Загінуў ад… цыкуты

162

Загінуў ад... цыкутыУ РАУС паступіла паведамленне ад фельчара хуткай медыцынскай дапамогі Свірскай участковай бальніцы аб тым, што ў лясным масіве на тэрыторыі заказніка “Блакітныя азёры” памёр малады мужчына Ш., 1982 года нараджэння.

Раённы аддзел Следчага камітэта правёў праверку па дадзеным факце. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, грамадзянін Ш. памёр ад атручвання раслінай — цыкута. Мужчына быў заядлым турыстам. У красавіку ў складзе турыстычнай групы з сямі чалавек ён знаходзіўся ў байдарачным паходзе на Нарачанскіх азёрах. Яго цікавіла экстрэмальнае выжыванне. Здаралася, што ён еў лісткі і карэньчыкі. Са слоў сведак паходу Ш. дастаў з возера на тэрыторыі заказніка “Блакітныя азёры” карэньчык, абчысціў яго і з’еў. Счакаўшы 30 хвілін, мужчына пачаў скардзіцца на недамаганне, ваніты. Пасля з’явіліся сударгі, ён стаў задыхацца. Праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы ніякіх вынікаў не далі. Пасля сведкі казалі, што Ш. зблытаў цыкуту з ядомай раслінай — сніткай. Гібель грамадзяніна Ш. стала вялікай трагедыяй для яго жонкі і 4-гадовага сына.Цыкута (іншыя яе назвы: вех ядавіты, кашачая пятрушка, вяха, амег, вадзяная бешаніца, вадзяны балігалоў, мутнік, сабачы дзягіль, гарыгалава, свіная вош) — адна з самых ядавітых раслін. Ядавітая яна ўся, а асабліва карэнішча. Цыкута каварная сваім прыемным маркоўным пахам, на смак напамінае бручку або рэдзьку. 100-200 г карэнішча дастаткова, каб забіць карову, а 50-100 г — авечку. З насення і карэнішча вырабляюць цыкутны алей або цыкутол. У смале кораня ўтрымліваецца цыкутасін, найбольш ядавіты пачатак расліны. Праз некалькі хвілін пасля ўжывання ён выклікае ваніты, колікі ў ніжняй частцы жывата, за якімі могуць наступіць галавакружэнне, хісткая паходка, пена з роту. Зрэнкі расшыраюцца, эпілептыформныя прыпадкі і сударгі могуць скончыцца паралічом і смерцю. Пры атручванні неабходна хуткае прамыванне страўніка суспензіяй з актываванага вугалю і таніну. У іншым выпадку ад яе няма супрацьяддзя.

Па выніках праверкі аддзел следчага камітэта прыняў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні кры¬мінальнай справы.

Паважаныя жыхары і госці Нарачанскага краю, збіраючыся ў лес, папярэдзьце родных і знаёмых, куды вы ідзяце. Старайцеся не мяняць маршрута. Заўсёды прытрымлівайцеся правіла: ніколі не ешце невядомыя ягады, грыбы, расліны, карэнні… Калі ўсё ж такі атруціліся, неадкладна выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу. Да яе прыезду прамывайце страўнік. Піце многа вадкасці. Нават калі стан палепшыцца, абавязкова звярніцеся ў бліжэйшую медустанову. Недаедзеныя расліны, ягады і грыбы не выкідайце. Іх аналіз дапаможа ўрачам хутчэй вызначыць від яду, які трапіў у арганізм. Самае галоўнае — ніякага самалячэння! Бо чым больш таксінаў трапіць у кроў, тым цяжэйшым будзе атручванне.

Як бачыце, дэгустацыя невядомых ягад, грыбоў, раслін і карэння можа прывесці да сумных наступстваў. Асабліва гэта непрадказальна для дзяцей, таму тлумачце ім небяспеку пры паходах у лес.

А. САКАЛДЫНСКАЯ.

Следчы РАСК Рэспублікі Беларусь, старшы лейтэнант юстыцыі.