За парушэннямі — адказнасць

281

У РАМКАХ Рэспубліканскай праграмы аснашчэння сучаснай тэхнікай і абсталяваннем арганізацый аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, рамонту і мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў на 2011-2015 гады філіял “Красненскі льнозавод” у снежні пазамінулага года атрымаў па лізінгу льноўборачны камбайн “Ліда-U30” коштам 2873,5 мільёна рублёў без ПДВ. На пагашэнне запазычанасці за яго філіялу са сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 85,4 мільёна рублёў. Аднак камбайн летась у работу не задзейнічалі, ён стаяў на тэрыторыі прадпрыемства пад адкрытым небам. Апрача таго, больш трох год тут не знаходзяць прымяненне з пачатку іх набыцця два новыя камбінаваныя пасяўныя агрэгаты “Ферабокс-300-01”. На іх куплю таксама затрачваліся значныя бюджэтныя сродкі — больш 155 мільёнаў рублёў.

Кепска і тое, што філіял не выконвае заданне па пастаўцы доўгага льновалакна для патрэб дзяржавы. Адной з прычын гэтага з’яўляецца незахаванне яго работнікамі Галіновага рэгламенту вырошчвання даўгунца. Так, на значнай плошчы, прызначанай для яго пасеву, утрыманне ў глебе мікраэлементаў не адпавядала нарматыўнаму, не праведзены лушчэнне, поўная апрацоўка гербецыдамі, парушаліся аптымальныя тэрміны ўздыму зябліва, не надавалася належнай увагі якасці ўборкі “паўночнага шоўку”. У ходзе агляду ўчасткаў на Вілейшчыне агульнай плошчай 100 гектараў, на якіх яго выцерабілі ў фазе зелянца без ачоскі галовак, устаноўлена, што апаўшае насенне часткова прарасло, дало ўсходы. А там, дзе ўраджай убіралі ў першую чаргу, лён нават пачаў красавацца. Абмалот ільну на насенне з уборачнай плошчы 1100 гектараў праведзены толькі на 31,8 працэнта. У філіяла мелася магчымасць дадаткова назапасіць 457,5 тоны насення. Дарэчы, у ім мае вострую патрэбу ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, дзе з кастрычніка мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці і розліву харчовага льнянога масла. Аднак сыравінай ён загружаны ўсяго на 17 працэнтаў ад гадавой патрэбы.

На прадпрыемстве дастаткова высокі ўзровень цякучасці кадраў. Толькі за студзень-жнівень мінулага года пры сярэдняспісачнай колькасці работнікаў 104, было звольнена 61 і прынята на працу 56 чалавек. Адна з асноўных прычын гэтага невысокія заробкі і незахаванне тэрмінаў па іх выплаце. На момант праверкі ў філіяле заставаліся вакантнымі пасады начальніка мехатрада, галоўнага інжынера, галоўнага механіка, не хапала двух вадзіцеляў і дзесяці механізатараў, што не дазволіла ў ходзе ўборкі льну задзейнічаць увесь машынна-трактарны парк завода.

І яшчэ. Больш дваццаці год філіял праводзіць рэканструкцыю кацельні, якую ўсё ніяк не завершыць. У прыватнасці, будынак мазута-помпавай станцыі і падстанцыі, пяць ёмістасцей пад мазуту, новы паравы кацёл, зманціраваны ў прыбудове да кацельні, так і не здадзены ў эксплуатацыю. На падстанцыі не ўстаноўлены вокны і дзверы, а дах ужо працякае. І гэта ў час, калі філіял ажыццяўляе вытворчасць цеплавой энергіі як для ўласных патрэб, так і для водпуску юрыдычным і фізічным асобам.

Праверкай выяўлены парушэнні ў вядзенні бухгалтарскага ўліку: на сабекошт прадукцыі неабгрунтавана аднесены затраты па амартызацыі не выкарыстоўваемых на вытворчасці асноўных сродкаў, прэміі, не звязаныя з вытворчай дзейнасцю. Без уліку эканоміі і перарасходу рабілася спісанне на затраты аўтамабільнага паліва. Усё гэта прывяло да фарміравання няпоўнай і недакладнай інфармацыі наконт дзейнасці філіяла і яго фінансавага становішча, атрыманых даходах і панесеных расходах. Па выяўленых парушэннях да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 12 чалавек, да адміністрацыйнай — два. Агульная сума штрафаў склала 174,4 мільёна рублёў.

Маладзечанскі міжраённы Камітэт дзяржаўнага кантролю.