У Свіры гарэла трава. Чым небяспечныя вясеннія палы

146

НЯГЛЕДЗЯЧЫ на тое, што вясна яшчэ цалкам не ўступіла ў свае правы, на тэрыторыі рэспублікі ўжо фіксуецца значная колькасць пажараў, звязаных з загараннем травы і хмызнякоў. Наш раён таксама не выключэнне: па стане на 14 сакавіка зарэгістраваны 3 выезды на тушэнне сухой расліннасці. Адзін з іх 13 сакавіка — у гарадскім пасёлку Свір.

Апоўдні выратавальнікам Мядзельшчыны паступіла паведамленне пра тое, што ў Свіры гарыць трава, агонь набліжаецца да хаты і гаспадарчых пабудоў (на здымку).

— Прыехаў раніцай з Мінску на свой дачны ўчастак і вырашыў спаліць смецце. Але не падумаў, што вакол усё сухое, ды і пра наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння не паклапаціўся. Агонь вельмі хутка ахапіў увесь участак. Я ніколі такога не бачыў, — дзяліўся эмоцыямі малады мужчына. — Мы не спраўляліся збіваць полымя. Было вельмі страшна. Яшчэ крыху — і пайшлі б гарэць суседскія ўчасткі. Добра, што пажарныя хутка прыехалі. Самае каштоўнае збераглі: дамы, гаспадарчыя пабудовы, ды і што тут казаць, нашы жыцці. Я раней чуў, да чаго прыводзіць такая бестурботнасць, але думаў, што са мной нічога падобнага не адбудзецца. Трэба вучыцца на чужых памылках, а не на сваіх. Гэты ўрок я добра засвоіў. Больш ніколі так не зраблю.

У Свіры гарэла трава. Чым небяспечныя вясеннія палы

На жаль, часта, калі наводзім парадак, мы забываем пра бяспечнасць. Да таго ж «звышініцыятыўнасць» грамадзян разам з няведаннем, а нярэдка і простым нежаданнем выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі, прыносіць свой «плён»: паводле афіцыйнай статыстыкі ў гэты перыяд істотна пачашчаюцца выпадкі пажараў ад выпальвання сухой расліннасці і смецця, гараць дамы і гаспадарчыя пабудовы, і, што самае страшнае, гінуць і атрымліваюць траўмы людзі.

12 сакавіка 2022 года ў 16 гадзін 28 хвілін у службу выратавання Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці паступіла паведамленне пра загаранне сухой расліннасці ў вёсцы Міхедавічы. Калі выратавальнікі прыбылі да месца выкліку, было ўстаноўлена, што адбываецца адкрытае гарэнне сухой расліннасці на прысядзібным участку. У 16 гадзін 55 хвілін пры правядзенні разведкі на тэрыторыі, дзе быў пажар, знойдзена моцна абгарэлае цела пенсіянеркі 1935 года нараджэння.

Паважаныя грамадзяне, памятайце: дапускаецца разводзіць вогнішча на прысядзібным участку (у тым ліку і для спальвання смецця) пры выкананні простых умоў бяспекі. Па-першае, падрыхтуйце месца для развядзення агню: выкапайце невялікае паглыбленне ў глебе, абкладзіце яго камянямі, цэглай або пяском. Паклапаціцеся пра тое, каб побач з вогнішчам знаходзіліся першасныя (падручныя) сродкі тушэння пажару — вада, рыдлёўка, пясок, вогнетушыцель. Абавязкова ўлічвайце ўмовы надвор я — выбірайце, канечне, бязветранае. Ні ў якім разе не пакідайце вогнішча без нагляду і не даручайце ажыццяўляць кантроль за ім дзецям. І яшчэ адзін важны момант: не выкарыстоўвайце для распальвання агню лёгкаўзгаральныя вадкасці. Раскладаць вогнішча дазволена на такой адлегласці, якая гарантуе, што полымя (іскры) не трапяць на будынкі, сцірты саломы і не стануць прычынай пажару. І, канечне, не забывайце пра “фінальны этап”: патушыце вогнішча, разварушыце вуголле і дайце яму прагарэць, а потым заліце вадой і прыкапайце.

Пры гэтым нагадваю, што выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях ЗАБАРОНЕНА!

Паважаныя грамадзяне, памятайце: прычына пажару — людская нядбайнасць і бестурботнасць.

Юрый ВАШКІНЭЛЬ,
начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.