Жалезнае пытанне курортнага пасёлка Нарач — што не так з вадой у доме №5 па вуліцы Ленінскай?

211

Пра неналежную якасць вады ў рэдакцыю напісала жыхарка к. п. Нарач Ганна Лагун: “Зараз доўгі час ідзе дрэнная вада, з асадкам, пахам. Нальеш такой вады ў ванну — яна рудаватая. На целе з’яўляюцца вугры. Памыцца — рукі смярдзяць непрыемным. Хаджу ў крынічку за вадой, каб прыгатаваць чай або таблетку запіць. Шмат крынічнай вады не прынясеш, таму што далекавата, ды і чэргі за крынічнай вадзіцай. Іншы раз даводзіцца падоўгу стаяць, бо прыязджаюць машыны. А я ж плачу грошы за якасную ваду? У многіх жыхароў кватэр добрая вада без паху. Чаму так? Прашу разабрацца і пусціць добрую ваду ва ўсе дамы”.

Выехаўшы на месца, пераканалася, што праблема непакоіць і іншых жыхароў дома №5 па вуліцы Ленінскай — проста пакуль ніхто нікуды не звяртаўся. Людзі, якіх заспела ў будны дзень і рабочы час, расказалі (аўдыязапісы ёсць у рэдакцыі), што перш вада
з-пад крана была смачная, а вось апошнія некалькі месяцаў яе якасць істотна пагоршылася. Меркавалі, што часова, па прычыне правядзення нейкіх работ: маўляў, працячэ, прамыецца сістэма — але не, час ідзе, а змен да лепшага няма. Як выходзяць з сітуацыі? Па-рознаму. Нехта, як аўтарка ліста ў рэдакцыю Ганна Зянонаўна, набірае ваду ў крынічцы. Нехта купляе бутыляваную. Ну а нехта кіпя­ціць водаправодную і п’е — маўляў, а што зробіш?

Для высвятлення сітуацыі звярнулася ў Мядзельскі ўчастак РКУП “Вілейскі водаканал”. Яго начальнік Ула­дзімір Клімовіч адзначыў, што ад жыхароў гэтага дома скаргаў на якасць вады не было. Запэўніў, што вада са свідравіны паступае належнай якасці:

— Мы самі яе адсочваем, праводзім вытворчы кантроль ва ўласнай лабараторыі. Але ж, калі ёсць скарга, вывучым сітуацыю.

Праз некалькі дзён паведаміў, што новае даследаванне зноў паказала: у свідравіне і на ўводзе ў дом вада належнай якасці. У пацвярджэнне даслаў пратакол па выніках зробленых у хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі Вілейскага водаканала выпрабаванняў дзвюх проб вады: з артэзіянскай свідравіны №2 (пасёлак) і разводзячай сет­кі — непасрэдна пры ўводзе ў дом.

Заключэнне такое: “Вынікі выпрабаванняў проб пітной вады рэг. №№ 533 П, 534 П адпавядаюць патрабаванням СанПіН 10-124 РБ “Пітная вада. Гігіенічныя патрабаванні да якасці вады цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння. Кантроль яка­сці па выпрабаваных паказчыках”. З табліцы ў пратаколе відаць, што па паху, смаку, колеры і мутнасці вада з абедзвюх проб адпавядае нормам. Нават, так бы мовіць, з вялікім запасам. А вось па ўтрыманні жале­за гэты запас мінімальны: у ва­дзе са свід­равіны жалеза ўтрымліваецца 0,14 мг/дм3, а ў магістральным водаправодзе пры ўводзе ў дом — ужо 0,29 мг/дм3 — пры норме не больш за 0,3 мг/дм3. Але, тым не менш, у норму ўпісваецца.

“Як бачыце, калі праблема ёсць, яе прычына — ва ўнутрыдамавой сетцы, якую абслугоўвае жыллёва-камунальная гаспадарка, — за­значыў Уладзімір Клімовіч. — У ідэале паступова мяняць унутрыдамавыя сеткі водазабеспячэння і водаадвядзення ў старых дамах — скажам, пры капітальным рамонце. Пакуль жа можна было б прамыць унутрыдамавыя сеткі, і Вілейскі водаканал аказвае такую паслугу — але, вядома, не бясплатна”.

Праблема ёсць. І гэта не суб’ектыўнае ўспрыманне на ўзроўні “смачна-нясмачна” ці “а ў калодзежы вада лепшая”. Санітарна-гігіенічная лабараторыя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па запыце рэдакцыі правяла выпрабаванне халоднай вады з разводзячай сеткі ваннага пакоя ў кватэры Ганны Лагун.

Паводле пратакола выпрабаванняў, утрыманне жалеза там складае 1,2 мг/дм3 (нагадаю, пры норме 0,3 мг/дм3). Па ўсіх астатніх параметрах вада адпавядае нарматывам — зноў жа, нават з запасам.

 

Што скажуць у Мядзель­скай жыллёва-камунальнай гаспадарцы? Намеснік дырэктара па кацельнай гаспадарцы і цепласетках Уладзімір Дытко, пазнаёміўшыся з пратаколамі выпрабаванняў, патлумачыў:

— Жалеза трапляе ў ваду з артэзіянскай свідравіны, з часам яно назапашваецца ў трубах. У тым ліку і па прычыне адсутнасці пра­ліву: у гэтым доме ёсць кватэры, у якіх жывуць толькі летам. Ды і з пастаянных жыхароў шмат хто расходуе ваду вельмі ашчадна: у кватэрах усталяваны лічыльнікі, людзі эканомяць. У выніку яна застойваецца ў сістэме, і жалеза назапашваецца. Калі няма пастаяннага праліву, гэта непазбежна — жыллёва-камунальная гаспадарка паўплываць на сітуацыю не можа. Што магу парэкамендаваць людзям, якія жывуць у гэтым доме? Праліваць ваду, а не адразу, адкрыўшы кран, набіраць яе для піцця ці прыгатавання ежы. Таксама можна набыць фільтры — прадаюцца ў гаспадарчых магазінах, каштуюць нядорага.

Пракаменціраваць сітуацыю папрасіла галоўнага санітарнага ўрача раёна Мікалая Паршуту.

— Ёсць патрабаванні, якім пітная вада павінна адпавядаць, — сказаў Мікалай Ула­дзіміравіч. — Відавочна, што яна забруджваецца, праходзячы праз унутрыдамавыя сеткі, а не па прычыне малога водазабору. Сітуацыя патрабуе вырашэння, старыя трубы трэба прамываць ці мяняць. Іншая справа, ці ёсць такая тэхнічная магчымасць у Мядзельскай ЖКГ? Некаторы час таму ў курортным пасёлку аналагічная праблема была ў доме па вуліцы Кастрычніцкай, які належыць таварыству забудоўшчыкаў. Адпаведна, гэтым займаўся старшыня кааператыва, гаспадары кватэр складаліся і вырашалі пытанне за свае грошы. Калі ж дом знаходзіцца на абслугоўванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, унутрыдамавыя сеткі — яе зона адказнасці.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com