Як не стаць ахвярай цэркарыёзу

308

ЛЕТА ў самым разгары. Сотні лю­дзей у спякоту імкнуцца адпачыць на берагах вадаёмаў. Але многіх непакоіць пытанне: «Як сёлета са «свербам купальшчыка» (іншымі словамі, з праблемай цэркарыёзу) у возеры Нарач?». Мена­віта з такім пытаннем звярнуўся да намесніка генеральнага дырэктара НП «Нарачанскі» па навуковай рабоце В. С. ЛЮШТЫКА. Вось што ён адказаў:

— Нагадаю, што адно з заданняў Дзяржаўнай праграмы экалагічнага аздараўлення возера Нарач, якая завершана ў 2008 годзе, прадугледж­вала распрацоўку комплексу мер па зніжэнні рызыкі распаўсюджвання шыстасомнага цэркарыёзу ў Нарачанскім рэгіёне. Варта адзначыць, што гэтаму пытанню надаецца самая сур’ёзная ўвага з боку райвыканкама, кіраўніцтва Нацпарку, раённых санітарнай і ветэрынарнай службаў, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, здраўніц. Штогод распрацоўваецца план мерапрыемстваў па зніжэнні рызыкі яго распаўсюджвання ў рэгіёне, які зацвярджаецца рашэннем райвыканкама і з’яўляецца абавязковым для выканання ўсімі зацікаўленымі ўстановамі і арганізацыямі.

— Валерый Сямёнавіч, а як на практыцы?

— Асноўныя намаганні, у адпаведнасці з навуковымі рэкамендацыямі, накіраваны на зніжэнне колькасці вадаплаўных птушак у прыбярэжнай зоне возера Нарач. Вучоныя-заолагі лічаць, што калі на працягу 2-3 гадоў не дапускаць птушак-пераносчыкаў дадзенай інвазіі ў раён пляжных зон, то, магчыма, праблему цэркарыёзу ўдасца вырашыць поўнасцю. Вось таму супрацоўнікі Нацпарку актыўна, пачынаючы з сакавіка праводзілі адпуджванне вадаплаўных птушак, а таксама іх адстрэл для навуковых мэт. У прыватнасці, для даследавання на наяўнасць гельмінтаў у арганізме гэтых птушак. На жаль, сёлета Мінпрыроды адмовіла ў дазволе на адпуджванне птушак у курортнай зоне ў летні час. А гэта можа прывесці да павелічэння носьбітаў паразітаў.

Але, што можам, тое і робім. З мая ў раёне пляжных зон спецыяльнай касілкай праводзім выбарачнае выкошванне надводнай расліннасці (каб выключыць магчымасць гнездавання птушак), а таксама прыбіраем прыбярэжную тэрыторыю. Гэтыя меры дазваляюць выдаліць качак з раёнаў пляжаў і тым самым зменшыць рызыку распаўсюджвання цэркарыёзу.

— З якімі праблемамі пры гэтым сутыкаецеся?

— Галоўнай перашкодай з’яўляецца нізкая культура людзей, якія адпачываюць на возеры Нарач. Нягле­дзячы на праводзімую растлумачальную работу, можна бачыць дзяцей і дарослых, якія «клапоцяцца» пра лебедзяў, чаек і іншых птушак, кормячы іх у прыбярэжнай зоне. У вырашэнні дадзенай праблемы патрэбна падтрымка з боку адміністрацый здраў­ніц і ўстаноў адпачынку ў правядзенні рас­тлумачальнай работы сярод рэкрэантаў аб недапушчальнасці прыцягвання птушак на мелкаводдзе.

— Раскажыце, калі ласка, якія яшчэ праводзяцца мерапрыемствы па барацьбе з цэркарыёзам?

— Прымяняецца метад дэгельмін­тызацыі  птушак — лячэнне спецыяльным лекавым прэпаратам, які змяшаны з камбікормам. Гэтай справай займаюцца спецыялісты ветэрынарнай службы раёна. З пачатку лета праводзіцца рэгулярны збор малюскаў у раёне пляжаў. За чэрвень іх сабрана больш за 6000.

Акрамя гэтага, на некаторых пляжах з’явіліся прыгожыя плывучыя платформы. Яны дазваляюць, як кажуць, па-сухому прайсці да глыбакаводнай часткі возера. Устаноўка такіх платформ — гэта адна з апошніх навуковых рэкамендацый, якая дазво­ліла яшчэ больш паменшыць  рызыку заражэння лічынкамі цэркарый. Такімі платформамі абсталяваны пляжы санаторыяў «Спадарожнік», «Нарач», НДЦ «Зубраня», а таксама галоўны пляж курортнага пасёлка — «Урлікі». Прычым для санаторыя «Нарач» платформу сёлета набыў Нацпарк.

— Валерый Сямёнавіч, што вы можаце параіць адпачываючым?

— Паколькі праблема цэркарыёзу на возеры Нарач поўнасцю не вырашана, то раю адпачываючым і купальшчыкам праяўляць высокі ўзровень культуры. Гэта азначае захоўваць медыцынскія рэкамендацыі пры купанні і пасля яго (пра­вільна выбіраць месца для купання, абавязкова абмыць цела пад душам пасля выхаду з вады і г. д.). Заўсёды памятайце, што нельга прыцягваць птушак на мелкаводдзе і на бераг кармленнем. Выконваючы гэтыя рэкамендацыі, вы значна знізіце верагоднасць атрымаць «сверб купальшчыка» пасля прыняцця водных працэдур.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.