ШТО можа хваляваць больш за марш Мендэльсона, які гучыць у дзень стварэння тваёй сям’і? Толькі марш Мендэльсона, пад які шлюб бярэ тваё дзіця!
Але хваляванне гэта прыемнае, а трывогі радасныя. Светлай дабрынёй свяціліся вочы тат і матуль маладых, калі ў гэту суботу ў мядзельскім загсе ўрачыста рэгістравалі шлюб грамадзянін Расійскай Федэрацыі Віталій Мікалаевіч Дзьяканаў і грамадзянка Рэспублікі Беларусь Эльвіра Валер’еўна Пісарчык. Эльвіра — жыхарка аграгарадка Нарач, а Віталій родам з Іванаўскай вобласці, працуе на Беларускай АЭС.
Віншаванні, пажаданні і падарункі з нагоды стварэння сям’і прымалі шчаслівыя маладыя. А паколькі рэгістрацыя шлюбу праходзіла падчас Тыдня маці, начальнік аддзела загс Галіна Калмук адрасавала найлепшыя пажаданні і ўручыла падарункі ад райвыканкама матулям Віталія і Эльвіры.
…А непасрэдна ў Дзень маці, 14 кастрычніка, урачыста рэгістравалі шлюб Павел Пякарскі і Ганна Асвяцімская. Іх матулі таксама атрымалі падарункі ад райвыканкама.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.