Ёсць падставы для хвалявання

305

Ёсць падставы для хваляванняНА чарговым пасяджэнні раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў разгледжана некалькі пытанняў. Напачатку была заслухана справаздача кіраўніка справамі Слабодскага сельскага выканаўчага камітэта Галіны Міхайлаўны Бабкевіч. Тэма яе выступлення: “Аб прынятых мерах па прафілактыцы алкагалізму і суіцыдаў на тэрыторыі Слабодскага сельсавета”. У прыватнасці, прамоўца расказала пра дзейнасць усіх грамадскіх фарміраванняў, створаных пры сельвыканкаме, якія займаюцца прадухіленнем гібелі людзей, у тым ліку на пажарах, забеспячэннем абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, прафілактыкай п’янства, суіцыдаў, злачыннасці на аснове сямейна-бытавых адносін. Назвала катэгорыі асоб, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку. Адзначыла, што ўсе зацікаўленыя службы працуюць у цеснай узаемасувязі. Абследуюцца ўмовы пражывання грамадзян. Па магчымасці аказваецца матэрыяльная дапамога сем’ям, якія маюць у ёй патрэбу. Сёлета на тэрыторыі сельсавета здарыліся 2 пажары, на адным з якіх загінуў чалавек. Зарэгістраваны 2 выпадкі суіцыду. А таму работа па павышэнні жыццёвых каштоўнасцей праводзіцца сумесна са святарамі. Да ўдзелу ў ёй запрашаюцца ідэалагічныя работнікі, дэпутаты, старэйшыны вёсак, медыкі, педагогі. Акрамя таго, практыкуецца прыцягненне людзей, схільных да п’янства, якія неналежным чынам адносяцца да выканання сваіх бацькоўскіх абавязкаў, да працы на адведзеных ім для вырошч¬вання гародніны зямельных участках.

Прааналізавала суіцыдальную актыўнасць насельніцтва раёна за 9 месяцаў бягучага года ўрач-псіхатэрапеўт установы аховы здароўя “Мядзельская цэнтральная раённая бальніца” Ганна Іванаўна Хацян. Па яе меркаванні, схільнасць да суіцыдаў у мужчын у 3-4 разы большая, чым у жанчын. Ёсць сярод іх асобы як працаздольныя, так і пенсійнага ўзросту. А ўвогуле за адзначаны перыяд скончылі жыццё самагубствам 8 чалавек, прычым усе праз павешанне. Як адзначыла Ганна Іванаўна, іншы раз нават цяжка разабрацца, чаму чалавек паступае менавіта такім чынам. Некаторыя робяць гэта наўмысна, а ёсць людзі, якія ідуць на такі крок зусім нечакана, хутчэй усяго ў стане эйфарыі. І ніхто не можа прадказаць, а тым больш прадухіліць здзейсненае, бо чалавек сам гаспадар свайго жыцця. Дарэчы, найбольш суіцыдаў учынена ў Нарацкім сельсавеце — 3, 2 — у Слабодскім, па адным — у Мядзельскім, Занарацкім і Сваткаўскім сельсаветах.

Акрамя таго, на пасяджэнні былі разгледжаны даведкі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па апошніх трох фактах самагубства. Характарыстыку асоб, якія так недарэчна пайшлі з жыцця, давялося даваць старшыням Мядзельскага і Сваткаўскага сельскіх выканаўчых камітэтаў Вячаславу Стрэжу, Веры Хацяновіч і кіраўніку справамі Слабодскага сельвыканкама Галіне Бабкевіч.

Вельмі хацелася б, каб на душэўны стан асоб, якія жывуць побач, па-суседству, на ўзаемаадносіны ў сем’ях звярталі ўвагу блізкія людзі, сябры, знаёмыя. І калі б былі своечасова заўважаны праблемы, аказана неабходная псіхалагічная дапамога, магчыма, такіх выпадкаў удалося б пазбегнуць.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.