У «Зубраняці» прайшоў міжнародны маладзёжны форум «Сяброўства без межаў»

288

У другі раз нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» сабраў моладзь з краін СНД — на днях тут праходзіў міжнародны форум «Сяброўства без межаў». Прынялі ўдзел у ім дэлегацыі з васьмі кра­ін: Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Малдовы, Таджыкістана і, зразумела, Беларусі. Гэта былі лідэры маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, арганізатары і ўдзель­нікі розных акцый і мерапры­емстваў…

— У першую чаргу, форум створаны для таго, каб людзі з розных краін змаглі ўбачыць адзін аднаго, паказаць сябе, — расказвае метадыст «Зубраняці» Кацярына Гаўрыловіч. — Ён павінен дапамагчы знішчыць між­культурныя бар’еры, каб людзі нават праз межы маглі працягнуць руку сяброўства адзін аднаму.

Дні, праведзеныя на Мядзельшчыне, былі напоўнены для юнакоў і дзяўчат адметнымі падзеямі.

— Лічу, што самым запамінальным мерапрыемствам стала сустрэча з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым, — працягвае Кацярына Гаўрыловіч.- Адбылася яна не ў зусім звычайнай форме: ля вогнішча, у сяброў­скім коле абмеркавалі пытанні адукацыі, маладзёжнай палітыкі. Яшчэ праводзіліся цікавыя заняткі ў «Школе лідэра» з удзелам гасцей з рэспублікан­скага інстытута вышэйшай школы, упраўлення па справах моладзі, сацыяльнай маладзёжнай службы, грамадскіх аб’яднанняў. Адбываліся іншыя мера­прыемствы. Думаю, што госці Беларусі адгукнуцца з цеплынёй пра экскурсіі, падчас якіх яны палюбаваліся культурнымі і гістарычнымі славутасцямі нашай краіны.

А каб моладзь магла больш даведацца пра іншыя дзяржавы, удзельнікі форуму наладжвалі прэзентацыі сваіх краін. Рабілі яны гэта самымі разнастайнымі спосабамі — з дапамогай філь­маў, песень, танцаў, майстар-класаў, гульняў, казак, расказаў пра славутасці дзяржаў.

Застаецца дадаць, што прайшоў форум пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.