“Я — шчаслівая!” — сцвярджае мнагадзетная мама з вёскі Чараўкі Вікторыя Сяклюцкая

133

“Я — шчаслівая!” --  сцвярджае мнагадзетная мама з вёскі Чараўкі Вікторыя  СяклюцкаяМЕНАВІТА так сцвярджае мнагадзетная мама з вёскі Чараўкі Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая. А ўсё таму, што займаецца тым, што любіць, а любіць тое, чым займаецца. Свет захапленняў жанчыны вельмі шырокі. Па-першае, гэта дзеці. Як свае, так і вучні. Матуля з радасцю і цікавасцю назірае, як паступова з маленькага, кволага чалавечка вырастае і фарміруецца асоба.

Уласных дзетак у В. В. Сяклюцкай чацвёра. Так здарылася, што лёс выпрабоўваў сямейную пару. Першынец з’явіўся на свет кволым, хваравітым. Арцём — дзіця-інвалід. Але, не зважаючы на гэта, не адмовіліся бацькі ад сыночка, акружылі яго пяшчотай і любоўю. І Бог узнагародзіў іх за гэта: падараваў трох цудоўных дачушак. Старэйшай дзяўчынцы ўжо трынаццаць. Яна — добрая, шчырая, галоўная маміна памочніца ў хатніх справах. А яшчэ і выдатніца. Ксеніі — сем. Сёлета стала першакласніцай, чым вельмі ганарыцца. Добра чытае, шмат ведае па розных прадметах. Дзяўчынка расце адчайнай і бясстрашнай. Яна з задавальненнем “ганяе” на веласіпедзе, а зімой — на лыжах і санках. Умее таксама нядрэнна плаваць. Мар’яне хутка споўняцца тры годзікі. Гэта ўсеагульная любіміца, маміна пястушка. Малышка расце ласкавай, пяшчотнай, цікаўнай і дапытлівай. Нядаўна дзяўчынка пачала наведваць дзіцячы садок.

Дзеці акружаюць В. В. Сяклюцкую не толькі дома, але і на працы. Яна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі-інтэрната г. Мядзел. Любімая работа — другое захапленне жанчыны. Як сцвярджаюць калегі-педагогі, урокі Вікторыі Вячаславаўны не падобныя адзін на адзін. Настаўнік вельмі творча падыходзіць да іх падрыхтоўкі, выкарыстоўвае новыя формы і метады навучання, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей сваіх вучняў. В. В. Сяклюцкая не толькі вучыць на сваіх уроках, але і выхоўвае, умела выкарыстоўваючы для гэтай мэты багаты матэрыял роднай мовы і літаратуры. У 2005 годзе педагог была пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства настаўнікаў і прадстаўляла Нарачанскі край на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года-2006”.

Трэцяе захапленне жанчыны — кнігі. Яе прынцып: “ні дня без радка”. У неабходнасці сябраваць з кнігай пастаянна пераконвае і дзяцей. Пры гэтым заўсёды паўтарае: “Кніга адкрывае свет”. А яшчэ Вікторыя Вячаславаўна часам бярэцца за пяро і сама. У творчай душы, дзякуючы натхненню, нараджаюцца вершы. Яшчэ яна піша нарысы, эсэ.

Сяклюцкія жывуць ва ўнікальным куточку Мядзельшчыны. Побач прыгажуня Нарач, каля дома мноства кветак, сад, альтанкі, вялікія валуны. Аднойчы на сямейным савеце муж з жонкай вырашылі на сваім падворку стварыць аграэкасядзібу, каб тым хараством, што іх штодзённа акружае, дзяліцца з іншымі людзьмі. Цяпер да іх кожнае лета прыязджаюць на адпачынак турысты. Гаспадары частуюць іх нарачанскай юшкай, чаем на зёлках, расказваюць легенды і паданні пра родную зямлю. Краязнаўства — яшчэ адно захапленне Вікторыі Вячаславаўны. Яна шмат ведае пра любую Мядзельшчыну сама і сваімі ведамі ахвотна дзеліцца з гасцямі цудоўнага азёрнага краю.

Жанчына любіць з дзяцінства падарожжы. Па яе меркаванні, дзякуючы менавіта дарогам, пазнаецца навакольны свет. Магчыма яна і мае рацыю, бо, седзячы дома, сапраўды мала што будзе ведаць. Усёй дружнай сям’ёй Сяклюцкія займаюцца пазнавальным турызмам па Беларусі. Цікавыя паездкі, сустрэчы з новымі людзьмі даюць ім запас бадзёрасці, аптымізму.

Захапленнямі Вікторыі Вячаславаўны з’яўляюцца яшчэ рэжысура, удзел у фальклорнай групе, фітнэс, занятак вышыўкай, фатаграфіяй. Жанчына сцвярджае, што ў яе шмат захапленняў і інтарэсаў, менавіта дзякуючы добраму і клапатліваму мужу. Ён — рэалізатар жончыных ідэй. Ва ўсім падтрымлівае каханую, дапамагае ёй.

У каханні і павазе адзін да аднаго імкліва бягуць дні. Дзеткі ўмацавалі сямейны фундамент, ён цвёрда і ўпэўнена стаіць на зямлі. Вельмі хочацца, каб і надалей сонейка ласкава свяціла ў вокны іх утульнага дома, сагравала сваім цяплом. Каб шчасце і радасць назаўсёды пасяліліся ў ім.

М. СВІРСКАЯ.