ЯНЫ з кагорты людзей, якіх называюць сапраўднымі пажарнымі-выратавальнікамі — разумныя, дужыя, самаадданыя, здольныя ў любой сітуацыі прыняць правільнае рашэнне. Яны — байцы, якія гатовы рызыкаваць уласным жыццём дзеля выратавання іншага. І ў той жа час гэта звычайныя і сціплыя людзі. Усе гэтыя словы датычаць камандзіра аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзел старшага прапаршчыка ўнутранай службы Сяргея Міхайлавіча Паршуты і старшага пажарнага старшыны ўнутранай службы Паўла Мікалаевіча Багуцкага.
Шлях Сяргея ў пажарную службу ў многім нагадвае дзясяткі такіх шляхоў яго аднагодкаў. Адслужыўшы тэрміновую службу, у 1993 годзе ён вярнуўся дадому. Праз год уладкаваўся ў ваенізаваную пажарную часць г. Мядзел. За гэтыя 18 год службы яму давялося тушыць жылыя дамы, вытворчыя памяшканні, аўтамабілі. Часам вымушаны быў лезці ў самае «пекла». Шмат адпрацаваў на тушэнні тарфянікаў. Акрамя сваёй непасрэднай працы па тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, Сяргей выконвае яшчэ шмат работы па будаўнічай частцы. Ён з’яўляецца добрым майстрам у цяслярнай справе.
Павел Багуцкі да прыходу ў пажарную службу ахоўваў нашу Радзіму на мяжы. Адпрацаваўшы памочнікам начальніка пагранічнага паста на паўночных рубяжах нашай краіны, па рэкамендацыі камандавання пагранічнай службы быў прыняты ў 2008 годзе на службу ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 г. Мядзел. За кароткі тэрмін набыў неабходныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі па тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Сваёй добрасумленнай працай
ён заваяваў аўтарытэт і павагу ў калег.
На такіх людзей, як камандзір аддзялення Сяргей Паршута і старшы пажарны Павел Багуцкі, імкнуцца раўняцца ўсе маладыя хлопцы, якія прыходзяць на службу ў пажарныя аварыйна-выратавальныя пад-
раздзяленні раёна.
Д. ЧАРНЯЎСКІ.
Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
На здымку: камандзір аддзялення старшы прапаршчык унутранай службы
С. М. Паршута і старшы пажарны старшына ўнутранай службы П. М. Багуцкі.