры на бліжэйшыя год-другі? Пра гэта расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч.
— Вялікую справу зробім, калі абуладкуем на базе Нарацкага цэнтра культуры і вольнага часу тэатральную гасцёўню народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, якая днямі адзначана высокай узнагародай — ордэнам Францыска Скарыны. Пачатак ужо зроблены: набылі шкляныя вітрыны, піяніна, зараз вядзём збор інфармацыі і экспанатаў для выставы.
І наогул, на базе свабоднага будынка па вуліцы Ленінскай курортнага пасёлка, які знаходзіцца амаль побач, мэтазгодна стварыць вучэбна-метадычны цэнтр для абмену вопытам і азнаямлення з творчай дзейнасцю вядучых аматарскіх калектываў сталічнай вобласці і рэспублікі. Ды і выступаць ім у нас ёсць дзе: амфітэатр у Мядзеле, зялёны тэатр у курортным пасёлку… Канечне, будзем і надалей пашыраць “асартымент” культурна-масавых мерапрыемстваў, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу нашых устаноў, праводзіць сучасныя рамонты, папаўняць кніжны фонд, набываць неабходнае абсталяванне і музычныя інструменты.
Плануем таксама абзавесціся перасоўным шматфункцыянальным мабільным культурным комплексам для абслугоўвання аддаленых населеных пунктаў раёна. Карацей кажучы, прагнозы для нашай культуры самыя светлыя. Мы беражліва захоўваем усё тое добрае, што зрабілі ў гэтай галіне нашы папярэднікі, і з кожным годам прымнажаем цудоўныя набыткі ў інтарэсах жыхароў Нарачанскага краю.
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 17.06