“Усё павінна быць па закону!”

134

“Усё павінна быць па закону!”ЯК мы і анансавалі, у мінулую сераду прыём грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме правёў губернатар сталічнай вобласці Сямён Шапіра. Перад гэтым Сямён Барысавіч пазнаёміўся с актывам Мядзельшчыны. У ходзе адкрытай размовы адзначалася, што асноўнай прычынай невысокіх паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе раёна з’яўляюцца грубыя парушэнні тэхналагічных патрабаванняў, слабыя прафесійныя веды некаторых кіраўнікоў і спецыялістаў, што прыводзіць да вялікага недабору прадукцыі. Так, у гаспадарках дапускаецца мноства хібаў не толькі пры нарыхтоўцы кармоў, але і ў працэсе іх скормлівання, распрацоўкі збалансаваных рацыёнаў, у селекцыйнай рабоце. Дзе-нідзе нават падаіць кароў толкам не ўмеюць. Канечне, каб на тых жа фермах рабіць усё правільна, кадры на месцах павінны на зубок ведаць тэхналагічныя параметры, фізіялагічныя асаблівасці жывёлы, што адкрывае магчымасці па атрыманні ад грамадскага статка максімальнай колькасці прадукцыі. Таму і з’яўляецца актуальнай задача па эфектыўным навучанні спецыялістаў прагрэсіўнай, навукова абгрунтаванай сістэме работы. “Неабходна беражліва працаваць з кадрамі, падбіраць самых дастойных і таленавітых, навучаць і клапаціцца, а не толькі патрабаваць з іх. Тады, — падкрэсліў губернатар, — атрымаем і аддачу, я ў гэтым не сумняваюся”.

Што датычыцца эканамічнай дзейнасці наогул, то яна павінна прыносіць стабільны прыбытак. Мірыцца са стратнымі падраздзяленнямі, па меркаванні Сямёна Шапіры, нельга, бо гэта шлях у нікуды. Сёння вызначальнымі паказчыкамі працоўных калектываў той ці іншай вытворчасці з’яўляюцца ўзровень рэнтабельнасці, дастойная заработная плата людзей. У выйгрышы заўсёды застаецца той, хто ўмее гаспадарыць беражліва, эфектыўна і вынікова.

З пачаткам прыёму грамадзян аднымі з першых да Сямёна Барысавіча завіталі старшыня жыллёвага кааператыва “НарачБуд” Дзмітрый Кучко і бухгалтар Лілія Смірнова са скаргай на тое, што ў іх 165-кватэрным доме па вуліцы Кастрычніцкая ў курортным пасёлку маладзечанская фірма “Барыт” шмат дзе няякасна ўстанавіла вокны, балконныя дзверы. Таму ў непагадзь у пакоях свішча вецер, на вуліцу выдзьмухваецца цяпло. Губернатар Сямён Шапіра распарадзіўся ўхіліць гэты брак у рабоце будаўнікоў. Пэўныя меліярацыйныя работы будуць выкананы па просьбе Людмілы Малашонак на ўчастку каля яе дома па вуліцы Тэльмана ў райцэнтры. Аднак, пры адной умове — калі паклапоціцца і навядзе нарэшце належны парадак на сваім падворку. Дапамогуць Людміле Данатаўне і з набыццём кармоў для паўдзясятка кароў, якіх яна трымае ва ўласнай гаспадарцы, а малако здае дзяржаве.

З просьбамі наконт пракладкі водаправода да старшыні абласнога выканаўчага камітэта звярнуліся Марыя Лісоў¬ская, якая жыве ў Мядзеле па завулку Садовы і Наталля Субач з аграгарадка Нарач. Сітуацыя, у прынцыпе, вядомая. У былыя гады пасля праве¬дзеных меліярацыйных работ нямала дзе ў калодзежах прапала вада. Яе недахоп адчуваецца і цяпер. Губернатар даручыў зняць гэту праблему. “Работу трэба выканаць, забяспечыць людзей вадой да верасня наступнага года”, — паставіў задачу Сямён Шапіра, звяртаючыся да старшыні райвыканкама Ільі Шацько. Пры гэтым Сямён Барысавіч адзначыў, што калі ўсё зрабіць па-гаспадарску, то можна ўкласціся ў прыймальную суму. Тым больш, што і з абласнога бюджэту на пракладку водаправода па вуліцах Міру, Лугавая, Пастаўская і некаторых іншых у аграгарадку Нарач губернатар паабяцаў выдзеліць адзін мільярд рублёў.

Варта адзначыць і тое, што не ўсе наведвальнікі засталіся задаволенымі пасля таго, як пабывалі на прыёме ў губернатара. Наша дзяржава, мясцовая ўлада падтрымлівалі і надалей будуць ісці насустрач людзям, маючым патрэбу ў дапамозе. Аднак знаходзяцца і такія, хто прэтэндуе на яе без усялякіх падстаў, некаторыя проста не хочуць працаваць. У той жа час спрабуюць “выбіць” жыллё ці нейкую льготу. Зразумелая справа, такім у надуманай просьбе адмаўляюць. І не выпадкова ў ходзе прыёму Сямён Шапіра заўважыў: “Усё павінна быць па закону!”. Падагульняючы пытанні, ўзнятыя ў той дзень людзьмі, губернатар у гутарцы з журналістамі адзначыў, што праблемы насельніцтва ў розных рэгіёнах падобныя. Іншая справа — вынікі працы. Яны могуць моцна адрознівацца, хаця ў нашай краіне створаны аднолькавыя для ўсіх эканамічныя і заканадаўчыя ўмовы. Асноўная прычына пярэстасці бачыцца ва ўзроўні кампетэнтнасці кадраў. Таму мясцовай уладзе і неабходна дапамагаць ім працаваць творча і плённа ў справе далейшага ўмацавання эканомікі суб’ектаў гаспадарання, вырашэння задач сучаснасці. Губернатар Сямён Шапіра таксама пабываў у ААТ “Мядзелаграсэрвіс”, пазнаёміўся з курортным пасёлкам Нарач, ходам ажыццяўлення інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве этнакультурнага турыстычнага агракомплексу ў вёсцы Наносы ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны.

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: прыём насельніцтва вядзе старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. Справа — старшыня райвыканкама Ілья Шацько.

Фота Георгія Прысмакова.