Ці праўда, што гінекалагічнае аддзяленне закрываюць? І як будуць аказваць дапамогу?

1171

«Это конечно все очень хорошо, но почему бы вам не написать про то, что в Мядельском районе скоро не будет отделения гинекологии? Что его закроют, а женщины либо не лечитесь как хотите, либо езжайте лежать в Вилейку или Молодечно. А ещё про то, что врачи гинекологи ,к которым ездили лечится с разных районов, практикующие хирурги уходят и у женщин которых привозят по скорой просто не остаётся шансов на жизнь…»

Такі вось каментарый у Інстаграме атрымалі на фотарэпартаж з узнагароджання медыцынскіх работнікаў. Пракаментаваць сітуацыю папра­сілі галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Марыну Субач.

— Мы праводзім аптымізацыю ложкавага фонду і гінекалагічнае аддзяленне сапраўды закрываем, — пацвердзіла Марына Канстанцінаўна. — Але на базе акушэрскага аддзялення адкрываем 10 ложкаў для пацыентак з гінекалагічнымі хваробамі.

Пацыенткам не трэба ехаць у іншыя гарады: неабходнае лячэнне яны па-ранейшаму змогуць атрымаць у Мядзеле, толькі на базе акушэрскага аддзялення. У пэўнай ступені гэта нават зручней: у адным будынку знаходзяцца аперацыйная, рэанімацыйнае аддзяленне. Не давядзецца пасля аперацыі па вуліцы везці жанчын у іншы будынак.

Для абнаўлення акушэрскага ад­дзялення трэба правесці рамонтныя работы. Таму на месяц мы яго закрываем, а з 5 сакавіка яно запрацуе па-новаму: на 10 акушэрскіх ложкаў і 10 гінекалагічных. Толькі тады закрыем гінекалагічнае аддзяленне. Усе яго работнікі будуць працаўладкаваны. У будынак, дзе яно пакуль мес­ціцца, плануем перанесці аддзяленне дзённага знаходжання (так званы дзённы стацыянар). У час рамонту акушэрскага аддзялення пацыенткі будуць накіроўвацца ў радзільны дом горада Маладзечна, а калі маюцца нейкія ўскладненні — у Клінічны ра­дзільны дом Мінскай вобласці.

Што датычыцца сыходу ўрачоў, “к которым ездили лечиться из разных районов”… Мядзельская цэнтральная раённая бальніца аказвае медыцынскую дапамогу ў першую чаргу жыхарам свайго раёна і фінансуецца зыхо­дзячы з гэтага. Вядома, калі патрэбна экстранная або неадкладная дапамога, мы не адмаўляем нікому. І сёння ў нас дастаткова спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Таму хвалявацца не варта: медыцынская дапамога пацыенткам гінекалагічнага профілю будзе па-ранейшаму аказвацца ў ПОЎНЫМ АБ’ЁМЕ.