У зацікаўленым адказе за правапарадак

189

Саветы грамадскага пункта аховы парадку створаны пры ўсіх сельскіх і Свірскім пасялковым Саветах. Зроблена гэта для таго, каб аб’яднаць намаганні мясцовай улады, добраахвотных дружын, камісій па барацьбе з п’янствам, па справах непаўналетніх, дэпутатаў, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх фарміраванняў, грамадзян у рабоце па прафілактыцы злачыннасці і правапарушэнняў, своечасовым выяўленні сем’яў, дзе злоўжываюць спіртным, а дзеці пакінуты на волю лёсу, іншых негатыўных момантаў. Прапануем гутарку пра дзейнасць савета грамад­скага пункта аховы парадку, існуючага пры Княгінінскім сельскім выканаўчым камітэце, з кіраўніком справамі ўстановы В. С. ГАЛКО:

— Савет грамадскага пункта аховы парадку створаны для таго, каб забяспечыць удзел мясцовай улады, грамадскасці, працоўных  калектываў арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, грамадскіх фарміраванняў у вырашэнні пытанняў аховы парадку, прафілактыкі злачыннасці і правапарушэнняў, актывізацыі работы з неблагана­дзейнымі сем’ямі. Прычым не разрознена, а сумеснымі намаганнямі. А таму каардынатарам дзейнасці ў адзначаным накірунку выступае сельскі выканаўчы камітэт.

— Савет грамадскага пункта аховы парадку, напэўна, будуе сваю работу, грунтуючыся на існуючых нарматыўных дакументах, у тым ліку на Законе Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года № 453-З «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў»?

— Так. Але, акрамя названага дакумента, мы яшчэ кіруемся і іншымі. І найперш Законамі Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2003 года  № 214-З «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» і ад 31 мая 2003 года № 200-З «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях», а таксама Палажэннем грамадскага пункта аховы парадку Княгінінскага сельвыканкама, зацверджанага пратаколам №1 на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы парадку ад 5 студзеня 2011 года.

— Напэўна, і пункт аховы парадку ў вас абсталяваны?

— Так. Раз пункт аховы парадку прызначаны для аказання дапамогі праваахоўным органам, то там створаны ўсе ўмовы для работы ўчастковага інспектара, службовых асоб іншых суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў. Памяшканне абсталявана неабходнай мэбляй, устаноўлена тэлефонная сувязь, камп’ютар. Ёсць у наяўнасці неабходныя інструктыўна-метадычныя дапаможнікі, нарматыўныя дакументы.

— Вольга Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра дзейнасць савета грамадскага пункта аховы парадку?

— Кола работы савета на самай справе шматграннае. У плане — рэйды, розныя мерапрыемствы выхаваўчай накіраванасці. У тым ліку ў навучальных установах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Пастаянна ў месцах масавых збораў людзей сумесна з членамі добраахвотнай дружыны праводзяцца рэйды па ахове грамадскага парадку. Вялікае значэнне надаецца прапагандзе прававых ведаў сярод насельніцтва, выяўленню асоб, схільных да супраць­праўных дзеянняў, а таксама да тых, якія вядуць амаральны лад жыцця, злоў­жываюць спіртнымі напіткамі, не займаюцца выхаваннем дзяцей. Дарэчы, з такімі грамадзянамі праводзяцца не толькі гутаркі, але і аказваецца дапамога ў працаўладкаванні, накіраванні на лячэнне ад алкагалізму. На асоб, патрабуючых да сябе выхаваўча-прафілактычнай работы, заведзены банк даных, які перыядычна папаўняецца. Пытанні аховы правапарадку, работы добраахвотнай дружыны, камісій па барацьбе з п’янствам і па справах непаўналетніх разглядаюцца на пасяджэннях савета грамадскага пунк­та аховы парадку, у тым ліку з запрашэннем сем’яў, якія патрабуюць да сябе павышанай увагі з боку ўлады, працоўных калектываў, грамадскасці. У мінулым годзе было праведзена 5 пасяджэнняў савета.

— Якія яшчэ мерапрыемствы ў плане работы савета грамадскага пункта аховы парадку?

— Нядаўна на базе Княгінінскай сярэдняй школы правялі з вучнямі 9-11 класаў «круглы стол». Аднак перад тым, як пачаць яго работу, па тэме «Я — стваральнік свайго жыцця» працавала з юнакамі і дзяўчатамі псіхолаг Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна Юр’еўна Лукашонак. Супрацоўнікі міліцыі паказалі школьнікам відэа­фільм «У канцы тунэля», прысвечаны праблемам алкагалізацыі насельніцтва, які быў пасля абмеркаваны. Аналагічнае спатканне работнікаў праваахоўных органаў і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося і са старшакласнікамі Выгалавіцкай базавай школы. Закончылася мерапрыемства пася­джэннем савета грамадскага пункта аховы парадку, на якое запрасілі неблаганадзейныя сем’і, якія пражываюць на тэрыторыі Княгінін­скага сельсавета. А прайшло яно на базе Княгінінскай сярэдняй школы.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.