Удзельніца «Поезда Памяці» з Дзербічаў: мы не маем права забываць аб героях Вялікай Айчыннай вайны

23

Маладое пакаленне не мае права забываць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны. Такой думкай у размове з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася старшакласніца з Дзербічаў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Дзіяна Гірыловіч, якая ў хуткім часе адправіцца ў гістарычнае падарожжа на «Поездзе Памяці».

Дзіяна прызналася: калі ёй прапанавалі стаць удзельніцай, згадзілася імгненна. «І бязмерна рада магчымасці ўбачыць так шмат новага. Уважліва вывучыла маршрут. Усе пункты знакавыя, з багатай гісторыяй», — расказала яна.

Школьніца падзялілася, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ёй вельмі цікавая. «Без слёз немагчыма чытаць, слухаць пра лёс Хатыні. Як і няпроста ўсведамляць, што такі ж лёс напаткаў яшчэ многія і многія беларускія вёскі. Мы не маем права забываць аб гэтых і іншых трагедыях, страшных старонках і героях Вялікай Айчыннай вайны», — пераканана старшакласніца.

«2022-гі аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Мы ўсе павінны памятаць, берагчы і перадаваць усю праўду новым пакаленням», — лічыць яна.

Дзіяна Гірыловіч удзельнічае ў лідарскім руху рэгіёна. Яна намеснік старшыні раённага савета старшакласнікаў «Лідар», удзельнік абласнога анлайн-марафону «Ступені росту», прызёр раённага конкурсу лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання «Лідар года» ў 2020 і 2021 гадах. «Дзякуючы лідарскаму руху даведваюся пра шмат новага. Гэта заўсёды добры вопыт, а таксама выдатная магчымасць рэалізаваць свае ідэі», — адзначыла школьніца.

Так, Дзіяну цікавіць тэма экалогіі. І адной з яе прапаноў было высадзіць дрэвы каля школы. Ініцыятыву актыўна падтрымалі ва ўстанове.

Яшчэ адзін праект школьніцы звязаны з утылізацыяй элементаў сілкавання. «Батарэйкі з пультаў, гадзіннікаў, іншых прыбораў і механізмаў, калі няправільна ўтылізаваць, наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю. Мы расказвалі ў Дзербічах, у тым ліку і бабулям, дзядулям, пра тое, як правільна трэба пазбаўляцца ад батарэек, якія адслужылі свой тэрмін. Пазнавальныя, тлумачальныя сустрэчы праводзілі і па ўтылізацыі пластыкавых бутэлек», — прывяла прыклады праектаў дзяўчына.

Аднак сваю будучыню Дзіяна плануе звязаць не з экалогіяй, а з прафесіяй выхавальніка. «Гэта такая душэўная прафесія! Плюс я вельмі люблю дзяцей», — аргументавала выбар школьніца. Яна ўпэўнена, што на прафесійным шляху спатрэбіцца і яе сённяшняе захапленне рукадзеллем: «Умею вышываць крыжыкам, вязаць, майстраваць розныя дробныя вырабы. Цяпер вучуся швейнай справе».

Дзіяна разам яшчэ з дзвюма дзяўчынкамі — Веранікай і Ленай — выхоўваецца ў прыёмнай сям’і Любові Здольнікавай і Аляксандра Аляксеенкі. «Галоўнае ў сям’і — любоў, давер, разуменне, — падзялілася думкай Любоў Здольнікава. — Калі дзяўчынкі вяртаюцца са школы, яшчэ з парога пачынаюць расказваць аб тым, як прайшоў дзень, якія навіны. Гавораць наперабой. Дзеляцца ўсім, і гэта добра. Я магу ім даверыцца, і яны мне».

Навіна аб тым, што Дзіяна стане ўдзельніцай маштабнага праекта «Поезд Памяці», у сям’і сустрэлі з радасцю і гонарам. «Яна ўбачыць шмат цікавых месцаў. Вядома ж, гэта і новыя сябры, яркія эмоцыі і ўражанні», — падкрэсліла Любоў Здольнікава.

Праект «Поезд Памяці» ініцыяваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі — старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка. Удзельнікамі патрыятычнага праекта стануць 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў, па 100 ад кожнай краіны, якія наведаюць гарады дзвюх краін. 22 чэрвеня «Поезд Памяці» адправіцца ў дарогу з Брэста і фінішуе 3 ліпеня ў Мінску. Праект прысвечаны Году гістарычнай памяці і стане часткай IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.