Вясновы лёд вельмі небяспечны

422

ПАД уздзеяннем прамянёў вясновага сонца лёд на вадаёмах становіцца рыхлым і нямоцным. У такі перыяд трываласць яго абманлівая. Таму выходзіць на вадзяную паверхню вельмі небяспечна. Аб гэтым прапанаваная ніжэй гутарка са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Андрэем КУПРЭВІЧАМ.

— Калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за 0 градусаў па Цэльсію больш за тры дні, трываласць лёду змяншаецца на 25%. Прычым гэта адбываецца досыць хутка. Можа стацца так, што рыбаку, які адправіўся раніцай на возера адным шляхам, давядзецца выбірацца на бераг ужо іншым: пераадольваючы вялікія адлегласці, амаль што ўплаў.

— Так што рыбакам зараз лепш не рызыкаваць…

— Вядома. Па нетрывалым лёдзе не трэба адпраўляцца на рыбалку. Тым больш гэта нельга рабіць у нецвярозым стане. Перш, чым прыняць такое неабачлівае рашэнне, падумайце пра сябе і сваіх блізкіх. Бо ніякая, нават вельмі багатая здабыча ніколі не заменіць жыццё чалавека. Таму аматарам рыбнай лоўлі раю быць вельмі ўважлівымі, сачыць за трываласцю лёду, каб не рызыкаваць. Нагадаю, што, збіраючыся на рыбную лоўлю, абавязкова трэба ўзяць з сабой выратавальную камізэльку ці нагруднік, вяроўку даўжынёй не менш за 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім. Нельга таксама бурыць шмат лунак на блізкай адлегласці (менш за 5-6 метраў).

— Ці можна візуальна вызначыць трываласць лёду?

— Так. Калі лёд празрысты, сіняга ці зялёнага адцення — ён трывалы. Трываласць белага ў два разы меншая. Матава-белы альбо з жаўтаватым адценнем — вельмі небяспечны.

— Як сябе трэба весці, калі праваліліся пад лёд?

— Найперш, не панікаваць. Не рабіць шырокіх рухаў, стабілізаваць дыханне. Патрэбна раскінуць рукі ў бакі і паспрабаваць зачапіцца за трывалы лёд, прыдаўшы целу гарызантальнае становішча па накіраванні цячэння. І колькі ёсць сілы, клікаць іншых на дапамогу. Неабходна асцярожна налегчы грудзьмі ці спіной на край лёду і паспрабаваць закінуць на яго адразу адну, потым другую нагу. Калі лёд вас вытрымаў, перакочваючыся, трэба паціху адпаўзаць да берага. Калі не — пажадана шукаць іншыя варыянты. Адзін з іх — паспрабаваць перамяшчацца ў той бок, адкуль прыйшлі на возера ці раку.

— На вадаёмах часам збіраюцца і дзеці…

— Хлопчыкам і дзяўчынкам хачу параіць не катацца па нетрывалым лёдзе на санках і каньках, не збірацца групамі, бо гэта небяспечна для жыцця. У перыяд ледаходу нельга падыходзіць блізка да ракі, возера. Катэгарычна забараняецца катацца на плывучых ільдзінах. Бацькі павінны тлумачыць дзецям правілы паводзін на воднай паверхні. Забараняць ім выходзіць на вясновы лёд, які пры плюсавой тэмпературы становіцца рыхлым і нямоцным.

— Калі чалавек стаў відавочцам няшчаснага выпадку на вадзе, што яму рабіць?

— Адразу набіраць нумары экстранай дапамогі 101 альбо 112.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота photosight.ru