Жыхар раёна пакараны за збіванне маці

580

ВЫПАДКІ насілля ў быце па-ранейшаму маюць месца. І, як ні крыўдна, яны ўчыняюцца пераважна ў адносінах да блізкіх людзей. Больш падрабязна гутарым пра гэта з пракурорам раёна Віталіем АФАНАСЕНКАМ.

— У ХОДЗЕ выязнога пасяджэння рашэннем суда раёна 46-гадовы жыхар вёскі Камарова Свірскага сельсавета асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, са штрафам у памеры 60 базавых велічынь (1740 рублёў). Грамадзянін абвінавачваўся за збіванне сваёй састарэлай матулі. У дзеяннях мужчыны прызнаны небяспечны рэцыдыў, паколькі ён неаднаразова быў асуджаны, у тым ліку за крадзяжы і за замах на забойства.

— Віталій Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра абвінавачванага і пацярпелую. Якія былі між імі адносіны?

— Сын з маці жылі ў адным населеным пункце, толькі асобна. Яна — у сваім доме, ён — у кватэры, якую атрымаў ад мясцовай гаспадаркі, дзе працаваў. Здаралася, што маці з сынам разам выпівалі, але матэрыяльна адзін аднаго не падтрымлівалі. Мужчына не дапамагаў роднаму чалавеку і па гаспадарцы. Таму пажылая жанчына была вымушана ўзяць кватаранта. Яму больш за пяцьдзясят. Мужчына жыў у доме пацярпелай і дапамагаў па хатніх справах.

— Што ўсё ж такі здарылася?

— Злачынства было ўчынена 28 верасня мінулага года. У той дзень абвінавачваны, як было ўстаноўлена ў судзе, выпіў два літры піва. Неўзабаве пасля гэтага прыйшоў да маці. Пацікавіўся, ці будзе яна піць віно. Жанчына адмовілася. Аднак сын усё роўна сеў на веласіпед і паехаў у магазін. Там купіў літр віна і, вярнуўшыся з крамы, прапанаваў разам выпіць. Маці, каб ён не чапляўся, прыгубіла чарку. Астатні напой выпіў сам сын. Калі захмялеў, ён стаў папракаць матулю. Пачалася сварка. Падчас яе, а было тады прыкладна каля 16 гадзін, мужчына паваліў пажылую маці на падлогу. Па словах абвінавачванага, пацягнуў за вопратку і валасы да ложка, каб пакласці яе туды. Спрабаваў падняць маці з падлогі, але нічога не атрымлівалася. Таму ад бяссілля і злосці пачаў біць састарэлую рукой па галаве. Такім чынам і нанёс ёй траўмы сківіцы і вуха. Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала не менш за пяць удараў па галаве. Цялесныя пашкоджанні кваліфікаваны як менш цяжкія. Пасля здзекаў над маці сын пайшоў на кухню, дзе пачаў біць посуд. Праз некаторы час лёг на падлогу і заснуў. Дзесьці праз паўгадзіны пасля ўчынення злачынства вярнуўся з работы дадому кватарант. Ён і выклікаў хуткую дапамогу і міліцыю.

— Ці прызнаў сваю віну мужчына?

— Так, сын поўнасцю прызнаў сваю віну і раскайваўся ва ўчыненым. Але нават на судзе маці яму не даравала.

— Віталій Міхайлавіч, што паўплывала на вынясенне канчатковага прысуду?

— Стан алкагольнага ап янення, учыненне злачынства ў адносінах да састарэлага чалавека і непагашаныя судзімасці сталі абцяжарваючымі віну абставінамі. Справа разглядалася па першай частцы артыкула 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, якое выклікала працяглае расстройства здароўя на тэрмін да чатырох месяцаў”. Такое злачынства караецца штрафам альбо папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, альбо арыштам са штрафам ці без штрафу, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам ці без штрафу, альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін са штрафам ці без штрафу. Суд узважыў усе абставіны, асобу абвінавачванага і прыйшоў да высновы: прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады са штрафам. Акрамя таго, згодна з прысудам, мужчына падчас знаходжання ў папраўчай калоніі будзе прымусова лячыцца ад хранічнага алкагалізму. Прыгавор пакуль не ўступіў у сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Мінскім абласным судзе ва ўстаноўлены заканадаўствам час. Вельмі хочацца, каб дадзены прыклад стаў урокам, як для абвінавачванага, так і для ўсіх насільнікаў, якія падымаюць руку ў нецвярозым стане на сваіх блізкіх.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц