Уладзіслаў Драгун: служба навучыла адказнасці

208

УРАЖАННІ ад спаткання і размовы з сяржантам Уладзіславам Драгуном — самыя прыемныя. Юнак нясе службу ў якасці начальніка радыёстанцыі Р-142М у артылерыйскіх войсках у Асіповічах. Незадоўга да свята прыехаў у бацькоўскі дом у чарговы адпачынак.

Уладзіслаў родам з вёскі Буйкі Занарацкага сельсавета. Адразу вучыўся ў Сырмежскай школе, а пасля ў Старлыгскай. Спецыяльнасць машыніста халадзільных установак набыў у дзяржаўным механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжы ў Мінску.
У армію прызываўся 26 кастрычніка 2021 года ваенным камісарыятам раёна. Праз два месяцы вайсковыя будні для юнака закончацца. Вось і пацікавілася:

— Што запомнілася з армейскага жыцця?

— Толькі добрае. Усім прызыўнікам адразу было складана прывыкаць да жыцця па распарадку, пачынаючы ад пад’ёму да адбою. У арміі куды хочаш не пойдзеш. Там на першым месцы — дысцыпліна. Але з часам усё нарма­лізавалася. Дзякуючы ўважлівым, талковым камандзірам мы, навабранцы, хутка адаптаваліся на новага жыцця. Дапамагалі і старэйшыя хлопцы: падтрымлівалі, падказвалі… Цяпер і самі прыходзім на выручку маладому папаўненню.

— А ці ўспамінаецца прысяга?

— Так. Тады я быў у вучэбцы ў Печах. Там і давалі клятву на вернасць беларускай дзяржаве і нашаму народу. Прысяга — гэта вельмі ўрачысты і шчымлівы момант. І запомніўся ён, упэўнены, не толькі мне. На прысягу прыязджалі матуля, сястра з мужам, брат… Вельмі быў рад спатканню з імі. На самай справе прыемна, што родныя падзялілі са мной такую адметную падзею. Пасля вучэбкі мяне накіравалі служыць у Асіповічы. Служба праходзіць роўна, спакойна, без мітусні. Кожны дзень падобны на папярэдні. Шмат увагі надаецца баявой, ідэалагічнай падрыхтоўцы. Жывём у казармах, дзе створаны выдатныя ўмовы. Задавальняе харчаванне. Ёсць усё неабходнае для заняткаў спортам, культурнага адпачынку, мастацкай самадзейнасці.

— Што параіш будучым абаронцам Айчыны?

— Толькі адно: арміі не трэба баяцца. Быць абаронцам Айчыны на самай справе вельмі важна. Толькі да службы трэба загадзя рыхтавацца: удзяляць увагу фізічнай культуры, весці здаровы лад жыцця…

— Шчыра віншую цябе з надыходзячым Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Жадаю поспехаў, здароўя, удачы, мірнага неба над галавой. І каб усе твае мары і задумкі збыліся.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 22.02