Таварыства выратавання на водах папярэджвае: вясной лёд каварны

64

УСТАЛЯВАЛІСЯ па-сапраўднаму вясеннія дзянькі. Хоць ноччу падмарожвае, але ўдзень — “плюс”. Аднак трэба памятаць, што пад уздзеяннем прамянёў сонца лёд на вадаёмах становіцца рыхлым і нямоцным. У такі перыяд трываласць яго абманлівая. Пра гэта папярэджвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Андрэй КУПРЭВІЧ.

— Неабходна ведаць, што, калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за 00 больш за тры дні, трываласць лёду памяншаецца на 25%. І гэта адбываецца даволі хутка. Таму б не раіў у такі перыяд адпраўляцца на рыбалку. Тым больш гэта нельга рабіць у нецвярозым стане. Паверце, ніякая нават самая багатая здабыча не зможа кампенсаваць страту здароўя, а яшчэ горш — жыцця чалавека. Не трэба таксама скарачаць шлях і ісці па вадаёме.

 

Хачу нагадаць: трывалы лёд — празрысты, сіняга ці зялёнага адцення. Белы — у два разы менш трывалы. Матава-белы альбо з жаўтаватым адценнем — вельмі небяспечны.
Калі ўсё ж вы праваліліся пад лёд, не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, стабілізуйце дыханне. І колькі ёсць сілы клічце на дапамогу. Але і самому не трэба бяздзейнічаць.

Неабходна раскінуць рукі ў бакі і паспрабаваць зачапіцца за трывалы лёд, прыдаўшы целу гарызантальнае становішча па накіраванні цячэння. Потым асцярожна налегчы грудзьмі ці плячамі на край лёду і паспрабаваць закінуць на яго адразу адну, а пасля другую нагу. Калі лёд вас вытрымаў, перакочваючыся, павольна паўзіце да берага. Калі ж не — паспрабуйце перамяшчацца ў той бок, адкуль прыйшлі на возера ці раку.

Акрамя таго, раю хлопчыкам і дзяўчынкам не збірацца на лёдзе групамі. У перыяд ледаходу нельга падыходзіць блізка да ракі, возера. Катэгарычна забараняецца катацца на плывучых ільдзінах. Дарослыя павінны расказваць дзецям правілы паводзін на воднай паверхні, забараняць ім выходзіць на вясновы лёд.

Абавязак бацькоў — выхоўваць сваіх сыноў і дачок, клапаціцца пра іх фізічнае і псіхічнае развіццё, маральныя якасці. Важна памятаць і тое, што за пакіданне малалетніх у небяспецы прадугледжана крымінальная адказнасць.
У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пакіданне ў небяспецы” — заведамае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане і не можа прыняць меры па самазахаванні па малалецтве, старасці, хваробе або па прычыне сваёй бездапаможнасці, у выпадках, калі вінаваты меў магчымасць аказаць пацярпеламу дапамогу і быў абавязаны пра яго паклапаціцца, — караецца арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

Асноўнае правіла бяспекі — не рызыкаваць самому і не дазваляць гэта рабіць іншым. Беражыце сябе і сваіх родных!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.