Як налічваецца зямельны падатак?

131

Як налічваецца зямельны падатак?ШТОГОД мне прыходзіць паведамленне на плату зямельнага падатку. Хацела б даведацца, як вызначаецца плошча зямельнага ўчастка, за які ажыццяўляецца налічэнне? Дзе можна выплаціць падатак, бо пражываю ў сельскім населеным пункце, дзе няма ні паштовага аддзялення, ні ўстановы банка?

Ірына Сцяпанаўна.

За адказам на пастаўленыя пытанні звярнуліся да начальніка аддзела кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Т. М. МАЛЕВІЧ:

— У адпаведнасці з п. 3 артыкула 202 Падатковага кодэкса падставамі для вылічэння зямельнага падатку з’яўляюцца дзяржаўны акт на зямельны ўчастак, пасведчанне на права часовага карыстання зямельным участкам, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое з’яўляецца падставай для ўзнікнення ці пераходу права на зямельны ўчастак. Таксама звесткі аб наяўнасці зямель (у тым ліку звесткі, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры кошту зямельных участкаў дзяржаўнага зямельнага кадастру, звесткі (плошча, функцыянальнае выкарыстанне, мэтавае прызначэнне і кадастравы кошт зямельнага ўчастка на 1 студзеня падатковага перыяду), якія прадастаўляюцца землеўпарадкавальнымі службамі мясцовых выканаўчых камітэтаў, звесткі, якія ўтрымліваюцца ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак і прадастаўляюцца тэрытарыяльнымі арганізацыямі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Такім чынам землеўпарадкавальнай службай раёна штогод па стану на 1 студзеня падатковага перыяду прадастаўляюцца звесткі пра плошчу зямельнага ўчастка, які займаецца.

Заплаціць зямельны падатак і падатак на нерухомасць за 2013 год плацельшчыкі — фізічныя асобы павінны не пазней 15 лістапада бягучага года. Ажыццявіць гэта можна любым зручным спосабам: шляхам унясення сумы падатку наяўнымі грашовымі сродкамі ў банк, падатковы орган, сельскі выканаўчы і распарадчы орган альбо аператару паштовай сувязі, а таксама праз інфакіёскі. Плацельшчыкі маюць права разлічыцца за падаткі датэрмінова.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.