Вечарына памяці былога старшыні калгаса Антона Стомы адбылася ў Занарачы

420

ЦУДОЎНУЮ вечарыну “Добрыя людзі — зямлі ўпрыгажэнне”, прысвечаную светлай памяці былога старшыні праўлення калгаса “Шлях да камунізму” Антона СТОМЫ, правяла ў аграгарадку Занарач раённая арганізацыя ветэранаў. Сабраліся тутэйшыя жыхары, завіталі госці з Мядзела.

Сустрэча атрымалася задушэўнай дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы. У Доме культуры не толькі распрацавалі сцэнарый мерапрыемства, але і аформілі багатыя стэнды са здымкамі і публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі пра дасягненні гаспадаркі, яе кіраўніка і лепшых працаўнікоў, сярод якіх пераважная большасць — са старонак “Нарачанскай зары” былых год, якія ўжо сталі гісторыяй.

Вечарына памяці былога старшыні калгаса Антона Стомы адбылася ў Занарачы
На стэндзе — тэматычныя публікацыі
Вечарына памяці былога старшыні калгаса Антона Стомы адбылася ў Занарачы
Узнагароды легендарнага старшыні калгаса

З роляй вядучых удала справіліся мясцовыя культарганізатары Людміла Прышчэп і Святлана Норка, а таксама загадчыца сельскай бібліятэкі Людміла Валадкевіч.
Першаму далі слова старшыні раённага аб’яднання ветэранаў Уладзіміру Валасевічу. Уладзімір Васільевіч пачаў з таго, што яны прынялі рашэнне ўспомніць добрым словам людзей азёрнага краю, якія пакінулі яркі след у развіцці Мядзельшчыны. Безумоўна, да гэтай слаўнай кагорты сапраўдных кіраўнікоў адносіцца і Антон Аляксеевіч Стома. 38 год ён узначальваў гаспадарку, слава пра якую ішла далёка за межамі раёна.
— У 1973 годзе пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума, — дадаў Уладзімір Валасевіч, — я прыйшоў працаваць брыгадзірам у калгас “17 верасня”, узначальваў камсамольскую арганізацыю. Тады яшчэ не ведаў Антона Аляксеевіча асабіста, аднак чуў нямала добрага пра калгас “Шлях да камунізму” і яго старшыню Стому, на якога заклікалі раўняцца на розных вытворчых нарадах, канферэнцыях. І толькі пазней, калі ўжо сам узначальваў калгас “Бальшавік”, а потым і ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама, добра пазнаёміўся з Антонам Аляксеевічам. Скажу так: калі хацелася адпачыць душой, ехаў у Занарач, бо там заўсёды з толкам працавалі на палях і фермах, пастаянна ўкаранялі штосьці перадавое. Больш за тое, у кіраўніка заўсёды мелася пра запас нешта цікавае для калгаснай вытворчасці і на заўтра, таму паслухаць Антона Стому было і цікава, і карысна…

Вечарына памяці былога старшыні калгаса Антона Стомы адбылася ў Занарачы
Архіўнае фота: Антон Стома з унукамі на беразе Нарачы

