Віктар Анкіп: Хочацца, каб унуку ваяваць не давялося

190

— Гэта быў восеньскі прызыў 1980 года. Непрацяглае знаходжанне ў каранціне на тэрыторыі Туркменскай ССР, прысяга — і ў Афганістан, — расказвае Віктар Анкіп і быццам пераносіцца ў рэаліі больш як 40-гадовай даўніны. — Іншым там было ўсё: клімат, культура, узаемаадносіны, адзенне. Краіна жыла па законах Сярэднявечча. Рэлігійны фанатызм там спалучаўся з верай у чараўніцтва, мула і вядзьмак мелі амаль аднолькавы аўтарытэт. Ну і вайна, гінулі людзі. У Мядзеле на машыне ў аўтабазе працаваў, а давялося стаць вадзіцелем БТРа. Але чалавек так ці інакш да ўсяго адаптуецца. Нават да небяспекі. Хіба толькі робіцца больш назіральны, уважлівы.

— Ці адбілася вайна на вашым светапоглядзе, характары?

— Не магу сказаць, што паверыў у Бога мацней. Рэлігія цікавіла пастаянна, чытаў шмат тэматычнай літаратуры. Заўсёды ведаў, што існуе сіла, непараўнальна больш разумная і магутная за чалавека — гэта відавочна. Але некаторыя моманты ўсё ж і цяпер бянтэжаць. Скажам, ці зусім правільна, што праваслаўныя і католікі святкуюць Нараджэнне Хрыста ў розныя дні? Што да характару… Не думаю, што ўдзел у баявых дзеяннях зрабіў мяне больш агрэсіўным. Агрэсія калі і здараецца, дык выплёскваецца выключна на паляванні.

— Раскажыце, як мясцовае насельніцтва ставілася да салдат Савецкай Арміі?

— Добра. Ва ўсім, вядома, была ўсходняя спецыфіка, але малыя дзеці па-руску гаварылі лепш за некаторых дарослых прадстаўнікоў неславянскіх нацыянальнасцей СССР. Нядаўна бачыў па тэлевізары: афганцы кажуць, што разам з рускімі добра было ваяваць, бо яны не здаюцца. Так што ўспаміны мы пакінулі неблагія.

— Даўно няма дзяржавы, у войску якой вы ваявалі. Што адчуваеце ў сувязі з гэтым?

— Шкадаванне. Была магутная краіна. Мелі ўсё сваё, у свеце нас паважалі. Высока цанілі савецкую тэхніку, тыя ж палякі з задавальненнем набывалі нашы тэлевізары. А потым мы паехалі да іх купляць джынсы… Крыўдна. І адносіны паміж людзьмі ў савецкі час былі лепшыя.

— Ведаю, што актыўна ўдзельнічаеце ў мерапрыемствах па лініі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане…

— Сапраўды, стараюся нічога не прапускаць. Сустрэчы са школьнікамі, патрыятычнае
выхаванне падрастаючага пакалення — гэта важна. Моладзь у нас нядрэнная, але трэба прызнаць, што часта лянівая і залішне даверлівая. Калі чалавек бачыць свет праз экран смартфона, яго лёгка падмануць.

Цікаўлюся сваім радаводам. Праз пакаленне мужчыны нашага роду ваявалі. Я — у Афганістане, дзядуля — у Вялікую Айчынную, прапрадзед — у Грамадзянскую… Унуку ўжо 15 год, блізіцца прызыўны ўзрост. І так хочацца, каб яму ваяваць не давялося…

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.