Нядаўна дэмабілізаваліся з радоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Алег Ігаравіч Салянік са Свіры і Уладзімір Іосіфавіч Апіцёнак з Княгініна. Першы з іх служыў вадзіцелем у зенітна-ракетных войсках, другі — у падраздзяленні аховы. Абодва добрым словам успамінаюць армейскія будні і называюць службу ва Узброеных Сілах выдатнай школай мужнасці і вынослівасці. Больш таго, раяць прайсці яе ўсім маладым людзям. А каб лягчэй пераносіць першапачатковыя цяжкасці і нязручнасці, выкліканыя пераменай абставін, прапануюць юнакам загадзя рыхтаваць сябе да выканання воінскага абавязку. І, найперш, актыўней займацца спортам, весці здаровы лад жыцця. Уладзімір, напрыклад, яшчэ з удзячнасцю ўспамінаў камандзіра роты лейтэнанта Станіслава Аляксандравіча Данчанку, хлопцаў, з якімі давялося служыць. Ён зазначыў, што са сваімі сябрамі-землякамі, з якімі яго лёс звёў у арміі, — Аляксандрам Сіськевічам са Старых Габ і Валерыем Ермалаевым з
г. п. Крывічы — будзе падтрымліваць сувязі і пасля службы.
Уладзімір Апіцёнак быў у войску намеснікам камандзіра ўзвода, вярнуўся дадому сяржантам, а таму хоча ўладкавацца на працу ў Дэпартамент службы аховы, каб атрыманыя ў арміі веды, вопыт прымяняць у сваёй паўсядзённай працы і на грамадзянцы. А вось Алег Салянік марыць быць вадзіцелем. Хочацца пажадаць хлопцам поспехаў і ўдачы. Каб яны сапраўды знайшлі сваё месца ў імклівай віхуры жыцця.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Уладзімір Апіцёнак і Алег Салянік.
Фота Таццяны Несцярэнка.