У імя жыцця на зямлі (са святкавання 9 мая)

189

p5090303

Колькі б не прайшло зімаў і вёснаў з таго пераможнага мая 1945-га, гэта свята было і застанецца самым радасным і дарагім. Мы ніколі не забудзем тых, хто да канца застаўся верным прысязе і воінскаму абавязку, хто прынёс мір і спакой на нашу зямлю.

Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі прайшлі па ўсёй краіне. Адзначала гэту велічную дату і сінявокая Мядзельшчына. 9 Мая роўна ў 10 гадзін пазыўныя абвясцілі пра пачатак свята. Застылі ў страі воіны-інтэрнацыяналісты, афіцэры запасу і ў адстаўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў з кветкамі  і вянкамі. Ганаровае месца занялі прэзідыум і ветэраны. Вядучы Аляксандр Цыгельнікаў вершаванымі радкамі вітае прысутных з нагоды Дня Перамогі. Гучаць словы ўдзячнасці ў адрас герояў мінулых баёў за прадастаўленую ўсім цудоўную магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у міралю­бівай, свабоднай і незалежнай краіне, не чуючы свісту куль, разрываў бомбаў і снарадаў, не ведаючы жахаў вайны.

Пад маршавую музыку на плошчу ўносяцца баявыя сцягі фарміраванняў, якія вызвалялі Мядзельшчыну ад фашыстаў,  — 306-ай Чырванасцяжнай Рыпшаўскай стралковай дывізіі, 1-га Чырванасцяжнага стралковага корпуса і 357-ай Чырванасцяжнай, ордэна Суворава стралковай дывізіі 43-яй арміі, а таксама  штандарты першага, другога, трэцяга Беларускага і першага Прыбалтыйскага франтоў, намаганнямі якіх была вызвалена Беларусь ад захопнікаў. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб’яўляецца адкрытым. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Для віншавання да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Даніленка:

— Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, жыхары і госці Мядзельшчыны! Сёння беларускі народ, як і сотні мільёнаў людзей на ўсёй планеце, ад­значае дарагое сэрцу свята — Дзень Вялікай Перамогі, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Для нас 9 Мая —  асаблівая гіс­тарычная дата. У гэты дзень мы з удзячнасцю ўспамінаем ратны і працоўны подзвіг старэйшых пакаленняў, ветэранаў і ўдзельнікаў самай працяглай і крова­пралітнай вайны. З гадамі ўсё больш відавочным становіцца гістарычнае значэнне вызваленчага подзвігу беларускага і ўсяго савецкага народа. Дзесяцігод­дзі міру ў Еўропе, свабода і незалежнасць многіх краін — усё гэта аплачана крывёй бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і невядомых герояў. На акупіраванай тэрыторыі сотні тысяч мірных грамадзян сталі на абарону Айчыны. Толькі на Мя­дзельшчыне дзейнічала пяць партызанскіх брыгад, у радах якіх ваявалі такія вядомыя людзі як Пётр Міронавіч Машэраў, Фёдар Рыгоравіч Маркаў, Алег Сяргеевіч Бычок, Ганна Іванаўна Маслоўская, Аляксандр Сямёнавіч Азончык. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў тыле ворага, усе яны ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. p5090313Свабода і незалежнасць Радзімы бы­лі заваяваны цаной незаменных страт. Кожны трэ­ці жыхар рэспуб­лікі аддаў сваё жыццё ў імя шчасця і свабоды тых, хто жыве сёння. За час нямецкай акупацыі фашысты расстралялі і спалілі 3846 жыхароў Мядзельшчыны. Больш за 3000 чалавек сталі вязнямі канцлагераў і гета. 1195 нашых землякоў не вярнуліся з палёў бітваў. Мы нізка схіляем галовы перад подзвігам усіх, хто загінуў за выратаванне нашай Айчыны.

Паважаныя ветэраны! Ваша жыццё з’яўляецца яркім прыкладам самаахвярнай любові, адданасці і вернасці Радзіме, узорам для пераймання падрастаючаму пакаленню. Выказваем вам словы шчырай падзякі за мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў барацьбе за мір і шчасце. Сёння мы ўшаноўваем нашых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прадоўжылі слаўную баявую гісторыю салдат Перамогі і дастойна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Мы віншуем прысутных тут афіцэраў запасу і ў адстаўцы, якія ў цяперашні час захоўваюць і прымнажаюць традыцыі афіцэрскага братэрства.

p5090341Адметна, што напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі мы адзначаем Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Гэтыя дзяржаўныя сімвалы аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты ў лёсе Айчыны — ад нацыянальных святаў да спартыўных перамог. Яны ўзгадваюць, што Беларусь — гэта ўсе мы разам!