У 1963 годзе, калі Антон Аляксеевіч прымаў гаспадарку, наўрад ці задумваўся, колькі год яму наканавана ўзначальваць калгас. Тым не менш, ужо тады адчуваў, што знайшоў справу свайго жыцця і нікуды з гэтай зямлі не дзецца. Шмат пазней яму неаднойчы прапаноўвалі пайсці на павышэнне, аднак не пагадзіўся, бо “быць старшынёй таксама не кожнаму дадзена”. Хаця напачатку даводзілася, ой як нялёгка! Вось што ён ўспамінаў пра той час:
— Калі прыехаў у гаспадарку ў пачатку ліпеня, там пачыналася ўборка збожжавых. 24-га далі людзям участкі на сена касіць, яны і кінуліся туды. Стаю ў вёсцы на скрыжаванні і пытаюся: “Ну чаму вы не ідзяце жыта жаць?” А мне ў адказ: “А я не ў калгасе”, хаця з вяскоўцаў мала хто тады не быў калгаснікам. Людзей яшчэ, зразумела, не ведаў.
У рэшце рэшт кіраўніку ўдалося знайсці кантакт з падначаленымі. Дзеля гэтага нават давялося аднойчы стаць за малатарню і прадэманстраваць, колькі збожжа можна адгрузіць ад яе за змену. Працаваў з памочнікамі да поту, але ж і вынік уразіў: замест звычайных дзвюх-трох тон “выдаў” трынаццаць! З падобных “цаглінак” і складваўся паступова аўтарытэт. На працадзень спярша выдавалі па 200 грамаў збожжа з пацярухай і па 4 капейкі грашыма. Каб змяніць сітуацыю да лепшага, кіраўнік абзавёўся лічыльнікамі. Дапамагала слаба, бо даходаў хранічна не хапала, аднак старшыня ўпарта спасцігаў законы эканомікі. Жыва цікавіўся вопытам лепшых гаспадарак краіны, таго ж патрабаваў і ад спецыялістаў. За аснову браў такі падыход: не можаце самі нічога добрага прыдумаць — пераймайце ў лепшых.
На гэту акалічнасць звярнуў увагу прысутных і былы сакратар парткама калгаса “Шлях да камунізму” Канстанцін Асаевіч. Канстанцін Андрэевіч успомніў, як яны ездзілі з Антонам Стомам вывучаць вопыт лепшых калгасаў Слуцкага раёна, калі там быў першым сакратаром райкама партыі зямляк Зянон Ломаць з Карабанаў.
— Калі ўжо старшыня калгаса Антон Стома, — расказаў Канстанцін Асаевіч, — ставіў задачу, то абавязкова выконваў. Гэта быў чалавек слова і справы! Увесь час вучыўся сам і іншых вучыў. Бо разумеў, што добры кіраўнік павінен многае ведаць. Скончыў спачатку фінансавы тэхнікум у Навагрудку, потым — сельскагаспадарчы, на завяршэнне атрымаў вышэйшую эканамічную адукацыю. Адзін год, памятаю, калгас даў накіраванні чатыром выпускніцам школы ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Такая адукацыя лічылася прэстыжнай. А яшчэ Антон Аляксеевіч умеў знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый.
У пацвярджэнне сказанага Канстанцін Асаевіч распавёў, як у бытнасць яго дырэктарам мясцовай школы (а прыехаў у Занарач у 1970 годзе) будавалі інтэрнат для вучняў з аддаленых вёсак. Рабілі ўсё гаспадарчым спосабам, на зруб выкарысталі адну з былых школ раёна, якая пуставала. У красавіку яе разабралі, перавезлі, а да 7 лістапада інтэрнат быў гатовы. Заставалася ўцяпліць цеплатрасу. А як, а чым? З прамысловымі будаўнічымі матэрыяламі тады была вялікая праблема. Паехаў Канстанцін Андрэевіч па дапамогу ў Мядзел. Аднак і адтуль вярнуўся ні з чым. Расказаў пра гэта Антону Стому, а на другі дзень зноў адправіўся па справах у райцэнтр.
— Калі вяртаўся дадому,— ажно дзівіўся Канстанцін Асаевіч, — убачыў каля школы два вялікія грузавікі са шклаватай. Аказалася, паклапаціўся Антон Аляксеевіч. З гэтымі плітамі ўправіліся літаральна за пару дзён, засялілі інтэрнат у вызначаны тэрмін. Колькі падобных выпадкаў здаралася з тае пары — не пералічыць. Працаваць побач з такім кіраўніком — адно задавальненне. Таму і ўспамінаю Антона Стому самымі лепшымі словамі — як добрага, разумнага, клапатлівага і энергічнага кіраўніка…

Павел Жукаў.

Фота аўтара і архіўныя.

Поўнасцю рэпартаж з вечара памяці чытайце ў сённяшнім нумары газеты (№86 за 9.11.2022)