З разлікам на моладзь

260

17 СНЕЖНЯ спаўняецца 85 год Беларускаму кіно. Кінематограф мае слаўную гісторыю, даўно стаў неад’емнай часткай нашага жыцця. І хаця кінатэатр — далёка не адзінае месца, дзе можна зараз паглядзець фільм (тэлевізар, камп’ютэр, DVD), магія белага экрана па-ранейшаму прыцягвае гледача. Днямі сустрэўся з дырэктарам кінавідовішчнага камунальнага унітарнага прадпрыемства «Мядзельская райкінавідэасетка» І. Г. Барысаўцом і папрасіў расказаць, з чым сустракае калектыў гэта свята.
— У нас на сёння ёсць 9 відэапраекцыйных сістэм, — расказвае Ігар Генадзьевіч. — Дзве з іх перасовачныя (выкарыстоўваем у школах і аграгарадках), астатнія — у здраўніцах. Там жа дзейнічаюць і 6 стацыянарных кінаўстановак. За 11 месяцаў бягучага года абслужылі 169 тысяч 100 чалавек, з іх 99,4 тысячы — гэта дзеці.
— Многа гэта, ці мала?
— Вядома, былой напоўненасці кіназалы ўжо не дасягнуць. Тым не менш, у параўнанні з мінулым годам гледачоў дабавілася больш як на 4 тысячы, у тым ліку і на вёсцы. Даход склаў 122 мільёны 633 тысячы рублёў, што больш мінулагодняга на 11 мільёнаў 330 тысяч рублёў.
— Як разумею, вашу аўдыторыю ў большасці складае моладзь.
— Менавіта так. У прыватнасці, наладжаны цесны кантакт са школамі раёна. Акрамя дэманстрацыі мастацкіх стужак, згодна з графікам праводзім кіналекторыі па актуальных пытаннях. У снежні, напрыклад, ужо прайшлі паказы, пры¬свечаныя Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам. Актыўна супрацоўнічаем у гэтым напрамку і з раённым аддзелам культуры.
— А якія цікавыя фільмы чакаюць у бліжэйшым будучым кіна¬гледача?
— Канкрэтна сказаць пакуль не магу, бо рэпертуар забяспечвае наша абласное прадпрыемства. Але ў любым выпадку, мы заўсёды стараемся, каб аматары кіно як мага хутчэй мелі магчымасць паглядзець нашумеўшую навінку. У тым ліку, і філь¬мы айчынных кінематаграфістаў.
Гутарыў
Аляксандр БЫКАЎ.