Паважаныя сябры! Шчыра віншую вас са святам Вялікай Перамогі і Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь! Жадаю ўсім здароўя, шчасця, міру, дабра, поспехаў у працы ў імя росквіту сінявокай Мядзельшчыны!

У знак удзячнасці і павагі ўдзельнікам вайны дзеці ўручаюць кветкі. Слова прадастаўляецца старшыні раённага савета ветэранаў М. Г. Гардону. Міхаіл Гершэнавіч павіншаваў прысутных з 66-ай гадавінай Вялікай Перамогі. Пажадаў здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой, а самае галоўнае — каб больш ніхто і ніколі не зведаў жахаў вайны. Выступае першы сакратар райкама ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»
Г. М. Красоўская. Галіна Міхайлаўна віншуе прысутных з Днём Перамогі. Пры гэтым адзначае, што моладзь ведае пра вайну. Прычым не толькі з кніг і кінафільмаў, але і дзякуючы жывым сведкам тых далёкіх падзей. У сэрцах сённяшніх юнакоў і дзяўчат жыве памяць пра подзвіг, здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўдзячнасць героям, якія прынеслі мір, адстаялі свабоду і незалежнасць Айчыны.

Пасля мітынгу кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў накіроўваюцца да брацкай магілы, дзе пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні Мядзела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уздоўж вуліц 17 верасня і часткі Юбілейнай удзельнікаў шэсця вітаюць школьнікі горада. У іх руках — сцяжкі, рознакаляровыя шары, кветкі. Ля брацкай магілы слова бярэ ваенны камісар раёна А. Л. Радкевіч. Алег Леанідавіч гаворыць: «Сёння мы сабраліся тут, на святым месцы воінскай славы, каб аддаць даніну глыбокай павагі подзвігу савецкіх салдат і партызан, якія загінулі на нашай зямлі…». Аб’яўляецца хвіліна маўчання. Да помніка смуткуючай маці прадстаўнікі працоўных калектываў ускладваюць вянкі і жывыя кветкі.

Затым усе накіроўваюцца ў амфітэатр, дзе адбылася канцэртная праграма. Падчас яе прагучала нямала шчырых слоў у адрас мужных абаронцаў Айчыны: і тых, хто прынёс на алтар Перамогі самае дарагое — сваё жыццё альбо з-за падарванага на вайне здароўя рана пайшоў з гэтай зямлі, і тых, хто і сёння знахо­дзіцца з намі побач, з’яўляючыся ва ўсім добрым прыкладам для пераймання. У канцэрце прынялі ўдзел Пётр Аміраў, Ларыса Рабянок, Валерыя Фанарук, Людміла Мінь­коўская, Валянціна Мандрык, Ірына Селязнёва, Таццяна Хрол. Шмат прыемных хвілін прынеслі гледачам сваім выступленнем клуб аматараў песні «Верасень» пад кіраўніцтвам нашай зямлячкі лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэлы Івановай, народны ансамбль эстраднай песні «Правінцыя», народны вакальны ансамбль «Натхненне», вакальны ансамбль «Квецень», малодшая і старэйшая дзіцячыя вакальныя групы «Дамісолька». Як і звычайна, упрыгожаннем праграмы сталі нумары з удзелам навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Шмат авацый дасталося дуэтам у складзе Каці і Алены Уладзіміраўны Ардынец, Фрыды і Валянціны Васільеўны Савіцкіх. Парадавалі сваім выступленнем група «Канфеці», танцавальны калектыў гэтай навучальнай установы. З роляй вядучых удала справіліся Юлія Грышкевіч і Ганна Казакевіч. Закончыўся канцэрт выхадам усіх удзель­нікаў святочнай праграмы, якія напрыканцы мерапрыемства пад словы песні «Белая Русь» выпусцілі ў неба рознакаляровыя шары.

Засталося дадаць, што падчас прадстаўлення на плошчы імя Леніна працавалі гандлёвыя рады. Можна было паласавацца шашлыкамі, гарачымі блінамі,  піцай, кандытарскімі вырабамі, а яшчэ пакаштаваць салдацкай кашы. Была арганізавана таксама бяспройгрышная латарэя. Для дзяцей праводзіліся гульнёва-забаўляльныя конкурсы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Таццяны Несцярэнка.