Яніна Дземідовіч заняла першае месца ў конкурсе на лепшы ветэранскі падворак

336

ПАДВОРАК жыхаркі Будслава Яніны Дземідовіч з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках. На яго звяртаюць увагу ўсе, хто праходзіць непадалёку ад дома, дзе жыве руплівая гаспадыня. Нездарма па выніках раённага этапа конкурсу на лепшы ветэранскі падворак ён падзяліў першае месца з падворкам Ірыны Ракецкай.

Яніна Дземідовіч мясцовая. У аграгарадку жыве дагэтуль. Практычна ўсё жыццё прысвяціла рабоце ў школе. Калегі і цяпер успамінаюць Яніну Вацлаваўну як таленавітага і творчага настаўніка, краязнаўцу, які на ўроках і ў пазакласнай рабоце шырока выкарыстоўваў мясцовы матэрыял. Сцэнарыі для многіх мерапрыемстваў, якія рыхтавала сама, педагог дапаўняла ўласнымі вершамі — вельмі мілагучнымі, шчырымі, прыгожымі. Была і класным кіраўніком, якога любілі і дзеці, і іх бацькі. Яе вучні неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд, розных прэстыжных конкурсаў. І нават тыя, хто выбраў для сябе простыя рабочыя прафесіі, сёння з павагай згадваюць пра настаўніцу, якая прывівала ім любоў да малой радзімы, да Айчыны, да роднай матчынай мовы.
— Кветкамі займаюся здаўна, нават калі яшчэ працавала і не мела
на сваё захапленне шмат часу. А як пайшла на заслужаны адпачынак, увогуле сябе прысвяціла ім, — кажа жанчына — Мне кветкі ствараюць добры настрой, радуюць. Часам размаўляю з імі, як з жывымі істотамі. Напэўна, за клопат яны мне таксама адказваюць любоўю: добра растуць, цвітуць. Догляд за раслінамі патрабуе пастаяннай увагі, часу. Але такі занятак у мяне для душы. Ды і хочацца, каб было прыгожа. Улетку, калі нічым не занятая, іду на двор, праходжваюся каля клумбаў, кустоў, любуюся імі. Удыхаю прыемны кветкавы водар і захапляюся гэтым хараством. Вядома, адной утрымліваць вялікую тэрыторыю было б цяжкавата. Аднак мне дапамагаюць дзеці. Работы па абкошванні ўчастка каля пабудоў, дрэў узяў поўнасцю на сябе сын. Ён займаецца гэтым, калі прыязджае з сям’ёй да мяне і да бацькоў сваёй жонкі, якая таксама мясцовая. З праполкай дапамагаюць дачка з нявесткай. Гараджанам работа на зямлі таксама прыносіць супакой, дазваляе расслабіцца, адпачыць. А яшчэ маё хобі — фатаграфаваць кветкі. Здымкаў у мяне вельмі шмат, захоўваю на планшэце. У вольны час, асабліва зімой, з задавальненнем разглядваю іх. І такую радасць дастаўляе гэты занятак — не расказаць. Хоць навокал зіма, сцюжа, адна сяджу ў пустым доме, а на душы — радасць, настрой уздымаецца. Такое ўяўленне, што ад кветак з фотаздымкаў ідзе нябачнае святло, ад якога робіцца проста і лёгка.

На падворку, дзе жыве ветэран педагагічнай працы, не знойдзеш нават зусім маленькага пустога кавалачка зямлі: усё кругом засаджана кветкамі ці кустамі

Яніна Дземідовіч заняла першае месца ў конкурсе на лепшы ветэранскі падворак

Растуць і садовыя дрэвы. Навокал выключны парадак. У прыемны колер пафарбаваны хата, пабудовы, плот. Ствараюць прыгажосць, утульнасць таксама кветкі, высаджаныя ў гаршкі, якія развешаны ля дома, іншых будынкаў. Яны выдатна ўпісваюцца ў агульную кампазіцыю, дапаўняюць яе.
У доме шмат вазонаў. Яны стаяць на падаконніках, стале, нават па падлозе. Як квітнеючыя, так і зялёныя. Растуць герберы, герані, хрызантэмы… Гаспадыня іх даглядае, палівае. Успамінае, што, калі працавала ў школе, у яе кабінеце было нашмат больш пакаёвых кветак, чым у астатніх. Калі праводзіліся адкрытыя ўрокі, іншыя мерапрыемствы, госці, якія на іх прыязджалі, заўсёды дзівіліся маляўнічым зялёным кутком, створаным у класным пакоі, і нават прасілі даць ім парастак, каб завесці тую ці іншую расліну ў сябе. Яніна Вацлаваўна ніколі нікому не адмаўляла, шчодра дзялілася сваімі вазонамі. Нават цешылася з таго, што ёсць яшчэ кветкаводы-аматары.
Засталося дадаць, што на мінулым тыдні Яніна Вацлаваўна прымала гасцей. Да яе завіталі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Валасевіч і адказны сакратар гэтага грамадскага аб’яднання Святлана Мінчук. Прыехалі з дыпломам — за першае месца ў конкурсе ветэранскіх падворкаў і каштоўным падарункам, якія гаспадыні ўручыў Уладзімір Васільевіч.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота забяспечана раённым саветам ветэранаў.

Фото иллюстрационное, pixabay.com