СУСТРЭЛАСЯ з Віктарам Тачыцкім напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Захацелася пагутарыць з чалавекам, за плячыма якога ваенныя выпрабаванні. Праўда, не ў Вялікую Айчынную, а ўжо ў мірны час. Калі ім, зусім маладым хлопцам, давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, іншых “гарачых” кропках: стаяць на заслоне тэрарызму, прадухіляць напады бандаў, абараняць простых людзей ад разгулу экстрэмізму.
Мэта нашага спаткання — не толькі ўспомніць мінулае, расказаць пра чалавека, які застаўся верным прысязе, але і яшчэ раз нагадаць моладзі пра важнасць воінскай службы. Бо абарона Айчыны была і застаецца свяшчэнным абавязкам кожнага сапраўднага мужчыны.
Віктар — карэнны жыхар Мядзельшчыны. Нарадзіўся і вырас у Брусах. Закончыў Вузлянскую васьмігодку і паступіў вучыцца ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1987 годзе закончыў гэту навучальную ўстанову па спецыяльнасці “агранамія”.
— Перад арміяй крышку працаваў у тагачасным калгасе імя Леніна памочнікам брыгадзіра, — расказвае Віктар Чаславіч. — І, вядома ж, з нецярпеннем чакаў павесткі на воінскую службу. Нават і ў думках юнакоў майго пакалення не было, каб ухіліцца ад прызыву.
— А калі вы сталі салдатам?
— У маі 1987-га. Прызвалі на службу ў пагранічныя войскі. Мяне адразу накіравалі ў Сярэднеазіяцкую пагранічную акругу, а дакладней — на паўгода ў сяржанцкую вучэбку. На той час яна была адзіная ў Савецкім Саюзе для пагранічных войск і артылерыі. За перыяд вучобы адначасова са званнем сяржанта атрымаў ваенную спецыяльнасць камандзіра гранатамёта СПГ-9М. Для далейшага праходжання службы быў накіраваны на вучэбны пункт у Маскоўскі пагранічны атрад, які размяшчаўся ў Таджыкістане. Там напачатку займаўся падрыхтоўкай навабранцаў. А ў сакавіку 1988 года разам з імі ў складзе мотаманеўранай групы патрапіў у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан.
— Дзе былі? Чым займаліся?
— Наш атрад у складзе 50-ці чалавек размяшчаўся ў Хауме за ракой Пяндж. У задачы ўваходзіла ўзмоцненая ахова граніцы з боку Афганістана і падтрыманне там парадку, прадухіленне пранікнення з гэтай дзяржавы душманскіх банд на тэрыторыю Савецкага Саюза, спыненне распаўсюджвання наркотыкаў праз мяжу і гэтак далей.
— Вайна ёсць вайна. Напэўна, неаднойчы і смерці ў твар глядзелі?
— Так, і самому давялося прымаць удзел у баявых дзеяннях, і маім падначаленым таксама. На жаль, многія загінулі на чужой афганскай зямлі. Шмат каго параніла… Мне, дзякуй Богу, пашчасціла ацалець і вярнуцца дадому. Не дзіўна, што яшчэ і сёння часта сніцца па начах Афганістан.
— Што яшчэ ўспамінаецца з Афгана?
— Калі папраўдзе, то многае. Прыгадваюцца твары хлопчыкаў, якія пайшлі з жыцця зусім маладымі… Камандзіры, якія былі для нас нібы бацькі. Яны спрабавалі нас, зялёных, зберагчы ад варожых куль. Ці не таму, што добра ведалі цану жыцця і самі разам з намі нярэдка знаходзіліся на валаску ад смерці?
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 13.02