Вакцынавацца, каб быць здаровым. Пра важнасць вакцынацыі расказвае Казімір Русак

94

Вакцынавацца, каб быць здаровым. Пра важнасць вакцынацыі расказвае Казімір РусакПра важнасць вакцынацыі ўсё больш задумваюцца тыя, хто сам ці родныя пацярпелі ад гэтага захворвання. Нездарма і работнікі Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў амаль у поўным складзе зрабілі прышчэпкі. Да такога рашэння яны прыйшлі асэнсавана, хоць і не адразу. Аб гэтым гутарка з дырэктарам установы Казімірам Русаком:

— У першую хвалю COVID-інфекцыі найбольш пацярпела свірская зона. Хварэлі і работнікі нашай установы. Былі, на жаль, і ахвяры. Наступствы пандэміі, як мне здаецца, і дапамаглі многім прыняць узважлівае рашэнне на карысць вакцынацыі. На сёння з 98-мі нашых работнікаў не прышчэплены толькі тры, і то адзін з іх — па супрацьпаказаннях. Стапрацэнтна вакцынаваны кантынгент насельнікаў установы.

— Хто з работнікаў першы не пабаяўся зрабіць прышчэпку супраць каранавіруса?

— Піянерамі ў справе вакцынацыі ў доме-інтэрнаце сталі ўрач Ларыса Лукашэвіч, галоўны бухгалтар Людміла Мураўская, сястра-гаспадыня Аксана Андрэева і санітарка Жанна Яленская. Першую прышчэпку яны перанеслі без вялікіх праблем, а рабілі яе яшчэ ў сакавіку.

— А вы самі, Казімір Мечыслававіч, калі рашыліся на такі крок і чаму?

— Першую прышчэпку атрымаў 30 сакавіка. На шчасце, тады нават не адчуў, што гэта такое. Бо не было ніякіх пабочных сімптомаў. Нармальна перанёс і другую. Разам са мной прайшлі вакцынацыю яшчэ тры санітары. Асабіста мяне падштурхнуў хутчэй вызначыцца на карысць імунізацыі доктар Аляксандр Мяснікоў, які ў тэлеперадачы, што так і называецца — “Доктар Мяснікоў”, неяк сказаў: “Калі хто не хоча ўбачыць унукаў і праўнукаў — не прышчэплівайцеся!” На вакцынацыю пайшоў асэнсавана. На той момант ужо выдатна разумеў, што гэта адзіны заслон на шляху барацьбы з небяспечным захворваннем. Я працую ў калектыве, сустракаюся з роднымі, сябрамі, насельнікамі інтэрната, іншымі людзьмі. Каб засцерагчы сябе і іх ад інфекцыі, і прышчапіўся. Акрамя таго, палічыў, што сваім учынкам пакажу прыклад работнікам установы, якія, не зважаючы на тое, што разумелі цяжкасць хваробы, не асмельваліся на такі крок. Дарэчы, на той час прайшлі вакцынацыю яшчэ 75% пражываючых у нашым доме-інтэрнаце. Перанеслі яны прышчэпку нармальна, без наступстваў.

— А якой вакцынай вы прышчэпліваліся?

— Работнікі — расійскай “Спутнік V”, а пражываючыя — кітайскай вакцынай.

— Цяпер у вас прайшлі вакцынацыю амаль усе работнікі. Калі адважыліся астатнія?

— Асноўная маса работнікаў праходзіла вакцынацыю ў чэрвені-ліпені. Некаторыя пасля прышчэпак адчувалі лёгкае недамаганне, павышэнне тэмпературы. Але, дзякуй Богу, усё закончылася добра. Наколькі разумею, інакш і быць не магло! Цяпер усе задаволены. Калектыўны імунітэт у нас выпрацаваны. Можна бачыцца з роднымі, чакаць іх у госці. Жыццё ж працягваецца! Магчыма, прышчэпка поўнасцю і не абароніць нас ад пандэміі, бо мы не толькі на рабоце знаходзімся, але сустракаемся з іншымі людзьмі на вуліцы, у магазінах, іншых месцах, але тым не менш хварэць будзем лягчэй. А гэта таксама добра.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота з архіва рэдакцыі.