Як арганізавана псіхалагічная дапамога асобам, якія злоўжываюць спіртным

420

Аддзяленне адаптацыі і рэабілітацыі ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” ажыццяўляе прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах да асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. З імі праводзіцца інфармацыйна-кансультацыйная работа, накіраваная на тлумачэнне згубнага ўплыву алкаголю на здароўе чалавека. Прапагандуецца пры гэтым таксама неабходнасць вядзення здаровага ладу жыцця.

Як сведчыць зроблены аналіз, на злоўжыванне алкагольнымі напіткамі аказваюць ўплыў многія фактары. Галоўныя з іх наступныя: узровень жыцця людзей; культура ўжывання спіртнога; віды спіртных напіткаў, якімі найчасцей карыстаецца насельніцтва. На працяглых адрэзках часу алкагалізм можа быць сфарміраваны ўжываннем піва, віна і іншых алкагольных напіткаў. Больш хутка і агрэсіўна ён развіваецца пры злоўжываннях моцнымі напоямі.

Псіхалагічная дапамога звычайна накіравана на карэкціраванне эмацыяльнага стану пацыента, аказанне яму дапамогі ў фарміраванні індывідуальных жыццёвых каштоўнасцей, плана цвярозасці. Эфектыўнасць лячэння алкагольнай залежнасці поўнасцю залежыць ад самога хворага — яго сілы волі і жадання змяніць сваё жыццё. Сацыяльная і псіхалагічная рэабілітацыя асоб, якія пакутуюць ад гэтага захворвання, уключае ў сябе псіхалагічнае ўздзеянне на свядомасць пацыента, работу са сваякамі, выпрацоўку адпаведнай стратэгіі і метадаў лячэння алкагольнай залежнасці, з наступнай псіхалагічнай работай па падтрыманнні эмацыянальна-валявой сферы чалавека.

У сувязі з тым, што алкагалізацыя насельніцтва ў нашай краіне паступова расце, кожны павінен памятаць, што, па-першае, пры ўжыванні спіртных напіткаў ва ўсіх павінна быць пачуццё меры. Па-другое, спіртныя напоі ніякім чынам не змяншаюць узнікшыя праблемы, а, наадваарот, іх узмацняюць, ствараючы ў душы пустату. Па-трэцяе, калі вы не змаглі 3-4 дні абысціся без алкаголю, ведайце: вы знаходзіцеся на этапе фарміравання алкагольнай залежнасці.

У выпадку ўзнікнення цяжкай жыццёвай сітуацыі, не вырашайце яе алкаголем, а лепш звярніцеся за псіхалагічнай дапамогай у аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Мы, спецыялісты, заўсёды будзем рады вас падтрымаць, даць слушную параду, дапамагчы, як кажуць, і словам, і справай. А знаходзімся мы па адрасе: г. Мядзел, вул. Ленінская, д. 75. Можна таксама патэлефанаваць на нумарах: 22-3-11, 21-1-11.

Яшчэ Джэк Лондан сказаў: “Алкагалізм — гэта параджэнне варварства — мёртвай хваткай трымае чалавецтва з усіх часоў сівой і дзікай даўніны і збірае з яго страшэнную даніну, якая з’ядае маладосць, падрывае сілы, заглушае энергію, губіць лепшы цвет роду людскога”. Давайце задумаемся над значэннем сказанага і зробім, пакуль не позна, усё залежачае, каб не даць развіцца згубнай звычцы, якая нясе пагібель не толькі нам самім, але гора і слёзы ў сем’і, прымушае пакутаваць нашых родных і блізкіх.

Т. ТАНАНА.
Псіхолаг ДУ “Мядзельскі ТЦСАН”.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц