Уводзіцца адзіны элемент школьнай формы — што выбралі ўстановы адукацыі Мядзельшчыны

891

Патрабаванні да дрэс-коду вучняў у бягучым навучальным годзе змяніліся.
Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, школьная форма вучняў будзе ўкараняцца паэтапна. Ужо сёлета ў кожнай установе адукацыі з’явіцца адзіны элемент, які будзе адрозніваць яе вучняў. 

 

Уводзіцца адзіны элемент школьнай формы — што выбралі ўстановы адукацыі МядзельшчыныЯніна БЯРНЯК, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама:

— Сапраўды з гэтага навучальнага года ў кожнай установе адукацыі азёрнага краю ўво­дзіцца адзіны элемент школьнай формы. Якім яму быць, вырашалі калегіяльна — бацькі, дзеці, педагагічная грамадскасць. Сумеснымі намаганнямі 12 устаноў адукацыі раёна такім элементам выбралі значок, гімназія-інтэрнат г. Мядзела — бэйдж, Слабадская СШ імя Адама Гурыновіча — камізэльку бардовага колеру.

Некаторыя ўстановы адукацыі пайшлі ў гэтым пытанні далей. Напрыклад, Мядзельскі ВПК яслі-сад-сярэдняя школа і Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі аддалі перавагу ў школьным адзенні хлопчыкаў і дзяўчынак сіняму колеру. Гімназія-інтэрнат
г. Мядзела ў якасці дадатковай дэталі да дрэс-коду вучняў выбрала гальштук бардовага колеру, а Занарацкая СШ — гальштук сіняга колеру.

Увогуле ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама згодна з пазіцыяй Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наконт дзелавога стылю адзення. На самай справе школа — гэта афіцыйная ўстанова, што вызначае як знешні выгляд вучняў, адпавядаючы агульнапрынятым нормам, так і іх паводзіны.

Што датычыць дзелавога стылю, то гэта — строгі вытрыманы стыль адзення, прызначанага для наведвання заняткаў. Дарэчы, камплект адзення павінен быць шматфункцыянальным, гігіенічным, зручным і адпавядаць сучасным накірункам моды. Тады і насіць яго хлопчыкі і дзяўчынкі будуць з задавальненнем.

Падрыхтавала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.