Творцы зiхатлiвай прыгажосцi

318

d181d0bed0b1d0b0d0bbd18cУ апошняе дзесяцігоддзе на Міншчыне народнае мастацтва разьбы па дрэве паспяхова развіваецца. У раёнах ёсць таленавітыя майстры, якія перанялі навыкі і сакрэты ад бацькоў і дзядоў. У сваю чар­гу вопытныя творцы навучаюць гэтай справе дзяцей і падлеткаў у гуртках і студыях пры клубных установах, дамах рамёстваў.Сёння ў Мінскай вобласці працуе каля 350 разьбяроў па дрэве, дзейнічае больш 30 гурткоў у 13 раёнах. Цэлая дынастыя «багаробаў» была ў вёсцы Слабада нашага раёна.

Мэблю для кас­цёла Узнясення Найсвяцейшай Дзе­вы Марыі ў Будславе майстраваў Антон Пакольскі з вёс­кі Палавікі. А Рыгор Якубовіч з Пруд­­нікаў зрабіў разь­бяную алтарную перагародку для Троіцкай царквы ў г. п. Крывічы. Там жа, у Крывічах, прайшло ўсё жыццё вядомага на Беларусі майстра разьбы па дрэве
Л. У. Шостака (1922-1993). За сваю творчасць Лявон Уладзіміравіч быў адзна­чаны бронзавым медалём ВДНГ БССР.

Узоры самабытнай архітэктурнай разьбы можна пабачыць  сёння ў хаце Генадзя Казлова з вёскі Задубенне. Аздабленне яго жылля — прапіловачныя карункі на ліштвах акон, дзвярах, ашалёўцы, вуглах, франтонах, ганках.

Мастацкай прыгажосцю вылучаецца ў вёсцы Нарач хата Алеся Галяка — выдатнага майстра ў чацвёртым пакаленні. Вядома і проз­вішча разьбяра Антона Альшэўскага з Будслава. Талент майстра занатаваны ў скульп­туры Маці Боскай у мясцовым касцёле. Добра быў вядомы ў Крывічах разьбяр Пётр Забіяка. З нарыхтовак, якія знаходзіў у лесе, ён ствараў міфічных герояў і сучасныя персанажы. Значная колькасць работ майстра лясной скульптуры Івана Крывенькага з вёскі Нагаўкі захоўваецца ў фондах Мя­дзельскага музея Народнай славы. Патомным разьбяром па дрэве з’яўляецца і дырэктар Крывіцкага раённага цэнтра  народных рамёстваў Р. Б.  Шаша. Раман Браніслававіч вучыўся рамяству ў бацькі, а таксама мастака Л. У. Шостака.

Пры Крывіцкім цэнтры працуюць разнастайныя гурткі па апрацоўцы драўні­ны: выямчатай і геаметрычнай разьбы пад кіраўніцтвам маладога майстра Паўла Собаля, лясной і аб’ёмнай скульптуры (кіраўнік Генадзь Скурко), хата-майстэрня Юрыя Чэчуры, хата-майстэрня кавальства і дэкаратыўнай апрацоўкі  дрэва Яўгена Клуса. Яўген Аляк­сее­віч — сапраўдны каваль, валодае сакрэтамі сталярства і лозапляцення. Сапраўды плённа працуе сямейная дынастыя майстроў тачэння па дрэве: Анатоль Фёдаравіч і Юрый Анатольевіч Чэчуры. Уражвае таксама  барэльефная разьба Уладзі­міра Хіхіча — члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Яго работы экспануюцца ў ЗША, Фінляндыі, Літве, Латвіі.

На працягу чвэрці стагоддзя займаецца разьбой па дрэве Юрый Камандзірчык з Нарачы. Яго работы ўпрыгожваюць нашы здраўніцы, тэрыторыю Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Вабяць во­ка вырабы і аматара разь­бы па дрэве з Мядзела Аляк­санд­ра Хвалько. Спецыяліст са шматгадовым стажам Аляксандр Ждан — кіраўнік адпаведнага гуртка пры До­ме дзіцячай творчасці. Ён з’яўляўся лаўрэатам у намінацыі «За высокае майстэрства і мастацкі густ».

У апошні час у практыку работы ўстаноў культуры ўвайшло правядзенне  разнастайных святаў-конкурсаў  народнай творчасці. У 1998 годзе ўпершыню ў Капылі адбылося  абласное свята «Дрэва жыцця», у праграму якога ўваходзіў і конкурс разьбяроў Міншчыны пад назвай «Разьбы зачараванне». Традыцыя замацавалася. У 2001 годзе ў Беразіно прайшло наступнае свята, на якое было запрошана каля 30 майстроў з 15 раёнаў Мінскай вобласці.

А 27 чэрвеня 2007 года разьбяры па дрэве з 8 раёнаў Міншчыны сабраліся ў Мядзеле на IV рэгіянальнае свята «Разьбы зачараванне». Адметнасць яго ў тым, што актыўны ўдзел у конкурсе прыняло маладое пакаленне. Так, з 34 удзельнікаў 17 — дзеці і падлеткі. Журы ацэньвала мастацкі ўзровень вырабаў па некалькіх намінацыях. Лаўрэатамі сталі вядомыя майстры з Бярэзіншчыны і Любаншчыны, Стаўбцоўшчыны і Вілейшчыны, а таксама прадстаўнікі нашага сінявокага краю.

Жыве і актыўна развіваецца ў сталічнай вобласці самабытнае драўлянае разь­бярства. І яскравае сведчанне таму — чарговае, пятае па ліку, рэгіянальнае свята-конкурс «Разьбы зачараванне», якое адбудзецца 22 мая ў г. Мядзел. Шчыра вітаем яго ўдзельнікаў, жадаем ім поспехаў і новых творчых знаходак!

Т. КАРДЗЕЁНАК.

Метадыст РАМЦа