Утрыманне дзяцей — абавязак бацькоў

178

Утрыманне дзяцей — абавязак бацькоўКОДЭКС Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і прадугледжвае, што кожнае дзіця ў нашай краіне мае права на асаблівы, пераважны і першачарговы клопат як з боку бацькоў, так і дзяржавы. Яна гарантуе абарону правоў дзіцяці як да, так і пасля нараджэння. Бацькі, выхоўваючы сыноў і дачок, абавязаны клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае, разумовае і духоўнае развіццё, далучаць да пасільнай працы і рыхтаваць да самастойнага жыцця. Кожнае дзіця, незалежна ад таго, пражывае разам з бацькамі ці асобна, мае права на такое матэрыяльнае забеспячэнне з боку сям’і і дзяржавы, якое неабходна для яго паўнацэннага фізічнага і разумовага развіцця, рэалізацыі прыродных схільнасцей і талентаў, атрымання адукацыі ў адпаведнасці з яго здольнасцямі з мэтай выхавання гарманічнай асобы і дастойнага члена грамадства. У выпадку, калі бацькі не прадастаўляюць утрыманне сваім непаўналетнім дзецям, сродкі для гэтага (аліменты) спаганяюцца з іх у судовым парадку. Для тых, хто ўхіляецца ад уплаты аліментаў ці ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне ўласных дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, могуць прымяняцца меры крымінальнай адказнасці. Так, за ўхіленне ад уплаты аліментаў больш 3-х месяцаў на працягу года, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх ці папраўчых работ тэрмінам да 2-х гадоў альбо арышту на тэрмін да 3-х месяцаў, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 3-х гадоў, ці пазбаўленне волі на тэрмін да 1 года.

Некаторыя бацькі ігнаруюць патрабаванні крымінальнага заканадаўства, не выконваюць свае абавязкі па ўтрыманні дзяцей. З пачатку бягучага года за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 174 Крымінальнага Кодэкса Беларусі, судом раёна асуджана 11 асоб, якім назначана рознага віду крымінальнае пакаранне. Больш таго, за паўторнае ўчыненне названага злачынства да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 3 асобы: Ніна Дарафееўна Чарняўская, 22.05.1959 г. н., жыхарка г. Мядзел; Дзмітрый Дзмітрыевіч Маліноўскі, 19.06.1974 г. н., жыхар в. Вузла; Андрэй Аркадзьевіч Жыгала, 19.06.1982 г. н., жыхар в. Болькава. Усім ім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам ад 1 да 1,6 года. Акрамя таго, да Н. Д. Чарняўскай судом прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння, якія выкарыстоўваюцца адносна асоб, пакутуючых ад хранічнага алкагалізму. Хочацца думаць, што ўсё гэта паслужыць урокам названым асобам і акажа станоўчы ўплыў на іх далейшыя паводзіны, дасць ім шанц стаць карыснымі членамі грамадства, вярнуць сваіх дзяцей і шчасліва дажыць да старасці.

І. МАЛАФЕЙ.

Намеснік пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.