У ідэолагаў клопатаў багата

139

У ідэолагаў клопатаў багатаПАЗАЎЧОРА, напярэдадні адзінага дня інфармавання насельніцтва, у райвыканкаме адбылася нарада ідэалагічнага актыву Мядзельшчыны. Напачатку з ідэолагамі азёрнага краю сустрэўся старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Шацько. Ілья Іванавіч падкрэсліў, што насельніцтва старэе. Практычна ў кожнай галіне не хапае кадраў, у той час калі работы там — непачаты край. Вось і ставіцца задача настройваць усіх і, найперш, моладзь на пазітыўны лад. Прымаць усе намаганні для таго, каб юнакі і дзяўчаты вярталіся пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў на радзіму, заставаліся тут. На думку кіраўніка раёна, неабходна, каб людзі не толькі заўважалі перамены навокал, але і ведалі, што яны адбываюцца дзякуючы мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыцы. Прама на вачах мяняе аблічча г. Мядзел, к. п. Нарач, многія населеныя пункты. У райцэнтры ўзведзены сучасны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, вядуцца работы па будаўніцтву гасцініцы, жылля, па падрыхтоўцы праектнай дакументацыі на новы Дом культуры. У Мядзельскай СШ №1 адкрыты спартыўны клас. Набыты трэнажоры ў спартзалы ў г. п. Крывічы, Свір і ў аг. Княгінін з тым, каб не толькі дзеці, але і моладзь, дарослыя маглі займацца спортам. Па словах кіраўніка раёна, вялікая ўвага павінна ўдзяляцца падрастаючаму пакаленню — будучаму краіны. Менавіта з сённяшніх школьнікаў трэба вырасціць людзей адукаваных, культурных, якія б ганарыліся родным краем і дзяржавай, у якой жывуць. Закрануў старшыня райвыканкама і важнасць выхаваўчай работы на прадпрыемствах і ва ўстановах. Па яго меркаванні, неабходна ведаць сітуацыю ў калектывах, валодаць ёю, умець “здымаць” злабадзённыя пытанні, а гэта якраз і ёсць задача ідэолагаў.

Затым былі разгледжаны пытанні, вынесеныя на адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У прыватнасці, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама В. Д. Дубяга падрабязна расказала аб ходзе выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях”. Валянціна Дзмітрыеўна адзначыла, што ў раёне 100% абавязаных асоб працаўладкавана. Праводзіцца пэўная работа па спагнанні з іх расходаў на ўтрыманне дзяцей. “Выкананне пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.03.2012 года № 218 “Аб зацвярджэнні Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012-2016 гады” — тэма выступлення галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. К. Яцыны. Алена Канстанцінаўна даволі падрабязна акрэсліла ўзнятую праблему, спынілася на рабоце, якая праводзіцца ў адзначаным накірунку, назвала задачы, на якія неабходна звярнуць увагу ў бліжэйшы час. Вопытам работы ў працоўным калектыве па аказанні абавязаным асобам медыка-сацыяльнай дапамогі падзялілася намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце УП “Мядзельская ЖКГ” Т. У. Роўда. На арганізацыі падпіскі на перыядычныя выданні на IV квартал бягучага года спынілася намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі І. Л. Масевіч.

Падвяла вынікі нарады І. І. Барыева. Іна Іванаўна, у прыватнасці, падкрэсліла актуальнасць пытанняў, вынесеных на абмеркаванне. На яе думку, нельга быць абыякавымі да сем’яў, дзе дзецям удзяляецца неналежная ўвага. Трэба працаваць з такімі бацькамі, падтрымліваць іх, дапамагаць. А яшчэ і вучыць іх любіць сваіх сыноў і дачок усім сэрцам, быць ім апорай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.